Брат родны. Брат малочны
10.
Ради хлеба куска -- о добре и о зле,
и о жалости нету помину.
Если хлебом единым живут на Земле,
пусть возьмут и мою половину.
Чарга, аднак, ніяк не прасоўваецца.
Першы дом, прынамсі, закончаны, і людзі яго ўжо засяляюць. Аднаго дня бацька прыходзіць і абвяшчае, што ніякай кватэры мы не атрымаем і ў другім доме таксама. Гэта ёсьць рашэньне мясцкаму.
Мая адчайная да безразважнасьці мама спавівае мяне цяплей і шыбуе да адваката.
– Вы такая ж кабета, як і я – вы можаце мяне зразумець...
Такая ж кабета, як і яна, уладкаваўшыся ў мяккім фатэлі, глядзіць холадна-абыякава паверх акуляраў. Мама, каму ты тлумачыш?
– Навошта ж вы нараджаеце дзяцей, калі ў вас няма нармалёвых умаваў, каб іх гадаваць? – знойдзены самы спагадлівы адказ.
А во як! Ты бачыш, дачушка, нам нат і дзяцей мець ужо нельга!
– Але яна ўжо нарадзілася, і я ня ўпхну яе назад! – мама проста ўпхнула мяне ёй у рукі. – А ў цябе, напэўна ж, добрыя ўмовы! На, гадуй! – і ляснула дзьвярыма.
Я чуюся раптам кінутай назаўсёды і заходжуся ровам. Голасна, патрабавальна!
...Праз паўгады, мы, шчасьлівыя, уедзем у нашую новую 2-пакаёвую “хрушчоўку” ва ўтульным дамку ў вёсцы Курасоўшчына – былым маёнтаку генэрала Ададурава, што за паўднёвай мяжой Менску. Тут мы з братам і будзем гадавацца ў нашым дзіцячым садку, які разьмесьціцца ў прыгожанькай Белай дачы, і ў нашым доме пасярод старого кляновага парку, бавячы час у Дубовай даліне сярод пяцьсотгадовых дубоў каля рэчкі Мышкі, гойсаючы па Лысай гары – старажытным кургане (я даведаюся, што гэта курган, толькі дарослай), гуляючы ў лялькі з кукурузнымі пачаткамі на інстытуцкіх дасьледчых палях, што месьціліся проста за парогам нашага дома, п’ючы сырадой зь мясцовай гаспадаркі, зьбіраючы бярозавы сок у бліжэйшых гаях, латошачы яблыкі ў незлічоных калгасных садох. Пазьней нам, “першапасяленцам” - напалову гарадзкім, напалову бездаглядным – прыдзецца назіраць, як вялікі горад, хутка разрастаючыся, будзе паглынаць гэты прыгожы куток, выцінаючы шэрымі будынкамі гэтыя сады і паркі.
У гэтай кватэры я і навучуся хадзіць. Навучуся чытаць і пісаць. Тут я закончу школу і ўнівэрсытэт. Сюды буду вяртацца са сваіх спартовых вандровак. Тут народзіцца мой сын і навучыцца хадзіць, чытаць, пісаць... Гэтую кватэру я і прадам, ад’яжджаючы на другі канец сьвету.
11.
У мяне яшчэ няма імя.
Бацькі ўсё рáдзяцца і спрачаюцца. Кожны заве мяне, як яму падабаецца. Брацік у іх рáдах ня ўдзельнічае і заве мяне няйнакш як “нашая дачушка”.
Кожнай раніцы ён бяжыць да маёй калыскі даглядаць “сваю дачушку”. У ягоныя абавязкі ўваходзіць сачыць за маёй пустышкай, каб вяртаць яе на месца, як толькі я яе выплюну. Не такая лёгкая справа, між іншым. А таму ён поўны гонару і адказнасьці. Адылі, прынцэса дасталася яму ох дый несьмяяна: чыста адмовілася смактаць несалодкую пустышку. Выхад адзін – макаць яе ў мёд. Дапамагае, праўда, толькі на тры хвіліны.
Аднаго разу бацькі, пакінуўшы нас на дзьве гадзіны і вярнуўшыся наглядаюць такую карціну: Саша стаіць на зэдліку ля маёй люлькі, цярпліва чакае. Вось узьлятае пустышка, і тут жа выбухае скандал: я лаюся громкім крыкам. Саша хапае праклятую пустышку, злазіць з зэдліка, шаркае валёнкамі хуценка да кухоннага стала, залазіць на другі зэдлік, макае праклятую пустышку ў мёд – і далей зваротнай хадой да калыскі... І гэтак усе дзьве гадзіны.
