top of page
вярнуцца:    да     Галоўнай      Літаратурных твораў

     Пачуцьцё вады      

          Старцёр выпрастоўваецца на вышцы, падымае сьцяжок і драўляным языком агалошвае:

          – Ка два... піццот... жы... жэншыны, ё... юнакі 59–60... На старт!

          – А вось гэта во ён што сказаў такое? А вось я зараз нікуды не паеду! – абураецца раптам Сьветка. – Чаго ён абражае? Мяне абражае!

          – Байдарка-двойка, пяцьсот мэтраў, дзяўчаты 16–17 гадоў... На старт! – крычыць хлопец у лодцы-казанцы, прышвартаванай да стартавай вышкі.

          – Ну, вось табе і пераклад зь неўразумелай на ўцямную, – сьмяюся я. – А гэты што за фацэт?

          – А! Гэта Васька Жыгмант з Гродна. Ён ІФК скончыў толькі што. Вярнуўся дахаты працаваць. І пакуль вучэбны год не пачаўся, дык яго сюды закінулі на стажыроўку.

          – Эх, дзяўчаткі!.. Кроў з малаком! – крычыць Васька і плюхаецца на дно казанкі.

          – Вось і адстажыраваўся хлопец.

          Тымчасам усе чатыры лодкі ўжо стаяць на старце. Толькі нас чакаюць. Усе актыўна працуюць вёсламі: утрымаць лодку на месцы па такой хвалі – работа на нэрвы.

          Мы перасеклі стартавую лінію, пачынаем разварочвацца на месцы. Да старцёра для адзнакі не пад’яжджаем: ужо няма часу да іх целяпацца. Я здалёк крычу, падняўшы вясло:

          – Пятая вада тут!

          – Пятая вада ёсьць! – адказвае Васька.

          Мы паціху накіроўваемся да свайго старту. Да яго яшчэ мэтраў дзесяць. Я баюся разганяць лодку – пераскочыш на хуткасьці лінію, старцёр скажа: назад! – давядзецца табаніць, і раптам дасьць старт, а ў цябе лодка на заднім хаду...

          – Першая вада гатова?.. Другая вада гатова?

          Кожная заграбная па чарзе падымае вясло.

           – Чацьвёртая вада гатова?.. Пятая вада гатова?

           – Не-е-е-е-е!!!..

           – Увага! ...Марш!

           А мы яшчэ на цэлы корпус ззаду!

           А каб табе скула ў бок! Муйло ты п’яное! Гэтак старты даваць! Нам цяпер з адработкі** выбірацца!

           Надзька адразу кінулася наперад! Ведае, што нас так пракінулі, хоча надзейна пакінуць нас у адработцы, каб і не вылазілі. Ня выйдзе! Кідаюся ў пагоню! Адчуваю адразу Сьветчыны моцныя грабкі пада мною. Сьветка, гасім на ўсю!

           Злосьць хлынула хваляй у скроні! Тваю ж лапаць! Паскуда судзейская! Ёлупень стары! Ну, так жа ж нельга! Са мной – нельга! Вы ў мяне ўсе даведаецеся!

           Ці цяжкая вада ў адработцы, нават ня ведаю – хвалі гасяць і перавагі, і невыгоды. Нос лодкі то завісае над вадою, то нырае пад ваду. Пляваць! Толькі б дагнаць! Толькі б дастаць!

           ...Дастаем!.. Параўняліся з чацьвёртай вадой!.. Вось Надзька!.. Ідзем побач! Сячэмся! Ці больш намагаемся ўтрымаць балянс?.. Часам пляскаем вёсламі па вадзе, каб утрымацца. Што за хвалі! Я такога яшчэ ня бачыла! Б’юць у борт, ускідваюць нос, заварочваюць карму. Пена, барашкі, пырскі... Хвалі лупяць ужо проста ў твар! Цуды сёрфінгу, блін!

