Удалечыні, на мове сэрца
"Літаратура і Мастацтва" № 10 (4554) 12 сакавіка 2010 г., бачына 12
Сяргей Панізьнік. Гутарка з беларускай пісьменніцай у Канадзе Ірынай Варабей ...далей як Вас прадставіць?
Ірына Варабей. Можна сказаць: дызайнерка-вышывальніца.
С.П. Дзесяць гадоў таму вы пакінулі сімвалічнае радаводнае гняздоўе на Чэрвеньшчыне, цёплыя і астуджаныя шчылінкі мінскага побыту. І вось выпускніца філалагіччнага факультэта БДУ (аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры) піша ў канадскім горадзе Таронта: "Гэта ж трэба такое: апынуцца на іншым канцы свету, каб менавіта тут і загаварыць па-беларуску!" Якія ж асаблівасці Вашага пераходу з мовы хлеба на мову сэрца?
І.В. Беларуская мова ніводнага дня не была -- і ня ёсьць цяпер -- мовай хлеба. Тут такая справа: у юнацтве я актыўна займалася спортам (была нават неяк у зборнай Беларусі), і яшчэ пакуль вучылася на пятым курсе пачала працаваць трэнерам. І пасьля заканчэньня так і працягнула трэнерства аж на 14 гадкоў. ...А там ведаеце - там быў далёка не беларускамоўны асяродак.
Свае стасункі з дзяржаўнай філалогіяй я апісала ва "Ўпартасьці кветак".
С.П. Да Вашага прыбыцця, спадарыня Ірына, у Канадзе жыло ці не 10 тысяч беларусаў. На сённяяшні дзень жыве ці не 100 тысяч з амаль 5 мільёнаў нашых суайчыннікаў, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь. Нехта з паязджанаў шчыльна зачыняе за сабой этнічныя дзверы, нехта пакутуе ад настальгіі. Чаму турботы аб надзённым хлебе не патушылі ў Вас пошукі "залатога вядзерца", у якім творчы экстаз натхнення, выпраменьванне наканаванасці лёсу?
І.В. Вы, здаецца, і самі разумееце, што ўжо далі адказ на гэтае пытаньне. Варта адно яго перафразіраваць: менавіта "залатое вядзерца" й не дало турботам аб надзённым хлебе патушыць - а дакладней распаліла - той творчы патэнцыял, якім надзяліла мяне мая бацькаўшчына. Ведаеце, я тут, сярод "старой" эміграцыі пачула выраз, які мне падаецца найбольш блізкім: "Мне баліць Беларусь".
С.П. Дзіўлюся Вашай апантанасці. Што па чарзе сыходзіла на Вас з нябёсаў: уменне ствараць уражлівы фотокадр, вышываць, пісаць прозу і вершы?
І.В. Гэта залежыць, пра які перыяд жыцьця Вы пытаецеся. У юнацтве я пісала і прозу, і вершы ("хто ж ня піша ў дзевятнаццаць год?..."), але ўсё пад падушку, яно і зараз там ляжыць. Вышываць я пачала ў восем год, нават спрабавала свае схемкі рабіць. Але потым усё зноў жа лягло пад падушку, бо усе мы кінуліся ў вязаньне, гэта было больш практычна. Але марыла вышываць праз усе гады. Нават калі ў Канаду ехала, былі такія закіды ў думках: вышываць, дызайны рабіць - усё на ўзроўні ружовых мараў... А фатаграфія нават ня ведаю, адкуль узялася. Мой бацька быў прафесійным фатографам-журналістам, ён і даваў мне першыя лекцыі. І я вось была гордай ўладальніцай славутай "Смены-8М". Далей сямейных альбомаў, праўда, не пайшло.