Мне дастаўся адказны брат.
Сойду на станции заснеженной,
Затерянной в глухом лесу.
На станции с названьем нежным!
"Я на руках вас донесу".
--Таких названий не бывает,--
Так скажет тот, кто вас не знает...
...Калі яму будзе 8, а мне 5, ён вырашыць зрабіць сюрпрыз бацькам. Нейкім чынам ім не пашанцуе з навагодняй ялінкай, і ён вырашыць пайсьці ў суседні лес, каб самому сьсячы і прынесьці яе дамоў. А інакш – як жа нам атрымаць падарункі ад Дзеда Мароза? Куды ж мы паставім свае валёнкі, калі ў нас ня будзе нашай прыгожай ялінкі?
Ён возьме мяне з сабой у гэты цудоўны паход па навагоднюю ёлку.
Паход, аднак, акажацца не такім ужо і лёгкім. Нам прыдзецца збочыць ад дарог у сумёты. Некаторыя з нас вышынёй. Мы ледзь прабіраемся скрозь іх. Стаміліся і ўзмоклі. Але ўсё яшчэ натхнёныя. Выбіраем прыгожую ялінку, і Саша здолее сьсекчы яе. Ён – сапраўдны дрывасек: у вялікай футраной шапцы, вялікіх рукавіцах, валёнках, зь сякерай за поясам. І я ня горш: захутаная ў хусткі і шалікі, я рашучая і адчайная (як мама, я спадзяюся...).
Усё натхненьне зьнікае яшчэ далёка ад дому. Я зьмерзла. Ногі адмаўляюцца мясіць гэты бясконцы сьнег. Я бы села адпачыць, але Саша не дае. Ён ідзе й ідзе. Неяк хутка сьцямнела, пайшоў сьнег і разгуляўся вецер. Ісьці стала зусім немагчыма. Мне сьмяротна хочацца сесьці ў гэты мяккі сьнег, схавацца ад завеі і прыснýць, але баюся застацца тут адной і цягнуся за братам.
– Саша, давай спынімся! Хоць натрохі.
– Гэта нельга! Разумееш? Трэба ісьці! Інакш мы замерзьнем тут да сьмерці!
– А мне ўжо ня холадна! Я толькі хачу сесьці, вытрусіць сьнег з валёнак і трохі прыснуць.
– Не! Спаць нельга! Гэта зман! Ты можаш так памерці ў сьнезе назаўсёды! Трэба ісьці!
– Ты – гадкі і злы! Ці ты ня чуеш? Я не магу больш ісьці! – я спыняюся. Саша бярэ мяне за руку і цягне за сабой. Я працягваю паўзьці. Сьнег, наш любімы, прыгожы пушысты сьнег, зь якім так весела і захапляльна гуляцца – укалыхвае, вабіць да сябе...
Саша прыцягне дамоў і ёлку, і сякеру, і мяне.
Маленькі, ён ужо будзе даражыць Жыцьцём.
12.
Нядзельнымі раніцамі мама бярэ мяне ў свой ложак. Саша ўладкоўваецца побач. Мама распялёнвае мяне, і мы пачынаем наш урок. Саша вучыць мяне чытаць.
Наш Саша – вундэркінд.
Ён вывучыў алфавіт, калі яму было 2 гады. Сам. Ніхто не зьвяртаў увагі на ягоную “навуку”, ніхто не ўспрымаў гэтага ўсур’ёз. Чым бы дзіця ня бавілася, абы не плакала. Не расстаючыся са сваёй новенькай азбукай, туляўся ён па хаце, прыставаў то да вечна занятых бацькоў (бо яшчэ вучыліся завочна), то да гаспадароў са сваім: “Як гэта літара?” “Сынок! – маліла маці. – Некалі пойдзеш у школу – усё дазнаешся!” Але, мама, ці ж можна дачакацца гэтага няпэўнага “некалі”? ...З адной толькі літарай выйшаў у яго канфуз. З апошняй. Гэта ж якраз бацьку патрапіла кінуць хутка і нядбала: “Гэта “Я”, сынок”. Доўга яшчэ дэманстраваў Саша кожнаму сустрэчнаму свае веды ў алфавіце: “Гэта – “А” ... гэта – “Пэ” ... гэта – “Эф” ... гэта – “тата”.
У свае тры гады ён ужо ўмее чытаць. Праз год ён запішацца ў нашую інстытуцкую бібліятэку і будзе насіць кніжкі дамоў. Зноў жа – сам. Адно што суседзкі хлопчык, школьнік, дапаможа яму. То ня дзіва, што работнікі будуць давяраць яму: у нашым маленькім “інстытуцкім пасёлку” ўсе яны будуць нашымі суседзямі і будуць ведаць Сашу як добра выхаванага, разумнага хлопчыка.