           Падыходзім да фінішу. Гэта апошняе, што я для сябе вызначыла. Гонка ператварылася спрэс у змаганьне з хвалямі, пырскамі. Як б’юць у нос – разварочваюць лодку ўправа, раптам лупяць па карме – лодка пайшла ўлева. Руліцца няма ніякае магчымасьці, я проста заціскаю руль нагамі пасярэдзіне, адрульваюся вёсламі. Галоўнае – Сьветка! Яна ўпарта трымаецца мяне!

           Нічога ўжо ня бачу – кругом пырскі, вада, захлынаюся вадою, галавы не падняць. Чую, справа на беразе раве натоўп. Не разьлічаю, хто... што... Недзе Іваныч там крычыць. Скача ўздоўж берагу лезгінкай ці вальсам... Зьлева – далятаюць абрыўкі ляманту дзевак... Зычны стук дрэва па дрэве... Апошні Надзькін ёкат на ўсё возера: “Ка-ацька-а!.. зацісьні вясло!.. між ног!.. так сядзі!.. давязу-у!”

Фініш! Дзе ён?.. У мяне яшчэ сілы – вагон! Няма як уперціся, каб выкласьціся! Чаго фініш так рана? Хай бы яшчэ мэтраў 50 – у мяне столькі сілаў! – мы б Надзьку абулі, як даць! Дзе фінішны створ? Не разьбяру! Яшчэ колькі грабкоў для надзейнасьці!

           І тут раптам ад напругі з-пад ног вылятае ўпор. Руль рэзка адлятае да канца ўправа. Ногі губляюць апору. Тут яшчэ хваля – і лодка юзам разварочваецца ўправа. Борт зьлева заваліўся аж да кален. Каб не фартух – ужо б зачарпнулі вады. Кідаю рэзка вясло на ваду, усталёўваю лодку (гэты слаламскі фінт я ўжо ўмею!). Але тут яшчэ адна хваля! Фартух сарвала! Яшчэ хваля – хоп! – вядро вады ў лодку, яшчэ адно... І нос лодкі ўпэўнена і беззваротна пасунуўся пад ваду...

           – Сьветка, тонем! Выскокваем! Ратуем лодку!

           Мы ў вадзе, выраўноўваем лодку, вада ўнутры хлынула да кармы, усталёўваем лодку на балянс, яна пацяжэла, што той баркас. Зьбіраем вёслы, сьляйды, упоры, кладзем усярэдзіну... Хвалямі нас гайдае і разам з лодкай гоніць да берагу... З прыстані зрываецца казанка насустрач...

           Чорт! Чорт! Чорт! Я гатова нешта зламаць! Разьбіць аб калена! Вясло!.. Не-не-не! Толькі ня гэта! Я ж яго сваімі ручкамі! Укарочвала пад рост, станчала пад сваю руку, клеіла, лачыла, кожную шчылінку залізвала...

           Раптам намацваю нагамі дно. Яшчэ так далёка да берагу! А я ўстаю, мне вады... па гэтыя... ну, вам, даўгавязым, па пояс будзе...

           Вось яно! Азёраўскае мелкаводнае шчасьце! Трыюмфальнаму фінішору няма дзе ўтапіцца!

           Чорт! Чорт! Чорт! Я луплю рукамі па вадзе! Дайце мне што-небудзь разьбіць-зламаць! Столькі сілы яшчэ! Так ня выкласьціся з-за гэтага ветру! Дайце мне прут жалезны, я яго сагну, халера!

           Казанка праносіцца міма. Нас акатвае ягонай хваляй.

           Азіраюся, дзе Надзька? Яны ў вадзе ля фінішу. Іх ужо падбірае арбітар на катар. Казанка ляціць па іхную лодку. Астатнія лодкі проста не дайшлі, разьвярнуліся, сядзяць кармой да ветру, іх хвалямі нясе да берагу. Сышлі з дыстанцыі...

