top of page

Ірына Варабей

- Беларусы, вас чакаюць кнігі!

ці Сьмех праз боль

"Гараватка" чытаць онлайн

"Гараватка" спампаваць

                                             

...Наша знаёмства пачалося з таго, што ён даверліва, як старому сябру, расказаў адну гісторыю з часоў сваёй маладосьці: удзельнічаў у нейкай дэманстрацыі; толькі памкнуўся быў зьдзейсьніць палітычны подзьвіг, як на яго, бач, напусьцілі конную паліцыю. “...Слухай, а ты ведаеш, як на кані атакуюць?” – “Ага, ведаю. Задам!” – “Го, да ты ўсё ведаеш! ...Але, скажу табе, ніхто ня можа зладзіць з конскім азадкам!”

​

Потым было яшчэ шмат аповедаў зь ягонага складанага, супярэчлівага жыцьця, поўнага і трагічных, і камічных падзей. А таксама неардынарных учынкаў, што зрабілі яго адметна вядомым, але далёка не ў літаратурных асяродзях.

​

Напэўна, праз гэтыя подзьвігі яго як лідэра “штурмавой брыгады” канадыйскіх студэнтаў, якая граміла на палітычных дэманстрыцыях левых ды камуністаў, ведала таронтаўская паліцыя, уключыўшы ў свой “чорны сьпіс”. А ў такі ж цёмны сьпіс, але ўжо славутых заакіянскіх “ворганаў” ён трапіў, калі са сваёй брыгадай наладзіў ветлівую сустрэчу Ансамблю песьні і танцаў Чырвонай Арміі: “Мы рады приветствовать вас на благославенной канадской земле! И мы ненавидим коммунистический режим так же, как ненавидите его вы!” ( “Ты ж ведаеш, палова зь іх – “левыя”: “спартоўцы” вось з такімі пузамі – кэдэбэшнікі!”)

​

Гэты “цёмны шыбенік, што бадзяўся па задворках “вольнага сьвету” * заслужыў званьне “ганаровага агента” ЦРУ, калі наладзіў асьветніцкую імпрэзу для наведвальнікаў беларускага дня на Манрэальскай сусьветнай выставе “EXPO-67”: з воклічам “Сьмерць крамлёўскім забойцам! Свабоду беларускаму народу!” шпурнуў у натоўп пачак улётак, у якіх тлумачылася, што існуе ў Канадзе “Згуртаваньне беларусаў Канады” і яно змагаецца за незалежнасьць Беларусі. (Па дарозе ў суд ён нястомна працягваў адукацыйную місію, супакоіўшы свайго бялявага канваіра, што ягонае незразумелае прозвішча Kozel азначае на мове ягоных продкаў прадстаўніка менавіта мужчынскага полу ўсімі любімай жывёлы.)

​

...Цяпер яму 78. Ён мудры, але не стары. Ён паспакайнеў, але ўсё такі ж безжурботны і дасьціпны, а часам і зьедлівы. Усё яшчэ поўны цікаўнасьці да ўсяго, што робіцца ў сьвеце, і жаданьня працаваць.

​

А подзьвігам сталася ўсё ягонае жыцьцё.

​

...Ён пакінуў сваю радзіму ў 1944 г., каб пазьбегнуць савецкіх рэпрэсіяў: да гэтага часу ён уступіў у Беларускую Краёвую Абарону, што змагалася за незалежнасьць Беларусі. Потым далучыўся да 2-га польскага Корпусу Брытанскай Арміі. З гэтай жа прычыны ён зьмяніў сваё імя Аляксандар Качан на Кастусь Акула. (У польскай афіцэрскай школе у Англіі пра яго – адзінага беларуса – палякі перасьцерагалі: “Не чапайце Акулы: бо ён укусіць!”– бо гэты рослы, магутны дзяцюк мог абараніць свой нацыянальны гонар ня толькі вялізнымі кулакамі, але й вострым языком!)

