Вольга Прашковіч
Прачытаўшы кнігу Ірыны Варабей, я была ўражана. Гэта была ня проста невялікая біяграфічная нататка, а й вялікі, цяжкі гістарычны лёс, аповед пра прызнаньне й ўсхваленьне нашай культурнай спадчыны сярод іншых народаў.
З першых радкоў гэтага выданьня я адчула хвалю пяшчоты, суму й вялікай любові аўтаркі да сваёй, да нашай, Беларусі. Тут, у гэтай невялікай кніжачцы, стоены агульны боль тых, хто вымушаны быў пакінуць родную зямлю, хто бачыць, як яе зьневажаюць і топчуць, цураюцца суайчыньнікі. Вякамі забітая, у няволі, яна па-сёньняшні дзень у адзіноце й зьнявазе свайго ж народа. А гэтыя далёкія людзі, якія нарадзіліся тут, прысьвячаюць з чужых зямляў сваё жыцьцё змаганьню за будучыню сваёй Радзімы, за адраджэньне роднай мовы й культры, за гонар сваёй нацыянальнай адметнасьці. Мы, жыхары гэтай краіны, зусім пра гэта забыліся, саромячыся ня толькі мовы, але і традыцый, нават таго, што мы – беларусы.
Там, на чужыне, сустрэлі Ірыну Варабей шчыра, як дома, далі прытулак і галоўнае – свабоду, свабоду гаварыць на роднай мове, жыць па нацыянальных традыцыях і паказываць іх іншым. Яна, як далёкі сьветач, зазьзяла далёка ад Бацькаўшчыны, данесла да іншых народаў сапраўдны воблік свайго, цяжкі шлях пакут, катаваньняў, якія не змаглі забіць сапраўднага сэрца беларускага нроду. Ірына Варабей -- змагарка за будучую Беларусь. Яна ўразіла “канадыйскіх гледачоў”, што былі захоплены й зьдзіўлены такой каларытнасьцю й мілагучнасьцю мовы, прыгажосьцю й велічай культуры нейкай невядомай маленькай краіны, а калі знаёміліся, пазнавалі яе, то хацелі даведацца й убачыць яшчэ больш.
Я сама дакладна ніколі ня чула пра міжнароднае аб’яднаньне “Згуртаваньне беларусаў сьвету”, якое з гонарам нясе нашую культуру да іншых народаў, ганарацца ёй і клапацяцца пра дабрабыт нашае краіны. Чаму ж мы цураемся яе? Я многа адкрыла для сябе, па-іншаму нават гляжу на сваю зямлю, на тых людзей, што жывуць тут. Мне сумна й сорамна за нас, такіх сьляпых і глухіх да сябе, да сваіх дзядоў і сваёй гісторыі.
І калі кожны прыслухаецца, зразумее нашую нацыянальную, прызнаную ў “іншым сьвеце” духоўную й культурную адметнасьць, заганарацца тым, што ён беларус, то хоць на краю сьвету ён будзе “там, дзе сэрца ягонае”. Пакуль будуць змагацца такія людзі, як Ірына Варабей, то сапраўды будзе жыць Беларусь, будзе квітнець і разьвівацца, будзе з гонарам жыць у гэтым сьвеце.