Ад перакладчыка
Жыў-быў на сьвеце чалавек.
Але не... спачатку пра краіну.
Жыла-была на сьвеце краіна.
Нічога сабе такая краіна, ня горшая за іншыя. Усяго было ў ёй уволю: і паесьці хапала, і апрануцца, і гарады ды вёскі ладком так збудаваныя. Адна толькі дзіўнаватасьць была ў краіны: ня ведала яна вайны. ...Як-як? Ну, не было. Вось жа й такое на сьвеце бывае. І што казаць, бо жыла ж тая краіна дзесь за морам-акіянам, дый апошні мушкет гадоў шчэ так са дзьвесьце таму там і стрэліў — на гэтым і ўсё. Ня ведалася, не варажылася жыхарам тае краіны, у кашмарных снах ня бачылася, як прыходзіць у твой дом злыбяда, пускае з дымам хату тваю, змардоўвае дзетак, адбірае апошні здабытак... Усе гэткія страхалюдзтвы, калі й здараліся на сьвеце, то ўсё недзе так далёка — там, за акіянам.
Сумна-ніякавата стала жыхарам краіны: няма што ўспомніць... унукам расказаць... казачку якую страшную нанач... каб за душу брала. Асабліва пісьменьнікам пакута: жывога матэрыялу не хапае.
Але й то не бяды — сталі думаць-выдумляць, жарсьці сабе фантазіраваць: дзеля забавы, бач. Жанр новы прыдумалі: «тррыльлер» называецца — гэта на іхнай мове, калі аж да дррыжжыкаў! І пайшлі-паплылі з бачынак кніг дый кінаэкранаў усялякія пачвары, монстры, вампіры — народ палохаць-забаўляць.
А вось тут і той чалавек.
Пачытаў-пагартаў ён тыя кніжкі, паглядзеў гэныя фільмы, і стала яму неяк маркотна: «І чаго гэта вам, людцы добрыя, дык добра не жывецца? Скуль жа ў галовах вашых фантазіі такія буйныя?» Бо што сказаць... быў жа ж той чалавек там не тамтэйшы, а зь іншай краіны прыехаўшы. Ажно з тае краіны, што без усялякіх табе фантазіяў таптаная была ператаптаная ботамі чужнікаў-монстраў, крованьку чыю стагодзьдзямі пілі прышлыя вампіры-«вызваліцелі». На свае вочы пабачыў той чалавек, як у хату тваю ўвальваюцца двуногія пачвары...
Вось так сумна-крыўдна яму зрабілася...
І вырашыў ён таксама напісаць. Ага. Чаму ж не: у пакутах фантазіі курчыцца ня трэба — усе сюжэты ўжо гатовыя з роднага краю ёсьць.
І ня тое каб яму хацелася славы. А толькі карцела яму зьвярнуць увагу ўсяго сьвету: калі ўжо хочацца вам чытаць жудасьцікі-жахіскі, не шукайце вы ў галовах сваіх хваравітай фантазіі — а зазірнеце лепей у краіну Беларусь а першай палове 40-х, дзе скурчвала, наматвала на сьпіралю пекла сапраўдныя людзкія жыцьці Вайна.
От такая забава там была...
Што ж, узяў напісаў. Напісаў на мове таго народу, сярод якога й прыйшлося хавацца ад тых кашмараў.
Трэба сказаць, што, напэўна, стаў пачынальнікам новага жанру, хаця сам пра гэта й ня думаў. Бо жанр той пачаў набіраць сілу гадоў са дваццаць пасьля, назву займеў — «чарнуха». Праўда, у вадрозьненьне ад сучаснай тутэйшай «чарнухі» раман Кастуся Акулы «Заўтра ёсьць учора» на парадак вышэйшага духоўнага гатунку: ні аўтар, ні ягоная гераіня, што прайшла праз усе пакуты пекла, не губляюць веры ў Бога. І хаця — а можа, і таму што, — прыняўшы на сваё цела й душу іспыты й катаваньні, бяруць на сябе права спрачацца зь Ім па пытаньнях помсты, усё ж не пакідаюць у сябе веры ў Ягоную справядлівасьць.
Засталося толькі дадаць, што раман Кастуся Акулы «Tomorrow Is Yesterday» стаў у Канадзе лепшым бэстсэлерам 1968 году.
Ірына Варабей
Таронта, 2007 г.
Маім суайчыньнікам
у няволі,
што зноў
паўстануць.
Кастусь Акула