           Насустрач нам бягуць па мелкаводзьдзі хлопцы. Мы ўжо дайшлі па калена. Хлопцы забіраюць лодку, бяруць догляд за ёй, выліваюць ваду...

           Мы выходзім. На плячах раптам аказваецца шынель. У Сьветкі таксама. (Адкуль шынялі? Хлопцы прыходзяць з войска, аддаюць шынялі на родную базу ў агульнае карыстаньне. Узімку нашыя трэнеры на зборах – ну, чыста ўзвод ваеннапалонных. Вось брат прыйдзе з арміі – я ў яго таксама сьцягну.) Мне шынель аж да пят, прыкрывае ўсе лыткі... цікаўным – не падглядваць! Ідзем да прычала.

Туды ўжо пад’ехаў кацер арбітра. Зь яго выскокваюць Надзька з Кацькай. Надзька з разьбегу налятае на мяне, пхнула ў плечы:

           – Ты!!! Ды ты ўсё жыцьцё маю карму будзеш бачыць!

           Яе адпхнула Сьветка. Устала перада мною. Сябар захіліў сябра магутнымі грудзьмі. Надзька ўсё крычыць з-за ейнага пляча:

           – Колькі яжу ні трэніравацца – за зайцам ня ўгнацца!

           Сьветка раптам рагоча:

           – Колькі зайцу ні карпець – а за вераб’ём не ўзьляцець!

           – Дзяўчаты, дзяўчаты, вы яшчэ пабіцеся тут!

           Сьветка, сябра, чакай, чакай... Што ты там такое наразе выдала? Хвіліначку, мушу запісаць! Не замінайце чалавеку гаварыць – глядзіш, мо што і скажа! Ой, якая думка праскочыла! Вось яно! Мне цяпер ёсьць што сказаць людзям!

           Надзька раптам сунялася, разглядае нас.

           – А вы чаго такія мокрыя? Сынхрон на нашай хвалі*** згубілі? Халяўшчыкі. Апялюх з нашых вёслаў налавілі? Гы...

           – “Ляшча” яны злавілі! – усоўвае свае пяць капеек усюдыісная хлапечая масоўка. – Такога ж, як вы. Толькі вунь у тым чароце. Ха-ха-ха...

           – Якой вашай хвалі? Ты пра што?

           – Вы на нашай хвалі ехалі!

           – Дзе вашая хваля, а дзе мы? Вы па трэцяй вадзе, мы – па пятай! ...Мы ўвогуле на мяляк заехалі... Гэта чацьвёртая вада ў вас на хвалі сядзела!

           – Вы з самага старту сядзелі ў нас на хвалі!

           – Мы з самага старту фору вам далі. Мы на корпус ззаду стаялі!

           – Стаялі, ага! Вы з накату на старт пайшлі!

           – Які накат? Мы толькі затабанілі – а гэны старт дае. Я табаніла. (Што-што ты, Сьвета, рабіла?..) Так! Мы не гатовы былі – а ён адмашку дае!

           – Хаця б я ў цябе на хвалі сядзела! Зашмат гонару. Мы адразу вас дасталі, і каб вы ня вывернуліся, мы б вас надралі! А каб старт нармальны быў...

           – Мы на фінішы вывернуліся. А вы дзе? Да фінішу хоць дайшлі, чайнікі?

           Падышлі Іваныч са Сьцяпанычам, Надзькіным і Кацькіным трэнерам.

           – Іваныч, дык мы фінішыравалі? Мы фінішную лінію хоць перасеклі?

           – Перасеклі, – упэўнена ківае Іваныч. – А як жа. Бокам. Азадкамі.

           – Га-га-га, – весяліцца хлапечая масоўка, – у адных лодка безь веславальнікаў фінішуе, другія – азадкамі бяз лодкі! Ну, вы, дзеўкі, на ўсе штукі майстры!