Ну, а ў Канадзе... Тут ужо ўсё неяк разам навалілася... :)
С.П. Вас прынялі ў сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. А гэта ацэнка прафесіяналізму ў літаратуры. Але адна справа выдаваць кнігі ўласных тэкстаў (згадаем выданне "Кнігазбору" "Там, дзе сэрца маё"). А ці не цяжэй займацца перакладамі, у Вашым выпадку - на англійскую мову? Вы перастварылі "са сваёй ангельскай" на беларускую і наадварот. Загучала ў Вас па-англійску і "Найвышэйшая песня Саламона". Але ж Вамі выкананы пераклад кнігі Кастуся Акулы "Заўтра ёсць учора", якая лічылася бестселерам у англамоўных чытачоў. Дапамагло дабраславенне аўтара?
І.В. Я, разумееце, лінвіст па прыродзе сваёй. А пераклады -- гэта такая гульня лінгвіста. Я ўвесь час у яе гуляюся: а як гэта сказаць па-...
Ці дапамгло дабраславеньне Кастуся? Напэўна. Я думаю, Гасподзь нездарма нас зьвёў разам і даў нам некалькі гадоў сумоў'я. Мы былі патрэбныя адзін аднаму. Для мяне - ягоны добры літаратурны досьвед. Яму - суразмоўца ды аднадумца. Я ўсьцешваюся думкай, што, напэўна, дала яму такое неацэннае пачуцьцё несамотнасьці ў апошнія гады ягонага доўгага жыцьця.
С.П. Сёлета выходзіць Вашая новая кніга перакладаў -- "Легенды Ванкувера" канадскай індзеянкі Паўлін Джонсан-Тэкеянўакей. Для беларусаў - экзотыка? А чым растлумачыць такое прытуленне: спачуваннем да рэзервацыйнага лёсу індзейцаў у Канадзе, ці ўласнай гаркатой, што і родную літаратару мала ведаюць у свеце?
І.В. Для беларусаў індзейская літаратура - і экзотыка, і не. Нашае пакаленьне выгадавалася на амерыканскіх ды "Дэфа"-ўскіх вэстэрнах: і фільмах, і кнігах. Хто такія індзейцы, ведаем. Але мы ведаем тое, што пра іх расказалі белыя. А вось тое, што пра сябе ды пра сьвет расказваюць самі індзейцы -- гэта, сапраўды, упершыню. А я з дзяцінства (зноў жа :) была апантаная індзейцамі (некаторыя дзіцячыя малюнкі мае нават дасёньня захаваліся), але мяне страшэнна раздражняла, што нідзе не магла знайсьці кніжкі, дзе б можна было б даведацца пра іхны лад жыцьця ды сьветапогляд да таго часу, як з'явіліся белыя. Вось цяпер у Канадзе знайшла. Хочацца падзяліцца з суайчыньнікамі.
А наконт спачуваньня "рэзэрвацыйнаму лёсу" - гэта, як моладзь кажа, крута. Бо крыху перакручана. Калі Вы прачытаеце біяграфію аўтаркі "Легендаў Ванкувера" Паўліны Джонсан - дык бадай і пазайздросьціце гэтаму лёсу. "Рэзэрвацыя" - гэта ад ангельскага "reserve" - "захаваць", "зьберагчы", "назапасіць на будучыню" - нешта кшталту запаведніка. А вось гарката ад таго, што беларускую культуру ў сьвеце мала ведаюць, прысутная - тут вы мяне разумееце. Хто б калі і беларускую тэрыторыю абвесьціў рэзэрвацыяй, ды хай бы ўвесь сьвет тады зьвярнуў на яе ўвагу ды зьлятаўся вывучаць ды прымаць меры па захаваньню беларускай культуры.
