вярнуцца: да Галоўнай Літаратурных твораў
Пачуцьцё вады
Але мы гэтага ўжо ня чуем. Мы малоцім босымі нагамі вясковы пыл па дарозе. Бегчы далёка. Усё: ужо мандражка, нэрвы, як мае быць... Мандраж здымаецца разьмінкай. Але на разьмінку ня будзе часу. Ладна, хоць кросам разамнёмся.
Яшчэ лодку падрыхтаваць... Фіглі яе хто сьцягне! Я яе прывязала ўчора. Да сьцелажа. Ёсьць у мяне вузельчык адзін – наш, макрамэшны. Бабулін яшчэ. Цяпер толькі рэзаць. А нож яшчэ пашукай зраньня. А ножычак – вось ён! – у кішэньцы ляжыць (незашытай, гы...). Я там, у лодцы, упор цьвікамі прыбіла. Заляпіла баксіткай, ПФ-ам, цэментам... (жартую). Тым, хто пасьля нас будзе лодку браць, даўганогім усякім, не пашэньціць... Няхай. Пасьля мяне – хоць патоп.
– Вароба! – задыхаючыся бубніць Сьветка. – А па-мойму... уф-уф-уф... Макарыч цябе ўжо вельмі хоча... уф-уф... у каманду ўзяць.
– Спакойна, Сьветка. Мы зараз такі засадзім двойку. Пакажам фініш. Мы ж учора ім такую фору далі... Ён і цябе захоча, куды дзенецца. І паедзем мы с табою ў Львоў!
– Глядзі, каб нам на старце чаго зноў не паказалі...
– Прэкраціць!
– Слухаюсь, камандзір.
Дабеглі. Рэжам вяроўкі, пераварочваем лодку, прыкручваем сьляйды. Пад сьляйд – мокрую анучку, каб ня ёрзаў. Спакойна, не мітусіць! Моўчкі, не збаўляючы дыханьня, у левую руку вёслы, правымі хапаем лодку за кокпіты, выносім на кладку, скідаем яе адным рухам на ваду. Правую нагу ставім у лодку. Разам. Левай адштурхнуліся ад кладкі – хоп! – селі. Разам. Вёслы на ваду. Разам.
Стоп!
– А што гэта за фінт мы зараз вырабілі?
– А што?.. Га! Селі разам, адштурхнуліся!
– Разам?! І па такім ветры! І не кульнуліся! І нас на кладку хваляй не выкінула?
– А мы сёньня на мазí!
– Як дарослыя!
– Ага. То ж добры знак.
– Ты яшчэ перахрысьціся і баявы кліч апачаў выдай да кучы.
– Аж фартухі забыліся надзець. Давай, чапляем і пагналі.
Там, на старце, ужо бачна, як лодкі адзначаюцца ў старцёра і падкатваюцца да сваіх дарожак, займаюць свае пазыцыі. Зноў тая ж песьня: мы спазьняемся! Нам ужо ня будзе часу разьмінацца, ніякіх “кускоў”****, ні табе скатак-раскатак... Ён нас хоць бачыць? Ён цеміць увогуле, што адной лодкі не хапае?
На гэты раз я вырашыла не выходзіць за стартавую лінію. Іду па крайняй вадзе, дзявятай, насустрач, каб нас заўважылі. У стартавай зоне пачну паварот па вялікім радыюсе, каб якраз апынуцца на сваёй вадзе на развароце. І ўстаць, як патрон у абойму.
Вецер пачынае ўзмацняцца, ужо парывамі падхоплівае лапаткі вёслаў. Але хвалі яшчэ не такія вялікія. Пакуль разгуляюцца, ёсьць яшчэ надзея прайсьці гонку па, параўнальна да ўчорашняга, спакойнай вадзе.
Мы сьпяшаемся. Ляцім амаль гоначным тэмпам. Няма часу задумвацца, ці разьмяліся, ці гатовы, ці злавілі грабок... Абы пасьпець. Злосьць пачынае заглушаць мандражку! Каб вам!.. Не да мандражак ужо!
...Эх-гэх!
Што такое?
Зацурчэла раптам вадзічка пад дном лодкі, нібы каралікі перасыпае па круглым донцы (ага, бы недзе дзірка, і вада ў лодку пабегла). Ведаем мы гэты гук. Ён нам – сымфонія! Ён лашчыць нам душу – гэта значыць, пайшла лодка, пакаціла!