​

Эміграцыя ў Канаду не была асаблівым выбарам. Сярод цэлай хвалі паваенных перасяленцаў Канада прыняла й тысячы беларусаў. Канада дала ім спакойны, надзейны прытулак, а галоўнае, тое, чаго ня мелі мы на радзіме – магчымасьць захоўваць сваю нацыянальную свабоду. Тут Акула стаў ініцыятарам стварэньня Згуртаваньня Беларусаў Канады і аднаўленьня Беларускай Аўтакефальнай Царквы на выгнаньні, а таксама арганізаваў беларускі друк. Гэтае пакаленьне беларускай эміграцыі ўсе намаганьні свае прыклала да таго, каб тут, у вольным сьвеце, нас прызналі як адметную нацыю і як паняволеную нацыю асабліва.

​

Акула турбаваў ня толькі паліцыю. Ён шмат супрацоўнічаў з канадыйскімі і таронтаўскімі выданьнямі. Сябры ўраду памятаюць яго таксама: “Акула ваш трымаецца яшчэ? Як ён там?”

​

Для мяне так і засталося загадкай – таямнічай і захапляльнай! – як ён пасьпяваў працаваць на фабрыцы, даглядаць сям’ю, выпускаць газэты, выконваць абавязкі старшыні ЗБК і яшчэ пісаць кнігі?! А лёс ягоны ня быў простым: жонка цяжка хварэла. Хварэлі і дзеці (выхавала іх спадарства Акулаў чацьвёра). Сын Алесь памёр 20-гадовым.

​

Ён выдаваў свае кнігі за свой кошт і ніколі ня меў зь іх прыбытку. Злыя языкі жартавалі, што Акула сам піша кнігі, сам іх выдае і сам чытае. Але ён заўсёды гаварыў: “Я не пішу за грошы”. А цяпер ён дапамагае іншым: дасылае грошы на Беларусь для падтрымкі маладых пісьменьнікаў, незалежных выданьняў і іншых грамадзкіх ініцыятываў. Сьв. пам. В.Быкаў у тэлефоннай размове з канадыйчкай дасьледчыцай сваёй творчасьці З.Гімпелевіч аднойчы запытаўся: “Ці ёсьць там у Акулы што паесьці ў хаце: ён жа ўсе свае грошы раздае!”

​

А кнігі Кастуся Акулы яшчэ чакаюць сваіх чытачоў. І сапраўдная, заслужаная вядомасьць і любоў суайчыньнікаў яшчэ прыйдуць да яго. Раман “Змагарныя дарогі” ўжо знайшоў сваю дарогу на радзіму і адразу, у 1995 г., ня гледзячы на разгубленыя пратэсты “сьвежаагульнанароднавыбранага”, атрымаў Нацыянальнаю прэмію. Пасьля таго шлях, зразумела, закрыўся ізноў...

​

Я сваё знаёмства з творамі Акулы пачала з “Гараваткі” – рамана у трох кнігах: “Дзярлівая птушка”, “Закрываўленае сонца” і “Беларусы, вас чакае зямля!”

​

...Недзе на поўначы Беларусі (адкуль родам сам аўтар), каля адметнага вялізнага сугра (ці кургана) Гараваткі, сярод лясоў, у лагчыне ўтульна разьмесьцілася ціхая вёсачка Літоўцы. Жыве там сабе пад Богам і сонцам мірны, працавіты народ. І ўсё б нічога, але “пашчасьціла” менавіта тут пралегчы вялікаму гасьцінцу, што сабраў у сябе ўсе шляхі з усходу на захад і назварот. А таму так ужо лёсам склалася: переканаўся за стагодзьдзі “літоўскі люд, што як калі дзе гістарычны вецер і разьдзьмухае вялікую буру, дык ня мінуць ёй іхнае краіны і Літоўцаў”. Каго толькі і чаго не насіла па гэтых шляхах! І ўсё збольшага шчодрых “вызваліцеляў” усіх родаў і масьцей. Помнілі тут людзі яшчэ “Напалеонаўскіх пранцузаў”, а зусім нядаўна толькі “памірылі” яны ў гараватчыных нетрах тых, што іншага месца сабе ва ўсім сьвеце былі не знайшлі, як ускараскацца во на Гараватку, каб за грудкі тут ўзяцца й хойдацца між сабой – адны за “гаймат”, другія “за веру, цара і ацечаства”.