           – Сьцяпаныч, яны ў нас на хвалі ехалі! Падайце пратэст у судзейскую! Хай іх здымаюць.

           – Іваныч, мы стартавалі, на корпус ззаду яшчэ былі, а старцёр адмашку даў. Скажыце арбітру! Ідзіце паскардзьцеся ў судзейскую!

           – Вось арбітар ідзе. Няхай скажа, хто як стартаваў, хто на фініш прыйшоў, хто ў каго на хвалі сядзеў!

           Арбітар, высокі, здаровы, як мядзьведзь, у расхінутым чорным міліцэйскім кажуху, у балоневых штанах, запраўленых у рыбацкія гумавыя боты, з расчырванелым, абветраным тварам і з тэчкай пад пахай, урэшце выбраўся з кацера на прычал, павольна пасунуўся да берагу. Па дарозе завярнуўся да Сьцяпаныча:

           – Я за тваімі дзеўкамі больш не паеду, – уздыхнуў сонна. – Віця, нават у мяне вушы ў піпку скручваюцца. Ну, мужыкі і то так не мацюкаюцца на заезьдзе, як гэтыя саплюхі. Ты, Віця, мне за такую працу завінаваціўся пляшку кань... малака за шкоднасьць. Ня першы ж раз, Віць. Калі аддаваць будзеш?

           Завярнуўся і ў поўнай цішыні стомлена пакрочыў далей. Ідучы міма Іваныча пхнуў яму ў грудзі пальцам:

           – І ты таксама.

           Кіўнуў гэтым жа пальцам на мяне і пайшоў сабе, шморг-шморг штанамі, далей да судзейскай.

Іваныч павольна паварочваецца ў мой бок. У Іваныча запытальнае зьдзіўленьне ў вялізных вачах. Анямелае, можна сказаць.

           – І я?! – павісае мая сківіца ў аслупянелай цішыні. (Але чаму мне падаецца за сьпінай нарастальны дзікі рогат хлапечай масоўкі?..)

           Ой-ё-ё-й... ё-ё-й... Студэнтка ажно цэлага ўнівэрсытэту... Будучы філёляг...

           А я вось што вам скажу. Вы ня слухаеце і ня верыце... А вось фэхтавальнікі, яны што расказваюць. Калі хочаце спазнаць свой глыбінны, ісьцінны голас – выходзьце на памост і фехтуйце. Яны там такія ёкаты ды сквілы выдаюць! Чыстая катавальня! А я вам болей скажу, людцы мае, вялікія і важныя. А вазьміце вясло, сядзьце ў байдарку – і давайце, паганяйце па бакавой хвалі з барашкамі! І вы таксама адкрыеце ў сабе ўсю сваю глыбінную, патаемную лексіку. А я на вас пагляджу ды паслухаю. Гэта я вам як лінгвіст кажу... будучы.

           – Ну? Скончылі дзеўкі разбор палётаў? – Сьцяпаныч ківае Іванычу. – Пайшлі, Толя, цяпер у судзейскую разьбірацца. Пляшку прыпас, га? Малака?

           – Віця, быў прайшоў слых, як яны стартанулі, вецер ашалеў да пяці балаў, што трэба адмяняць гэты заезд, пераносіць на заўтра. Сёньня ўжо ня будзе рады.

           – Я нікуды больш не пае-е-ду-у!!! – а-а-а, давай Сьветка, дзеўкі, дайце ім!

           – Гэта як, Іваныч-Сьцяпаныч, гэта вось там ужо вырашылі адмяніць заезд... А мы чаго тады ў такую сечу пайшлі?.. Зарубацца!.. У такі шторм кілбасіцца!.. Піявак у майткі налавілі!.. Морды адна адной ледзь не павыдрапалі!.. А адразу нельга было?..

           – Прэкраціць! Падрапаю зараз! Толя, і чаго гэта дзеўкі адна адну так ня любяць?

           – Вы, дзяўчаты, ідзіце пакуль пераапранайцеся.