От яно, пачуцьцё вады! Якое, папраўдзе кажучы, насамрэч – дзіва дзіўнае. Загадка прыроды. ...Вось давайце пакінем шостае чалавечае пачуцьцё містыкам, няхай... Але сёмае... хай будзе сёмае – пачуцьцём вады – пачуцьцём асалоды й бязьмежнага шчасьця! Калі лодка сама з-пад цябе каціць, а ты нібы крыламі машаш... і ляціш, ляціш... І гэтае яднаньне з лодкаю, калі яна – працяг твайго цела, і ты бяжыш, бяжыш “па вадзе, яко по суху”...
Эх, вада, мая сябровачка-цурачка!.. І вясло вуркоча-сьпявае ў вадзе... І лодка рэжа масла... І юнацтва маё, шчасьлівае, несканчонае... Прэкраціць лірыку!.. Філалагіня недапечаная... Алё? Глядзі сюды. Год 77-ы. Беларусь. Азёры. Ідзем на старт. Пільнуй саперніц. І старцёра... Той яшчэ перац.
– Сьветка, а пакаціла лодка! А?
– Ага, злавілі! То-та ты пагнала! Не накручвай, не накручвай. Паберажэм сілы.
– Разьмяліся.
– То вядома, пайшла. Такая рань. Памятаеш, у Херсоне на зарадцы?
– Угу. А ўначы, па цемры, ведаеш, якая пруха? Мы хадзілі ў Кіеве...
– А пад дажджом?
– Увогуле кайф! Вада зьверху, вада зьнізу.
– А па марозе?
– То – экстрым.
...Падыходзім. Усе ўжо стаяць на старце. Рэзка руль направа, даўгія грабкі зьлева, кароткія справа... Паварочваем...
Падымаю руку, крычу на ўсё горла:
– Пятая вада тут!
– Першая вада гатова?.. Другая вада гатова?.. Чацьвёртая вада гатова?
Кожная заграбная па чарзе падымае вясло.
– Увага!.. Марш!
Казёл ты, блін, прыдурашны! Ён увогуле нас не заўважыў!
А мы, так! – ужо на сваёй вадзе і на стартавай лініі, але – мы яшчэ роўна пэрпэндыкулярна дыстанцыі!
– Сьвета, адным левым!
Можна было не крычаць: Сьветка ўмомант усё падхоплівае. Выроўніваем лодку, і я кідаюся ў стартавы рывок, даганяць. Сьвета – за мной, нідзе не зьбіваючыся.
– Ірка, гані на ўсю!
– Трывай!
Каб цябе расьпёрла!!! Паскуда судзейская! Як ты мяне другі раз пракідваеш! Са мной жа ж нельга так! Ах, ты, раскудрыт тваё ў калена! Гадаўё расшкындзёханае!
Гусары, маўчаць!
Гусары маўчаць, закусваюць цуглі і ўпіраюцца рогам!
Злосьць накіпае, расьпірае сьвядомасьць, грудзі, цягліцы!.. Але ад злосьці раптам зьнікае напружанасьць у цягліцах, робіцца ашалела-прыемна і лёгка. Ну, я вам пакажу! Усім! Лодка ўскоквае пада мною ад кожнага грабка Сьветы, ляціць з-пад мяне, і мне так лёгка раскручваць тэмп – хутчэй, хутчэй... Зараз узьляцім, як гусі: пара ўзмахаў – і адарвемся ад вады. Ляцім! У вачах – шалёны калаўрот пырскаў, вёслаў, хваляў, буйкоў...
Буйкі!
Вось бяда! Я ніяк ня ўцямлю, дзе мая вада! Мы выйшлі на дыстанцыю з развароту, я так і не адзначыла, дзе дакладна нашая дарожка, буйкі разьбягаюцца перад вачыма: куды ні глянь – усюды прастак. А-а, пляваць! Абы на чужую, на чацьвёртую не заехаць, нікому вады не зарэзаць, а справа ад нас нікога няма. Але там – мяляк!
Я вярчу руль то ўправа, то ўлева, губляю ўвагу...
Не. Усё я бачу. Мы дасталі чацьвёртую ваду, пакідаем іх ззаду. Першую, другую ня бачу ўвогуле. Даганяем Надзьку, сячэмся разам па насах. Яны бяз бою не здаюцца. Набліжаемся да фінішнай прамой. Ну, усё! Пара! Каб потым не шкадаваць, што дыстанцыі не хапіла – пачынаю накручваць фініш! Толькі б Сьветка падтрымала! А Сьветка – крэмень! Трымаем! Трымаем... Выдыхаемся...