​

Разам са старым, як легенда, магутным волатам-дубам Архіпам, што стагодзьдзямі азірае навакольле са сьпіны Гараваткі, мы станем сьведкамі жыцьця вёскі Літоўцы на працягу трох канкрэтна азначаных гісторыяй і кнігамі пэрыядаў. У “Дзярлівай птушцы” – пад уладай Польшчы; потым “дзярлівую (драпежную) птушку” зьменяць “закрываўленыя” серп і молат; а далей тое чырвонае “сонца вызваленьня” саступіць месца чарговым “вызвольнікам зь непераможнага Райху”, што будуць шчыра надзяляць беларусаў беларускай зямлёю – кожнаму, колькі хто захоча! – ну вось хоць бы і метр на тры...

​

Нам прапануецца паглядзець на падзеі гэтага бурнага, супярэчлівага і яшчэ не да канца асэнсаванага пэрыяду нашай гісторыі не праз старонкі савецкай хронікі, а вачамі літоўскіх сялян. І галоўная каштоўнасьць рамана ў тым, што аніводны эпізод, ніводзін пэрсанаж у рамане не прыдуманыя аўтарам (зьмененыя толькі імёны; а некаторыя героі жывуць там і па гэтую пару). Хаця сам Кастусь не хацеў бы, каб раман лічылі проста аўтабіяграфічным творам. Не, цымус ня ў гэтым!

​

А справа ў тым, што ты паступова заўважыш, што і ўсе гэтыя гісторыі, сьмешныя і сумныя, і чалавечыя лёсы, перакручаныя ў гістарычнай мясарэзцы разам зь лёсм краіны (як той казаў “наўмысна не прыдумаеш” – ды й ня трэба!) нейкім чынам не чужыя табе. Ты ўспомніш, што гэткія ж развагі і думкі ты чуў ад сваіх бацькоў і дзядоў. Чуў, але тады не зрабіў апошніх некалькіх крокаў да той, іншай праўды, але толькі сёньня пагаджаешся, што “вызвольнікі” бяруцца ў двукосьсе, а “партызаны” замяняюцца на “бальшавіцкія банды” нездарма. А ў сымптомах “чужой моднай хваробы” пазнаеш сьветлыя ідэі самага правільнага ў сьвеце вучэньня... І ты ўбычыш жыцьцё якім яно і было – праўдзівым. Гэтай праўдзе можна верыць – бо занатоўвалася яна, хранікавалася чалавекам, якому не было патрэбы азірацца ні на дырэктывы “руководящей и направляющей”, ні на статуты якіх бы там ні было “творческих союзов”.

​

Той, хто цікавіцца новым паглядам на падзеі даваеннага і ваеннага часу ў Беларусі, але засынае на сур’ёзных гістарычных артыкулах – чытайце Акулу! Голас ягоны, што вы пачуеце са старонак кнігі, часам вясёлы да сарказму, часам горкі да болю; мова ягоная такая калярытная, якую цяпер, можа, толькі на вёсцы ад якога зухаватага дзеда-барадзеда і пачуеш, – сумаваць вам не дадуць!

​

...А што ж Гараватка? Дык там легенда пра яе ёсьць. А як жа ў нашым краі безь легенды! Звалі князя Гаравік... Але далей я расказываць ня буду – Кастусь ужо зрабіў гэта лепш за мяне – чытайце.

​

Чытайце – нарагочацеся, наплачацеся... а заадно спазнаеце тае праўды, што перахоўвала тут нашая “старая эміграцыя”.