           – Нам ня холадна! Не-е, ужо ж мы тут пачакаем. А вы пахутчэй там!..

           – Марш пераапранацца! Каб я вас заўтра здаровенькіх, несмаркатых вашым мамкам у рукі здаў!

           – Прэч дзяцей з судзейскай! Разьвялі анархію!

 

           ...Маленькія ранішнія птушкі сакатліва порхаюць па галінках ліпы. Вераб’і. Ужо ж, усчаліся.  Падняліся, вуркаманы, сьвітанак сустракаць. Зрэшты, мне той сокат звыклы. Дом патанае ў густым палісадніку, акупаваным вялізнай вераб’інай чарадой. Усе, хто жыве ў нашым доме, на гэтую “ранішнюю малітву” ўжо не зважаюць. Ну, прывыкаюць жа людзі і да рокату машын, і да грукату цягнікоў. Вось гасьцям нашым заўсёды бяда: вераб’іны гоман будзіць іх, асабліва ўлетку, як цяпер, ажно а чацьвёртай гадзіне. ...Што, ужо чацьвёртая? Але, як спаць хочацца! Працягваем...

           Не расплюшчваючы вачэй, я адчуваю, як сонечныя праменьчыкі мітусьліва скачуць па галінках разам з птушкамі. Раптам адзін зь іх – оп! – плюхае смачна мне проста на нос, асьляпляючы нават у заплюшчаныя вочы. Скуль ён у такую вераб’іную рань? Ды й не бывае ў мяне сонца ўвогуле зраніцы... Ой, а гэныя верціхвосткі ўхвалілі такое трапнае пападаньне нейкім дзіўным, незвычайным сьвістам і гогатам! Зьдзекуюцца, паганцы...

           Пераварочваюся на другі бок. Цягліцы сьпіны, рук раптам зарыпелі стогнам... Дзе гэта яны так нацёгаліся надоечы? Спаць...

           Халера, але як дзіўна яны сьвішчуць... А во, заліліся нейкімі пералівамі... Гэта няправільныя вераб’і. Пяюць салаўямі... Адкуль у нас тут салаўі?!.. Непарадак!

           Я расплюшчваю вочы... і яны ўтаропліваюцца ў старыя, абшарпаныя шпалеры... даўно нефарбаваную падлогу... пусты жалезны ложак... Я ня дома!

           Дзе я?!

           У якую яшчэ дзіру мяне занесла маё спартовае жыцьцё?

           – Дзяўчаты, пад’ём!

           А гэта што было?... Нацягваю на галаву коўдру. Помніцца, у Пінску мы вось так жылі на дзебаркадзеры, на рачным вакзале... У суботу пачыналася... ага, аж а 5-й гадзіне – гусі га-га-га, куры... сьвіньні... дзядзькі лаюцца... цёткі сварацца, адна адну ня любяць... рамантыка... у-а-ха-а... пазяхаю... Куды яны ўсе ехалі зраньня?.. ах-аха... засынаю... на рынак, пэўна... з рынку... правальваюся...

           – Дзеўкі, ды колькі ж вас будзіць! – разразае цішыню грукат ды забойны Іванычаў голас.

           Не, ну так нельга... Дзяўчатак шкадаваць трэба. Мы харошыя. Чаго ўжо так раўці, што за пажар...

           – Іра, Сьвета! У вас заезд праз паўгадзіны! Падымайцеся зараз жа!

           Заезд!.. А-а-а-а!..

           Я ўскокваю, азіраюся. Успомніла! – Азёры. Белсавет. Двойка. Старт а 7-й гадзіне раніцы.

           Учора судзейская адмяніла наш заезд і разам з трэнерскім саветам вырашылі перанесьці ўсе заезды назаўтра, і пачынаць як мага раней, пакуль хвалі не ўсчаліся. Наш заезд – першы.