Раптам: “Іра, Іра, дава-ай!” – Іваныч! Прыбег! Зараз дам! Лавіце! Лёгка!
Усё вакол замалаціла, у скронях пульсуе, у вачах паплыло, ужо нічога ня бачу, няма моцы варочаць вачыма... Толькі датрываць!
Дзынь!.. Дзынь!
Упалі на кокпіт. Лёгкія, што мяхі...
Чый першы звон быў? Чый? Наш ці іхны?
Стаім на траве, шмыгаем насамі, уткнулымі ў свае вёслы, з валасоў усё яшчэ сьцякае вада... на вочы, на мокрыя сьпіны... Усё яшчэ аддыхваемся ад фінішу... Босыя пальцы калупаюць траву... ды выкалупалі ўжо гэты ўпёрты дзьмухавік нафіг!
– Ты разумееш, што ты вось так ехала? – Іваныч паказвае рукой віхлявую рыбку.
– М-угу.
– Ты разумееш, што ты сабе дыстанцыю падоўжыла мэтраў на 50?
– М-угу.
– І дзе ты так навучылася хадзіць? У акадэміі рулявых?
– Іваныч, я дарожкі ня бачыла, буйкі ў вачах разьбягаліся. Ён зноў старт даў – а мы яшчэ на развароце былі, толькі на старт станавіліся, бокам стаялі...
– Дзеўкі, дык вы яшчэ і стартуеце бокам? Ну, вы й штукары! – хлапечая масоўка зноў тут як тут. Кыш, як вы ўжо дасталі!
– Ты разумееш, што вас зараз здымуць? Вы ўсе магчымыя дарожкі папераехалі!
– Ну, ня ўсе! Мы што, чацьвёртую пераехалі? Не? А справа нікога не было.
– Ты разумееш, што гэта нікога не хвалюе? Закон ёсьць закон! Як там у тваёй альма-мацеры навучаюць? Дура лекс сэд лекс.
– Іваныч, дык а мы выйгралі ці не? Якімі мы былі?
– Сам ня ведаю! Вы па насах ішлі, там розьніца ў сэкундзе. Адсюль не зразумела. ...Усё, бягу ў судзейскую!.. Ай, прыгожы фініш быў! Класіка!.. Але вас і здымуць! – Іваныч сплюнуў. – Арбітар чырвоны сьцяжок узьняў.
– Ой, Іваныч, – падае голас Сьветка, – скажыце, а мы хаця б у фінішны створ патрапілі? З другога заходу.
Іваныч ужо накіраваўся ісьці, але раптам завярнуўся да мяне:
– У цябе ж са зрокам нешта?.. – ці то пытаецца, ці то сьцьвярджае. – А ты калі на старце стаіш, ты фініш бачыш?
– Канечне, не.
– А як ты ганяесься? – аж прысядае Іваныч.
– Вось. Усталёўваю курс са старту – і пайшла.
– А чаму б акуляры не надзець?
– А здорава, Іваныч! Вось так надзяваеш акуляры, здаравенныя такія, як у ныральшчыкаў, з гумкамі шчыльнымі, каб вада не трапляла. І – дворнікі на іх!
– Ну, што вы, Іваныч, – улязае какетлівым тонам Сьветка, – якія акуляры? На што там глядзець? Я таксама фінішу ня бачу. Бо ўсё роўна з заплюшчанымі вачыма еду. На старце як заплюшчыш, дык толькі пасьля звона і расплюшчыш.
– Як з заплюшчанымі?!
– З пачуцьцём!.. – мурлыкае, закаціўшы вочы Сьветка. – А што, няўжо хлопцы з расплюшчанымі? – удае страшэннае зьдзіўленьне. – Ой, усё – яны мне ўжо нецікавыя.
Іваныч махае рукой і разварочваецца пайсьці.
– А канаісты, а?
Раптам навакольны натоўп зрынаецца зь месца, гаманліва бяжыць да берагу, да прычалаў, да фінішнай зоны.
– О! Сьветка, далі старт каноэ-двойцы! Фінал! Там хлопцы нашыя ідуць. Пайшлі ім пакрычым! І на вочы паглядзім!
Мы стаім на беразе, чакаем канца судзейскай. Ужо пераапранутыя, і чарговую купку травы я калупаю новенькай красоўкай, надзетай у пару з хіповымі вязанымі шкарпэткамі. На мне мой шыкоўны, з ЦС-а, блакітны касьцюмчык, зь лампасамі аж у два рады. Ён у мяне пакуль шлюбненькі, то-бок парадна-выходны. Выходзіць мэдалікі на парадах атрымліваць. Анягож. Невядома, праўда, пакуль, што там сёньня з другім мэдалікам.