С.П. Вы супрацоўнічаеце з канадскімі дызайнерамі, у Таронтаўскай гільдыі вышывальніц займаецеся і вышыўкай, і аднаўленнем старажытнага беларускага арнамента, даследуеце ягоную семантыку. Ці ёсць сугуччы ў канадскіх і нашых "мацерыковых" узорах? Растлумачце мне далягады памяці продкаў на маіх рэліквіях. На ручніку-абярэгу Параскі Белавус з-пад Дзісны бачу выявы Берагіні, Вясны-Лады - памяць русалляў з Х1--ХІІ стагоддзяў. Ніжэй--ідыяграма вады, знак з эпохі неаліту. А на палавіку (ходніку), які выткала Ядзвіння з той жа гістарычнай Дзісеншчыны,--ромб, унутры якога ўтканы белы чатырохкутнік як замова: поле маё будзе засеяна. Па баках ромба знакі, якія гітлераўцы ставілі на свае танкі і самалёты. Вось вам арыйская тэма ў палярных выяўленнях. А як Вам падабаюцца "палёты" выява ўзора "дзянніца" з вострава Кіпр на нашы саматканнныя посцілкі? У Латвіі гэты ж узор называюць так: аўсэкліс (ранішняя зорка).
І.В. Сугуччы ва ўзорах і сымбалях можна знайсьці па ўсяе планеце. Так узгаданы Вамі узор нашага "Грамавіка" вельмі пашыраны і ў канадыйскіх індзейцах, і ў штатаўскіх. І ён у іх азначае стралу. Але вельмі шмат аднолькавых з беларускімі я знайшла узораў у народаў Цэнтральнай Амерыкі.
Тое, што нашыя беларускія ўзоры ўзыходзяць да эпохі арыяў, - гэта ўжо, здаецца, й відавочна.
С.П. Пратуберанцы Вашых зацікаўленняў сягаюць і Беларускага Інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ), дзе Вы выконваеце абавязкі сакратара. Відаць, частка грамадскай працы аддаецца і на Згуртаване беларусаў Канады. ..А ёсць жа яшчэ Грамадска-рэлігійны цэнтр пры царкве св. Кірылы Тураўскага. Ёсць гурт "Яваровы людзі", Цэнтр адпачынку "Слуцак"...Без напаўнення творчай энергіяй, у тым ліку і Вашай, ніводны асяродак дзеіць не будзе. Не шкадуеце часу?
І.В. Шкадую. Менавіта таму канчаткова і адышла ад усіх грамадскіх справаў. Шкадую часу нават на побыт, на сяброў, нават цяпер ужо, нажаль, і на кнігі.
С.П. Ваш сын Антон "увесь у маму". Мастак. Уладальнік узнагароды "За персанальную сілу і мужнасць". Нават калі "куляюцца нябёсы" Вы змаглі зладзіць сямейны побыт як школу рэалізацыі адухоўленых магчымасцяў?
І.В. Ох, давайце пра перыяд "калі куляліся нябёсы" ня будзем. Я мала што памятаю зь яго. Такі шок быў. У мяне мама памерла на руках ад раку, я ведаю, што гэта такое.....
Што да сына, то праўда. Ён калі маленькі яшчэ па калысцы тупаў, я сказала: "Вось мая старасьць". Дык цяпер магу сказаць, што мэтанакіравана выхоўвала яго свім шляхам. Здаецца, метадам "ад праціўнага" агульнапрынятаму ладу выхаваньня. Ну, вось маю цяпер аднадумцу ды суразмоўцу. Хаця, часам, і ня ўсе мае захапленьні ён падзяляе: у новага пакаленьня свае зацікаўленьні.
С.П. Вычытаў у Вашых тэкстах: "Любоў у абдымках Хлусні становіцца Ільдом". Шматзначны афарызм. Прыходзілася змагацца з такім абледзяненнем?