           Будзь пракляты той дзень, як я села ў гэтую балею!.. А на Спартакіяду хоцца? У Львоў?.. Давядзецца ўставаць.

           Нас, усю мінскую каманду, не павезьлі ўчора ў нашую гасьцініцу ў Гродна. Вырашылі начаваць у Азёрах.

           Наш Іваныч – майстар нестандартных рашэньняў. Летась у верасьні, на закрыцьцё сэзону, на дарослым ЦС-е “Дынама” ў Тракаі, куды ён мяне ўзяў “дзеля экскурсіі паглядзець на вялікіх” і “падкарміць” (то-бок мне як удзельніцы выдалі ўніформу на гонкі – шыкоўны блакітны касьцюм зь лампасамі, аж у два рады; праўда, завялікі, штаны аж пад пахі, давялося ўшываць), быў разгуляўся вось такі ж шторм. Асабліва ў апошні дзень, на заездах 10 кілямэтраў, “чырвонцах”, рабілася нешта неймавернае – вецер, дождж, халадэча, лодкі затоплівала хвалямі, выкідвала на бераг, шмат хто вымушана сыходзіў з дыстанцыі... Перад стартам нашых хлопцаў у двойках, якія ўжо трэці дзень і так цягнулі ўсю праграму гонак, Іваныч завёў іх у найбліжэйшую кавярню, купіў каньяку, разьліў ім па сто грам... Хлопцы да фінішу дайшлі, хаця некалькі разоў патаналі, выходзілі на бераг, адлівалі ваду з лодкі.

           Учора Іваныч вырашыў застацца ў Азёрах. Не было сэнсу матацца ў горад. Старты а 7-й гадзіне раніцы – у аўтобусах хіба высыпацца... Вячэралі ў вясковай сталоўцы з ганарлівым найменьнем “Ресторан”. А вось гатэля ў вёсцы не знайшлося. Знайшлася старая, закінутая, драўляная школа на беразе возера, непадалёк, дарэчы, ад дыстанцыі, трохі далей за стартавую зону. Тут выявіліся і ложкі з матрацамі. І коўдры з падушкамі, праўда, без прасьцінаў. З намі ў пакоі яшчэ нашыя малодшыя дзяўчаты. У іх таксама фінал двоек сёньня. Дзе начуюць іншыя каманды, ня ведаю. Мясцовыя, гродненскія-слонімскія, яны тут свае, пэўна, на базе, там ёсьць колькі жылых пакояў.

           Падымаемся. Апранацца ня трэба: апранутыя спалі. Не-а, трэба – мусім пераапрануцца ў гоначныя аднолькавыя футболкі. Вось яны – уся амуніцыя сохне на сьпінках ложкаў. Высахла ўжо.

           – Виновата-а сама-а! Виновата-а во всём! – зацягвае Сьветка, расчэсваючы свае даўгія, непаслухмяныя колеру цёмнай саломы, амаль рудыя валасы, завязвае іх у хвост. – Этим спортом я зря заня-яла-ась!..

           Выходзім з пакою. Вёслы – вось яны стаяць у куце ў пакоі – у рукі, і з рук не выпускаць. На дварэ зёлка, халаднавата. Выцягваюцца з пакояў і соўгаюцца па двары сонныя хлопцы. Дзе б тут умыцца?

           – Дзяўчаты, яно вам трэба? Зараз вас умыюць на дыстанцыі.

           Першы, амаль рэфлекторны жэст: палец у рот і ўверх – які там вецер?.. Нічога новага, усё тое ж – вецер паўночны, бакавы. Да полудня панаганяе хваляў. Але мы пасьпеем адганяцца, наш старт – першы.

           За рагом хаціны – ба! – вогнішча! Над ім рандоля. А ў ёй булькае бульба! А над ёю чарадзеіць – пратры вочы! – Васька Жыгмант. Побач – рандоля з каўбасамі і салам. І Іваныч – наразае яго кавалкамі на лаўцы.