Наводдаль гамоняць са сваімі слонімскімі хлопцамі Надзя з Кацяй. Раз-пораз азіраюцца на нас. Таксама чакаюць свайго Сьцяпаныча з навінамі.
Стаім. Вёслы ўжо зачахлёныя, ляжаць побач з намі на сьцелажах. Хлопцы носяць да канструкцыі***** лодкі, закідваюць, прывязваюць... А мы пакуль даядаем шакалад, які нам перапаў ад новых сябровак. У разьдзявальні пераапраналіся разам з Надзькай і Кацькай, тут зьявіўся Кацькін сябар-кавалер, паляпаў у дзьверы, сунуў ёй шакаладку, сарамліва буркнуў: “Перадалі ад захопленых паклоньнікаў”. “Паклоньнікаў чаго? – рагатнула зьдзіўлена Кацька. – Хіба ўчарашняга цырку? То тады на ўсіх артыстаў!” І падзяліла плітку па-брацку на чатырох. “Запомнім мы гэтыя Азёры і гэтую двойку!”
Нешта доўга яны там вырашаюць. Можа, павырашалі даўно ды разышліся, а пра нас і забылі?
...Ну, урэшце!
Ад судзейскай кіруе да нас Іваныч. З падчырванелым носам, нейкім новым, чумным бляскам у вачах. Наблізіўся, стаў трохі ўбаку, глядзіць на нас, ледзь стрымліваючы дурнаваценькую ўсьмешку.
Сьветка па-змоўніцку заварочваецца да мяне:
– Ірк, а ты не заўважыла, а што гэта з нашым Іванычам дзеецца? Мэтамарфозы нейкія... незразумелыя...
– А вось ты глядзі, Сьвет, якія бываюць дзіўныя рэчы ў сьвеце. І чаго гэта кожнага разу пад канец гонак з нашымі трэнерамі нейкія чарадзействы здараюцца. Мы выйграем – яны ад шчасьця ў сьцельку. Мы прайграем – яны з гора ў дупель. І галоўнае – ніякае розьніцы! ...Ай, Анатолій Іванавіч, ды годзе вам цягнуць інтрыгу. Далажыцеся ўжо па форме.
– Ну, сакатухі, сьвярліце дзірачкі ў самых сваіх шлюбных масьцерках для жэтонаў...
– Дык якой вартасьці, ёлкі дваццаць? Залатыя ці прызавыя?
– Ну, выйгралі, выйгралі!.. Ды не равіце так! Ха-ха-ха!.. Так, не зьнялі вас. Мне нават не спатрэбілася ні за старт пратэставаць, ні пра зрок апраўдвацца – арбітар сам сказаў, што старцёр зрабіў парушэньне. Ён ужо другі раз лодкі не выроўніваў. Арбітар чырвоны сьцяжок падняў, але гонку спыняць ня стаў, убачыўшы, як вы рванулі, даў вам шанец адыграцца. Калі б вы прайгралі – ён спыніў бы заезд. А як выйгралі – ну, дык вашыя фанты!.. Ну, занесла вас на шостую дарожку, але вы там нікому не заміналі – ён вырашыў, то ўжо вашыя праблемы, бо са старту вас, сапраўды, падвялі, ня вашая віна. ...Ай, прыгожа йшлі! Красава! Як па пісаным! Малайцы!
– А Ірка як замалаціла-замалаціла са старту! Ну, усё, думаю, бяда – век кармы Надзькінай ня ўбачыць!
– Не, гэта Сьветкіна заслуга – так упёрлася! Каб не яна – я б так і не раскруцілася.
– Ха-ро-шая ў вас двойка атрымалася, дзяўчаты!.. А Іра яшчэ і “кандыдата” выканала, будзем прысвойваць.
– А прызы будуць? – пытаецца Сьветка.
Іваныч задумваецца.
– Ну, хоць лампасы якія? На штаны прышыць. Як у Іркі.
– Форму новую на Спартакіяду атрымаеце.
Мы са Сьветкай уздымаем рукі і ляпаем адна адну ў далоні.
