Знайдзі заўтра ў сваім учора
Вітаўт Мартыненка
Kastuś Akula "Tomorrow is yesterday" (novel), Toronto-New York, "Pahonia", 1968.
Кастусь Акула "Заўтра ёсць учора" (раман), Менск, "Мэдысонт", 2008.
40 гадоў таму лепшым кніжным бэстсэлерам 1968 году ў Канадзе быў прызнаны трылер "Tomorrow Is Yesterday", вокладку якога ўпрыгожвала яўна не анґла-саксонскае імя - Kastusś Akula. Для шэраговых канадыйцаў гэта была новая пэрсона ў літаратуры, а вось беларусы, раскіданыя па ўсім сьвеце, цудоўна ведалі пісьменніка як аўтара неверагоднага па сваёй аб'ектыўнасьці баталістычнага раману "Змагарныя дарогі", маштабнай трылёґіі "Гараватка", якую вядомая пісьменьніца Вольга Іпатава дараўнала да клясычнай мележаўскай "Палескай хронікі". Посьпехам карысталіся й пазьнейшыя кнігі беларускамоўнага аўтара - "За волю", "Усякая ўсячына", некаторыя зь іх ня раз перавыдаваліся й на Радзіме ("Змагарныя дарогі" ў 1994 і 2005), а вось анґельскамоўны экспэрымэнт беларускага канадыйца для многіх увесь гэты час быў недаступным на Радзіме. Менавіта з-за мовы. І вось ён выйшаў нарэшце й на беларускай мове ў сталічным выдавецтве "Мэдысонт" у перакладзе Ірыны Варабей, стаўшы 15-й кнігай папулярнай сэрыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны".
Прызнацца, я асабіста быў сьведкам некалькіх спробаў вяртаньня гэтага твору ў кантэкст беларускай літаратуры: Юрасю Мурашку, напрыклад, папросту не хапіла элемэнтарнага перакладчыцкага досьведу, Валадар Бараніч ня здолеў правільна асэнсаваць кантэкст Акулаўскіх двухмоўных алюзыяў, а кагосьці выбілі з тропу звычайныя мэркантыльныя зацікаўленьні. Ды слушна сказана: што ні робіцца - усё да лепшага. Бо Ірына Варабей, якую ў Канаду выпхнулі ў 90-я гады чарнобыльскія праблемы (яна родам з Гомельшчыны), менавіта там, жывучы поруч з Кастусём Акулам, авалодала творчымі здольнасьцямі, цудоўна стала пісаць і па-беларуску, і па-анґельску (ейная кніга "Там, дзе сэрца маё" была шостай у "Бібліятэцы Бацькаўшчыны"), дасканала асэнсавала адметнасьці стылю Кастуся Акулы. Настолькі дасканала, што мне, чытачу, часам здаецца, што спадар Кастусь, незадоўга перад сваёй сьмерцю ў студзені 2008 г., яшчэ пасьпеў вычытаць пэўныя старонкі перакладу.
Скажу шчыра, што акурат мне, якому раманы Кастуся Акулы вядомыя з студэнцкіх гадоў, чытаючы Ірынін пераклад, мімаволі забываліся лінґвістычныя пэрыпэтыі гэтага твору. Перада мной быў рэальны Акулаўскі тэкст, у якім захаваўся нават адметны Акулаўскі лексыкон. Асабліва мяне ўражвала калісьці слова "гэтта", сэнс якога аднаго разу тлумачыў мне сам спадар Кастусь падчас нашых сустрэчаў у Менску або Таронта, але цяпер, праз анґельскі адпаведнік, удалося выявіць і поўнае абґрунтаваньне: гэта аказваецца зусім ня "this", як многім тут здавалася, а звычайная ўводная зваротка: "Гэтта ж нехта нешта сказаў..." ("There was something someone said", стар. 108). "Бэрґдорф?! Гэтта ж аднойчы ён вярнуўся з апэрацыі на партызан" (стар. 103).
Але й падставаў для зьдзіўленьня Ірына Варабей падкінула чытачу таксама. На старонцы 100, напрыклад, чытаем: "Чэснае слова, не паверыш!". Нават шэраговы чытач падумаў бы, што ў аўтара было "Word of honor" ("Слова гонару, не паверыш", што больш па-беларуску), але й ён памыліцца, абмяжоўваючы глыбіню лексічнага запасу аўтара, бо ў анґельскім арыґінале фраза выглядае яшчэ больш строма: "Cross my heart, you won't believe it", г.зн. "Чуе маё сэрца, ты не паверыш гэтаму".
Тонкі стыліст Кастусь Акула не дапусціў бы й такой фразы: "...Гэта тая самая жанчына, якая зараз ляжыць на ейным ложку" (стар. 105).
Я ніколі не забуду Акулаву навуку падчас гасьцяваньня гадоў 15 таму ў Менску: "Чаму вы ўсе тут бязбожна блытаеце два зусім розныя словы: цяпер і зараз. Ня ведаеш, у чым розьніца? Ну вось цяпер мы стаім, а зараз пойдзем".