І.В. Ня ведаю, як змагацца, а ўжо ж мець справу з "Хлусьнёй" ды абледзяненьнем даводзілася кожнаму. Гэты афарызм спарадзіўся ў мяне адмыслова ў кантэксьце майго аповеду "Брат родны. Брат малочны". Там шмат такіх вобразаў, алюзіяў. Пад "Хлусьнёй" маецца на ўвазе ідэалогія, якую мы, ужо трэцяе пакаленьне ад Кастрычніцкага перавароту, усмоктвалі разам з грудным малаком, успрымалі як дадзенасьць. Малыя, мы яшчэ нават не здагадваліся, што гэта - хлусьня, але не разумелі, чаму ж усё такое "заледзянелае" вакол, і як ад гэтага "малака" ледзянеюць нашыя душы.
С.П. Якая тэмпература зносін між рознымі групоўкамі суайчыннікаў? Ці даюць аб сябе знаць паэты Ірына Лойка, Фелікс Аксёнцаў? Хто з сяброў трымаецца за Вашае залатое вядзерца?
І.В. Літаратурны асяродак у мяне невялікі, то праўда. Быў Кастусь Акула. Вольга Іпатава. Мая сяброўка Ірына Аксёнава (мы разам прыехалі ў Канаду). Сын. Але багата натхненьня маю ад сваіх сябровак у Таронтаўскай гільдыі вышывальніц. Яны шмат дапамагаюць мне знайсьці свой шлях. З фатографамі стасуюся выключна ў інтэрнэце.
С.П. Калісьці магілеўчанін Мікалай Судзілоўскі-Русель выступаў у абарону індзейцаў Новага Свету, пры яго дапамозе былі створаны калоніі палітэмігрантаў у знаёмым Вам Ванкуверы. Люблю згадваць паралелі і мерыдыяны, на якіх вісяць званочкі беларускай прысутнасці. Зычу і Вам, спадарыня Ірына, прадаўжаць дыфузію культур, ствараць свой непераўзыйдзены ўзор на палатне жыцця. І хай залатое вядзерца не перакуліцца: ні там, дзе сэрца Ваша, ні там, дзе гняздзечка выраю.
І.В. Дзякуй Вам. Як прыгожа Вы сказалі зараз! :).
Паралелі і я люблю. Бачыце, яшчэ адна - мы з Паўлінай, той, што Джонсан-Тэкеянўакей, заўзятыя веславальніцы. Я ж гэтаму спорту 21 гадок аддала. :) Гэх!..
С.П. Пасляслоўе, пра асабістае. Летам 2006 г. Мы спазніліся на службу ў царкве і праз паштовую шчыліну пад стол з "Беларускім словам" кінулі пакет з падарункамі: мой зборнік "Пры сьвячэньні..." з дарчымі надпісамі Івонцы Сурвілле, Кастусю Акулу (яму і мой верш, напісаны да юбілею). Быў і мой сьпеўнік "Дабравест". Але... Сп. Віялета сказала па тэлефоне, быццам у яе нешта захоўваецца. У зб. "Пры сьвячэньні..." якраз і ёсць узоры з Дзісеншчыны, пра якія прашу даць тлумачэнні.
І.В. Рушнік зь Берагіняй вышываўся з нейкай просьбай-зваротам да тае Берагіні. Напэўна, прасілі здароў'я, бо вада, крыніца - гата сымбалі здароў'я ды моцы. Вышыць такі ўзор - гэта тое ж, што вады з гаючае крыніцы напіцца.
А вось, што азначаюць узоры, што скарыстоўвалі гітлераўцы, я, шчыра, ня ведаю. Я далёка ня ўсё ведаю. У мяне адно кніжка М.Кацара на стале. Ды яшчэ генетычнай памяці трохі. Зрэшты, і свастыка - гэта стары арыйскі знак, і ў нашай вышыўцы шмат сустракаецца.
На ўсё добрае! З пашанотаю,
Сяргей Панізьнік.
Пэўна, узьнікнуць новыя пытаньні. То буду рада працягнуць размову. :)
Найлепшага!
З павагай,
Ірына Варабей.
2009 г.
"Літаратура і Мастацтва" № 10 (4554) 12 сакавіка 2010 г., бачына 12