– А цяпер слухайце сюды. На збор вырашылі ўзяць дзьве вашыя двойкі. ...Ну-у, вашая двойка, маўляў, новая, нікому невядомая. Хочуць паглядзець, ці стабільна вы так будзеце ехаць. Можа, у вас выпадкова атрымалася. З другога боку, па праграме Спартакіяды склад каманды можа быць адвольным, то яны будуць вырашаць, можа, варта павезьці дзьве моцныя жаночыя двойкі, замест хлопцаў. Зрэшты, і з адзіночкай, Іра, тое самае – на зборы не давядзеш, паедзе Надзя. Карацей, усё вырашыць збор. Як сябе пакажаце. Так-так, рыхтуйцеся: кантрольныя прыкідкі празь дзень, і ў двойках, і ў адзіночках. Працягнуць вас празь сіта адбору... ну, як дарослых, даражэнькія. Дзеля таго і зборы. То ж – на Саюз, як вы хацелі.
Вона як: усё яшчэ толькі пачынаецца!
Ну, Надзечка, рыхтуйся. Хоць мы і сяброўкі цяпер (адной вадой пахрышчаныя, гы...), але я злая і помсьлівая... жартую, вядома... але словамі кідацца я цябе адвучу. У цябе будзе прыстойны занятак на ўвесь збор – усе плямачкі на маёй карме вывучыш. Бо са мною ж так нельга...
– Ну, Ірка, што насупілася? – штурхае мяне Іваныч. – І куды ты так хітра глядзіш зноў з-пад ілба? Хіба ўжо строіш пляны на збор?
– Анягож, Іваныч. Усё-та вы ведаеце, – усьміхаюся я.
– І якое мейсца ў іх адводзіцца Надзі?
– Здагадайцеся!
– Ха-ха-ха, ну і ладненька. А Сьвета ў нас ужо нікуды ня едзе, я так разумею, – сьмяецца Іваныч.
– И вновь продолжается бой! – засьпявае раптам Сьветка і пускаецца ў скокі бугі-вугі. – Ирунчик такой молодой, и Светик за ней на мазѝ! Ача, ача, па-дуп-туп-ча! – тады і я далучаюся да творчага экспромту: – А нам нужна одна победа? – Одна на двух – мы за ценой не постоим! – выкшталцоўвае чарговае па Сьветка.
Іваныч цярпліва вычэквае канца музычнага эцюду.
– Ну, бачу, гатовыя, – сьмяецца ён. – Так што праз тыдзень прыяжджаеце сюды, у Азёры. Жыць будзеце тут, на базе. Прыгажосьць!.. Сэсію, Іра, ты здала...
Я задаволена ківаю.
– На адныя пяцёрачкі! – хваліцца Сьветка.
– Вось. За тыдзень зробім табе адмацаваньне ад практыкі.
– Ой, практыка... Баюся, не адпусьцяць. За практыку залік павінен быць.
– Ужо дамовіліся. Напішам такую паперку, што яны табе дазволяць самастойную практыку. Зьбіраць фальклёр! Хіба толькі натоўпам можна? Ім яшчэ лепей, што ты ў іншым месцы зьбіраць будзеш. Во – Азёры. Вёска вялікая, людзі шчодрыя – насыплюць табе песень поўную торбу. Прыяжджай, зьбірай свой фальклёр. ...Усё, рыхтуйцеся да параду, мэдалі атрымліваць, красуні. А потым – каўбасу даядаць. Бульба там ужо астыла за гэтымі гонкамі.
Ну, вось і ўсё. Скончыліся яшчэ адныя гонкі. Вяртаемся ў Мінск. Мне хуценька здаць яшчэ адзін, апошні, экзамен і падпісаць паперку ў дэканаце. І праз тыдзень мы вяртаемся сюды. Трэніравацца, ганяцца, сябраваць, радавацца сонцу, вадзе і юнацтву. І зьбіраць фальклёр.
Але гэта ўжо іншая гісторыя.
1977–2017 гг.
* Вада – тут: дарожка для праходжаньня дыстанцыі; нумарацыя водаў ідзе зьлева направа.
** Адработка (слэнг) – участак вады за кармою лодкі, там вада цяжкая.
*** Сядзець на хвалі – тактычны прыём: ад носа лодкі ідзе хваля, якая можа рэальна “цягнуць” другую лодку побач. На кароткіх дыстанцыях гэты прыём забаронены.
**** Кускі, кусок (слэнг) – паскарэньне (рывок) на вызначаны адрэзак дыстанцыі.
***** Канструкцыя – тут: адмысловая грузавая машына са сьцелажамі для перавозкі лодак.