top of page

Маё сэрца ў Беларусі

Люба Новікава

...Але бачыць Бог, ёсьць музыка над намі...

(Осіп Мандельштам, “Канцэрт на вакзале”)

 

          Прадмова, напісаная вядомай беларускай пісьменьніцай Вольгай Іпатавай, адразу натхняе на станоўчае ўспрыманьне твораў зьмешчаных у кнізе. Але пачаўшы чытаць уласныя творы Ірыны Варабей, разумееш, што йнакш і быць не магло. Чульлівыя, у меру сэнтыментальныя невялікія аповеды ейныя самабытныя, не падобныя да літаратурнай спадчыны іншых аўтараў.

          Першае, што прыцягвае ўвагу, гэта створаная аўтарам сваеасаблівая атмасфэра. Прычым у кожнай мініяцюры, кожным эсэ – свая, асаблівая. Перадусім на першы плян выходзіць тужлівая, але й сьветлая настальгія па радзіме ў стылі Булгакава (успомніце пьесу “Бег”!). Крок за крокам атрымліваецца вобразнае палатно пастэльных таноў, сатканае са стрыманых эмоцыяў. Ніякіх гістэрык, якія некаторыя шавіністы лічаць яскравай прыкметай жаночай прозы! Як майстра слова й нядрэнны псіхоляг, Ірына Варабей, напэўна, разумела, што вось менавіта за гэтай самай стрыманасьцю й сакрыты моцны драматызм той ці іншай сітуацыі. Толькі трэба знайсьці паўныя сродкі, каб верна данесьці яго чытачам. Псіхалягізм узмацняе й некаторая фрагментарнасьць у аповедах, метамарфозы думак. Гульня плястычнага, яркага розуму, скіраваная на адказныя рухі ў мысьленьні чытача.

          Выбраныя аўтарам тэмы – зразумелы ўсім эмігрантам “джэнтльмэнскі набор”, які, нібыта мазаіку, скаладае ў памяці агульны вобраз роднага краю. Гэта, безумоўна, успаміны пра ўласнае жыцьцё, пачынаючы зь дзяцінства, і жыцьцё самых дарагіх людзей, якім шмат чым абавязаны (аповед “Брат родны. Брат малочны”). Гэта таксама цікавасьць да мінулага сваёй радзімы (“Краіна вольных волатаў”), да ейнай літаратурнай спадчыны. Гэта зноўку паераасэнсаваныя біблейскія матывы, спраэцыраваныя на вобраз роднае краіны (“Калі куляюцца нябёсы”) і нават матывы язычніцкія (“Старая казка новага году”). І, вядома, нашыя беларускія традыцыі (“Дзе знайсьці сала для каляднае казы”) – пададзеныя з гумарам, з фрагмэнтамі “жывога” фальклёру. Там, па-за межамі Беларусі, усё, зьвязанае зь ёй, набывае іншы сэнс, становіцца яшчэ больш каштоўным і мілым сэрцу.

          Так, няхай назад дарогі няма, але, як казаў Тургенеў, з усім звыкаецца чалавек. Жыцьцё працягваецца, толькі яно нібыта пераносіцца на другую плянэту. Іншая мова, іншы мэнталітэт. Таямніца, якую трэба спасьцігаць кожны дзень па кроплі. Гэта ж – не “нашыя”. Але й тут мы здатныя жыць і тварыць, не губляючы свайго роднага карэньня, не адракаючыся ад яго, не цураючыся сваёй мовы. І нават аказваемся здатнымі даносіць да сваіх землякоў-чытачоў паэтыку краіны-мачыхі (пераклад Марні Вудроў). Усё гэта, вядома, не без дапамогі верных сябраў, блізкіх, здаровага пачуцьця гумару (бяз гэтага аніяк!), і Госпада Бога, які ўсё бачыць.

          А йнакш і быць ня можа.

bottom of page