​

​

Калі б я прачытала гэтыя кнігі ў 70-х гадах – я б, сапраўды, падумала, што іх напісаў агент ЦРУ. Калі б я прачытала іх у сярэдзіне 80-х – яны б былі для мяне поўным адкрыцьцём. Але я чытаю іх толькі цяпер... Цяпер гэта – мудрасьць. І прыклад.

​

...Ат, можа, ці не раз пашкадавала, што ня ведала яго маладым, у тыя ягоныя зухаватыя гады, калі пісалася “Гараватка”. Але ж я тады яшчэ толькі вастрыла свой язык аб соску ў калысцы: Кастусь дакладна равесьнік майго бацькі. Але бацькі майго ўжо даўно ў мяне няма. А ёсьць тут, у Канадзе, добры й мудры дзядзька Кастусь. І я вучуся ў яго.

​

Я вучуся ў яго цярплівасьці і аптымізму. Я вучуся берагчы нашую Веру ў адраджэньне і незалежнасьць, як храніў яе і змагаўся за яе праз гады і гады выгнаньня ён.

​

Ён вучыць мяне: “Аддзялі свой розум ад сэрца. Усе чалавечыя беды ўзьнікаюць ад страху і панікі, што зьяўляюцца ў ягоным сэрцы. Я ведаю, гэта ня так проста. Я сам вучуся гэтага праз усё жыцьцё. ...Я ведаю, тваё сэрца поўнае гора; гэта ня можа быць інакш. Зрабі гэта – тваё сэрца і твой розум вартыя таго. Ты мусіш.”

​

Ён гаворыць: “Творчасьць нараджаецца ад болю”. І я згодная зь ім: гэта так і ёсьць для нас цяпер. Але спадзяюся, што ў будучым будзе па-іншаму.

...”Слухай, а ты ведаеш, што дапамагае нам так упарта трымацца ў гэтым сьвеце і выжываць?” – “Але, ведаю!” – “Ага, ты ўсё ведаеш! ...То так, гэта Гумар!”

Гэта так. Я веру яму. Я адчуваю боль з кожнай старонкі ягонай кнігі, таму што кожная зь іх прымушае мяне сьмяяцца.​​

​

-------------------------------------

*Цытата ўзятая з кнігі фельетонаў аб беларускай эміграцыі: В.Мацкевіч., Выкапні., Мінск., 1973, с.52.

Гэты эпітэт змайстраваны аўтарам менавіта для К.Акулы.

​

​​Ірына Варабей

Таронта, 2003

   Ірына Варабей

   Таронта, 2003 г.

Беларусы, вас чакаюць кнігі!

ці Сьмех праз боль

​

         Назва вабіла, распаляла цікаўнасьць. Гараватка – гэта што ж такое? Мянушка (на ўспамін прыходзіў “гаўрош”)? Ці назва зброі? Ці, можа, яшчэ якое невядомае мне слоўца – ці мала я іх ужо тут пачула й прачытала ў кнігах “старое эміграцыі”? ..А гербавая “кірпатая” птушка, празваная аўтарам “дзярлівай”, упхнуўшы крылы ў бакі, хітра касавурылася на мяне з вокладкі кнігі, дражніла мянушкай: “дзярлівая” нагадвала расейскае “драчливая”.

​

         …Напэўна, упершыню ў маім жыцьці сталася так, што я спачатку пазнаёмілася з чалавекам, а потым зь ягонымі кнігамі. Дый ці многа ў сваім жыцьці я сустракала іх, пісьменьнікаў? Трэба ж было прыехаць у Канаду, уключыцца ў жыцьцё ЗБК, каб пасябраваць тут з добрым і разумным, вясёлым і шчырым, але й вострым на язык чалавекам, якім аказаўся выдатны (але недастаткова вядомы пакуль на радзіме!) беларускі пісьменьнік Кастусь Акула.

​

​

​

Кастусь Акула

(Tomorrow Is Yesterday)

раман

"Гараватка" чытаць онлайн

"Гараватка" спампаваць

bottom of page