top of page

Прадмова да кнігі:

Ірына Варабей, Там, дзе сэрца маё,

Бібліятэка Бацькаўшчыны, Мінск, “Беларускі кнігазбор”, 2005

Нават калі б Ірына Варабей напісала ўсяго толькі адзін аповед, які называецца “Брат родны. Брат малочны”, я без аніякіх ваганьняў дала б ёй рэкамэндацыю ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Гэты аповед я чытала тройчы. Першы раз у вогненна-залатым ад кляновых лістоў Таронта, дзе з дваццаць чацьвёртага паверху ўначы бачныя мігатлівыя агеньчыкі амэрыканскага гораду Бафала, што пачынаецца адразу за залівам. Я чытала яго разам зь вершамі яе геніяльнага брата Сашы, што памёр саракагадовым ад “той сацыяльнай бяды, што набыла памеры эпідэміі ў нашай краіне”. Я хадзіла па кватэры, доўга глядзела на тыя мігатлівыя агеньчыкі за залівам і зноў бралася чытаць тое, што напісала жанчына, якая толькі ў іншай краіне, і тое празь некалькі гадоў, нарэшце адтала ад замарожваньня душы такі дыягназ паставіла сабе яна сама. Другі й трэці раз (зь перапынкам у тыдзень) у часопісе “Дзеяслоў”, ужо ў Беларусі, дзе ўсё пачыналася даўно у няведамым нам часе, у тым мінулым, якое мільгае ў чорнай бездані сусьвету рэдкімі агеньчыкамі беларускага Быцьця.

У невялікім аповедзе Ірыны Варабей, як у малекуле ДНК, сплятаецца ня толькі лёс двух родаў, чые гены сышліся ў хлопчыку Сашу й дзяўчынцы Ірынцы браце й сястры. У ім тыя продкі, каго палілі, білі, зьнішчалі, мучылі на акрываўленай беларускай зямлі, але якія ўсё ж на ёй, зямлі, жылі, кахалі й любілі яе, ажно пакуль гэты запас любові й цярпеньня ня скончыўся...

Брат і сястра ў гэтым мастацкім творы, нягледзячы на вонкава пазнавальныя й нават пагрозьлівыя рысы сёньняшняга нашага часу, робяцца архетыпамі, яны амаль казачныя пэрсанажы, накшталт Іванкі ды Аленкі. Яна перасьцерагае яго: “Ня пі вады з зачараванай калюжыны, ператворысься ў нешта іншае, ужо не чалавечае!” Але ён ня слухае яго падганяе Лёс, бо ДНК роду станчаецца, і ўжо не стае ні любові, ні нават жаданьня жыць. Бо прадзед, гледзячы на пераможны наступ калгаснае псыхалёгіі, зрабіўся горкім п’яніцам, а дзед за адзіны пратэст “выправіўся ў Сыбірскія лягеры на 10 гадоў”. Бо другі дзед, Барыс Качэрскі, “так і не падняўся з ложку” пасьля лупцоўкі немцаў ды пагрозаў партызанаў-“вызваліцеляў”, а бацька быў звольнены з пасады журналіста толькі за наведваньне магілы рэлігійнае свае маці...

Пад гэтым гнётам адна чыстая й чуйная душа ламаецца, як саломінка пад жалезьзем рыдлёўкі. Другая, перажыўшы пакутлівую сьмерць маці, пасьля любімага брата, і, нарэшце, бацькі, замярзае ледзь не да донца.

Яе ратуе эміграцыя, дзе яна ўпершыню адчувае сябе свабоднай ад страшных жорнаў агульнай Нелюбові, агульнага раўнадушша Быцьця-Для-Сябе, а не для іншых. Адмарожаная душа ажывае, і Ірына Варабей удзельнічае ў стварэньні выдатнай, як ня толькі на мой погляд, газэты канадыйскае эміграцыі “Беларускае Слова”. Там друкуюцца яе эсэ, навэлы, роздумы над жыцьцём і лёсам выдатных сыноў Айчыны. Яна знаёміцца з адным з найстарэйшых беларускіх пісьменьнікаў на эміграцыі Кастусём Акулам, разам зь ім сьпявае ў царкоўным хоры і ў сваім эсэ пра яго разважае над лёсам Беларусі. Былая спартсмэнка, яна робіцца выдатнай вышывальніцай і стварае мастацкія творы высокага кшталту — напрыклад, партрэт першаярарха БАПЦ уладыкі Мікалая, а яе сын Антось піша для таронцкай царквы абраз сьв. Кірылы Тураўскага, дабраслаўлены тым жа ўладыкам. Пераканаўшыся пад час наведваньня школы ангельскае мовы, што канадыйцам вельмі цікавая невядомая для іх, яшчэ й экзатычная, культура Беларусі, Ірына зь імпэтам бярецца за вывучэньне ангельскае мовы, каб расказаць сьвету аб сваёй краіне. За чатыры гады яна авалодвае мовай ад самага нуля да такога ўзроўню, што пачынае пісаць эсэ па-ангельску, перакладаючы свае і чужыя творы.

Яе творы гэта заўсёды згусткі болю й любові. Яны адкрываюць сьвет непаўторны й чуйны, шматколерны й нераўнадушны. Традыцыйнасьць формы ня робіцца паўторам звыклага ў беларускай літаратуры. Гэта проза перш за ўсё беларускай жанчыны, што ўздымаецца, як паламаныя ў навальніцы каласы, пасьля самых цяжкіх выпрабаваньняў. Гэта проза й вельмі сучаснай жанчыны, што ведае кампутар, чытае эзатэрыку й глядзіць у мінулае вострым поглядам зацікаўленага дасьледніка, які пралічвае хады нацыі й яе памылкі ці беды як у мінулым, так і ў будучыні.

На сваю зямлю яна цяпер часта глядзіць адтуль, з-за акіяну. І можа таму яе любоў робіцца мудрай і абачлівай. Вышывае Мірскі замак з замовай каб выстаяў гэты сымбаль Беларусі, каб не пахіліліся ягоныя сьцены перад новай навалай. Піша пра Залатое Вядзерца гэты вобраз народных сьпеваў і народнага шляху так, што на яе твор адгукаюцца замежныя польскія дасьледнікі, параўноўваючы гэтыя залатыя сымбалі нацыяў і атрымліваючы ад погляду Ірыны Варабей асалоду й карысьць сумоўя.

Яе свабода выпакутаваная душою й сэрцам, можа, ад гэтага творца так шануе яе й хоча свабоды для ўсіх суродзічаў, якія часам не разумеюць свайго рабства й сваёй несвабоды.

Калі б Ірына Варабей папрасіла ў мяне рэкамэндацыю ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў...

Але яна яе пакуль што ня просіць. Яна проста аддае на суд чытачоў сваю першую невялікую кніжку, і няхай яны, чытачы, вырашаюць для сябе, ці захочуць яны чытаць наступныя кніжкі Ірыны Варабей.

Я веру, што кніжкі абавязкова будуць. Бо ніякія сьцюжы Ірынінай душы не адмарозілі, хіба што на час прыглушылі.

Бо яна цяпер піша й за сябе, і за свайго брата. За ўвесь свой беларускі радавод...

Душа, якую не адмарозяць сьцюжы...

Вольга Іпатава

bottom of page