Каб зразумець гэта кардынальна, варта раскласьці слова "зараз" па марфэмах: "за раз". Пасьля таго, як прагучыць "раз". Папросту, гэта цяперашні стан з памкненьнеам у будучыню, тады як "цяпер" - звыклы цяперашні стан. Акула пільна захоўваў першакрынічны сэнс словаў роднай мовы, таму жанчына ў яго магла ляжаць цяпер, а не зараз.
Да недахопаў перакладу можна аднесьці й зьмененую Ірынай Варабей структуру Акулаўскіх абзацаў раману. Мяркую, гэтым яна ў значнай меры паквапілася на адметны аўтарскі настрой тэксту, хоць такі недахоп лёгка паддаецца выпраўленьню пры пільнай рэдактуры ў параўнаньні з арыґіналам.
Гэткім жа шляхам я высьветліў і яшчэ адну прыкрасць перакладнога тэксту, прачытаўшы наступны дыялёґ у ім:
"- Вось і адказ для вас, Марыя.
- Жахлівая карціна, - прамовіла Марыя".
Ну не пачатковец жа Акула, каб ня здолець адшукаць сінонімаў ды так напісаць. І я адмыслова зазірнуў у анґельскі арыґінал раману, які захоўваецца ў мяне з асабістым подпісам аўтара: "Вітаўту Мартыненку - у адраджэнскай і творчай працы памажы, Божа! К. Акула, 25.9.1990 г. Таронта" (такі быў каштоўны падарунак мне на 30-годзьдзе). Дык вось арыґінальны тэкст у гэтым сэньсе бездакорны:
"- There's your answer, mrs Karaway.
- It's a horrible picture, - Mary inquired with a small voice".
Адразу паўстае пытаньне, чаму ў тэксьце зьнікла спадарыня Каравай, якую й клічуць Марыяй, ды куды падзеўся ейны ціхі голас у рэагаваньні?
Аднак, заўвагі рабіць лягчэй, чым перакладаць, таму мушу падкрэсьліць і віртуознасць творчага чыну Ірыны Варабей. Найзырчэй яна выяўляецца, калі гаворка йдзе пра адэкватнае выяўленьне нацыянальнага мастацкага досьведу. Напрыклад, калі сяброўка галоўнай гераіні Марыі Каравай, менская настаўніца Алена Мароз, пад чыім імем Марыя потым пойдзе на зьдзяйсьненьне акту помсты ў Таронта, цытуе незабыўнага Багдановіча, то хоць у анґельскім тэксьце фраґмэнт пераказваецца ў прозе, пераклад аднаўляе жывыя
Багдановічавы радкі (стар. 125):
Шмат у нашым жыцьці ёсць дарог,
А вядуць яны ўсе да магілы.
І бяз ясных надзей, бяз трывог,
Загубіўшы апошнія сілы,
Мы сыйдземся, спаткаемся там
І спытаем сябе: для чаго мы
Па далёкіх і розных пуцях
Адзінока йшлі ў край невядомы?
І чаму пасьпяшаліся так,
Напружаючы ўсе свае сілы,
Калі ціха паўзушчы чарвяк
Ўсё ж дагнаў нас ля самай магілы.
Да знаходак перакладчыцы, бясспрэчна, можна залучыць і двухмоўны кантэкст беларускага адраджэнскага і антынацыянальнага асяродзьдзя, хоць у арыґінале ўсё было выкладзена Кастусём Акулам чыста in english. Траскучыя прапаґандысцкія лёзунґі "Пусть всегда светит солнце Сталинской конституции", "Культуру - в массы", "Трудись и отдыхай культурно" Ірына Варабей гэтаксама цьвяроза падала in russian. Вось толькі шарм нямецкіх дыялёґаў галоўнай гераіні ў Таронта таксама можна было б падаць цераз адмысловыя зноскі, але гэтага, на жаль, не зрабіў і сам аўтар у арыґінале.
Магчыма, чытач ужо заінтрыґаваны эпізадычнымі згадкамі гэтай рэцэнзыі, у якой адчуваецца й беларускі, і нямецкі, і расейскі, і амэрыканскі кантэкст рэцэнзуемага раману? Але мы ня будзем пераказваць ягоны сюжэт, бо гэта клясычны трылер, шарм чытаньня якога ў тым, што ты ніяк ня можаш прадбачыць наступны крок пэўных пэрсанажаў, а тым больш - канчатковы разварот падзеяў. Я не зьбіраюся руйнаваць інтрыґу, дасканала закручаную Кастусём Акулам. Настолькі дасканала, што ад раману цяжка адарвацца. Я сам прачытаў яго за мінімум заходаў (пару-тройку). Крыўдна толькі адно: стаўшы бэстсэлерам году ў Канадзе, ці здолее гэты твор гэтаксама ўразіць суайчыньнікаў пісьменніка на іх роднай мове? Ёсць сумненьні. Але факт: in russian ён не зьявіцца ніколі, на што маюцца важкія прычыны
2008 г.