           – А вы як паснулі ўчора як пшаніцу прадаўшы, ці быццам у халоднай вадзе выкупаўшыся, а мы з Іванычам прайшліся па вёсцы, накупілі сала, каўбасы, малака... Усю ноч бульбу абіралі на вас усіх.

           – Ай, Вася!..

           – Васілій Браніслававіч, пшэпрашэм.

           – Ну, ты – кавалер! Ну, дзякуй!

           – Ну-у, дзяўчаткі, усё для вас.

           – Але ж ты ўчора аж на нагах не стаяў.

           – Што вы, дзеванькі, дзе там устаіш: хваляй казанку так матляла! Ці вам расказваць! А Селівончык так стаміўся матляцца, мяне да яго й адправілі для падмацаваньня стартавых пазыцый. ...А вы, дзяўчаткі, – ну, малайцы! Змагаліся ўчора, як зубры!.. Селівончык ужо старт махнуў, а з фінішу замахалі – заезд спыняюць. Вам крычалі, але ж вы нічога ўжо ня чулі!

           – Іра, – азіраецца Іваныч, – а зрабі так… – і ён грунтоўна ўцягвае ў сябе носам.

           – Запроста, Іваныч. Усё нармальна, лета ж на дварэ. Узімку і то не хварэлі. Ах, бульбачка гарачая, каўбаскі вясковыя...

           Раптам, як зь неба зваліўшыся, з-пад зямлі вырастае, з кустоўя вылязае расчырванелы, запыханы Макарыч.

           – Дзе гэтыя пташкі-матрошкі? Вы што тут робіце? ...Трапезьнічаюць, ёлкі дваццаць! Піва падаць? Там ужо лодкі на старце стаяць! Чый першы заезд, я пытаюся?

           Ой-ё!.. З разяўленых раптам ратоў высыпаюцца парэшткі каўбасы... Мы азіраемся на возера – за дрэвамі-кустамі бачна, як вакол старта ўжо кружляюць лодкі.

           – Каюк! – канстатую я.

           – Я нікуды не пае-еду-у! – адчайваецца Сьветка.

           – Хто сказаў?

           – Я. Мы.

           – А-ну, стаяць!

           – Ёсьць!

           – Заграбная?!

           – Я!

           – Прозьвішча?!

           – Варабей!

           – Ну, дык вось, арлы...

           – Слухаю, мой генэрал!

           – ...дзе вашыя вёслы, сьляйды... тут? Хапцэн мігам усе вашыя вандзэлкі і бягом да базы! Вас чакаюць!

           Мы зрываемся з месца ў мітусьлівы галёп, на хаду даглынаючы каўбасы.

           Макарыч крычыць нам ужо ў сьпіны:

           – Лодку любую бярыце! Калі вашую ўжо нехта сьцягнуў на разьмінку – любую! Я сказаў! Бягом! – наўздагон нашым голым пяткам ён яшчэ прысьвіствае і ляпае ў ладкі.

           Тады задаволена выпростваецца, рукі ў бокі, заварочваецца да Іваныча:

           – А ха-ра-шо! сваіх матрошак выхоўваеш, Толя!

           – Угу. Строга.

           – Падзяліся, як?

           – Яны проста ведаюць, хто ім тут і бацька, і маці, і бог, і цар і вайсковы камандзір.

           – Толя, слухай. А раскажы ты мне. Па сакрэту. ...Дай запалак! ...А што ты там такое ім шэпчаш на вушка перад стартам, што яны ў цябе такія зубастыя робяцца, га?

..............................

** Адработка (слэнг) – участак вады за кармою лодкі, там вада цяжкая.

*** Сядзець на хвалі – тактычны прыём: ад носа лодкі ідзе хваля, якая можа рэальна “цягнуць” другую лодку побач. На кароткіх дыстанцыях гэты прыём забаронены.

частка 1      частка 2     частка 3

bottom of page