Кнігі і чытаньне стануць ягонай сапраўднай сьвятыняй.
Ня толькі кнігі. Усё, што тычыцца навукі і ведаў, стане найбольш важным.
Маленкага росту, за першай партай, сьветлагаловы хлопчык з вялізнымі блакітнымі вачыма мусіць быць самым ахайным і лепшым за ўсіх. Ён усё будзе рабіць самым лепшым чынам. Гэта ягоная натура. Ён мусіць быць першым! Для першай клясы мама адмыслова пашые яму касьцюм – школьную форму, бо ў крамах ня знойдзецца наагул стандартнай формы такога маленькага памеру – і ён будзе насіць яе, як новенькую, аж тры гады, пакуль зь яе ня вырасьце. Ён нізавошта ня пойдзе ў школу ў непрасаванай кашулі. Усе ягоныя сшыткі і падручнікі будуць рупліва абгорнутыя ў вокладкі і заўсёды неверагодна чыстыя. Аднаго разу на бацькоўскім сходзе настаўніца зробіць экспэрымэнт зь ягоным поўнасьцю сьпісаным сшыткам: яна ўкладзе яго ў стос новых і падыме стос, трымаючы за адзін край, так, каб атрымаўся веер: “Ці знойдзеце вы тут Сашаў сьпісаны сшытак?” Ня знойдуць.
Ён будзе змагацца за кожную з тых шматлікіх “чырвоных зорак”, што трапяць у ягоныя сшыткі (вынаходзтва ягонай настаўніцы замест пяцёрак), і залівацца сьлязьмі над кожнай чацьвёркай. “Госпадзі, - будзе гараваць над ім маці, – сынок, чацьвёрка таксама добрая адзнака!” – “Табе добрая – ты і атрымлівай!” ...Зрэшты, ён бадай што ня будзе мець праблемаў з хатнімі заданьнямі: усё будзе давацца яму лёгка. І ён будзе імкнуцца чытаць больш, каб ведаць больш, чым нават вучні старэйшых клясаў.
Настаўнікі будуць гаварыць: “А Варабей наш – вылеціць са школы арлом!”
13.
Нядзельная раніца.
Мы ляжым на падушках на маміным ложку і вывучаем алфавіт.
– Ірынка, тым разам мы развучвалі літары “А” і “Б”...
Я абдорваю яго шчасьлівай усьмешкай і ляскаю няўклюдна ў далоні.
– Не сваволь, Ірынка! Паўторым урок. Глядзі сюды. Памятаеш? Гэта ёсьць “А”. Паўтарай за мной – “А”...
Я запяваю нешта, напэўна ж чароўнае на маёй мове, і паказваю яму язык.
– Малайчынка! ...А цяпер скажы – “Б”. Ну гавары ж!.. Ну, скажы, скажы, мая любая. Ты ж гаварыла тым разам!
Я гучна мурлычу і высьліньваю вялікую бурбалку.
– От так сказала! Мама, ты чула? Яна ж сказала “Б”! ...Сказала, праўда! Малайчына, Ірынка!
Не зьвяртаючы аніякай увагі на бясконцыя бацькоўскія спрэчкі, Саша называе мяне гэтым імем. Толькі такім чароўным імем (такім жа, як і ў ёйнай маленькай, але крыху старэйшай, стрыечнай сястрычкі) маюць называцца такія прыгожыя прынцэсы, як “ягоная дачушка”.
...Маёй маці прыдзецца шыць школьную форму і для мяне. Паколькі я пайду ў школу на год раней адпаведнага ўзросту, то і для мяне ў крамах ня знойдецца школьнай сукенкі такога маленькага памеру. ...Калі мае дзетсадаўскія сябры, якія нейкім чынам акажуцца на год старэйшымі за мяне, выправяцца ў школу, я, абражаная да глыбіні душы гэткім фактам, ушчэнт адмоўлюся йсьці ў садок і закачу ўдома скандал на тры дні, аж пакуль на чацьвёрты маці не завядзе мяне ў школу. Ім прыдзецца прыняць мяне: дзякуючы майму брату, я ўжо буду ўмець чытаць, трохі пісаць і лічыць. ...Гэтак і атрымаецца, што сьвяточны, зь белымі фартухамі і вялізнымі букетамі “Першы званок” так і не адбудецца ў маім жыцьці.
"...Мой день не собирается в сюжет..."
Ён-такі навучыць мяне чытаць...
Але спачатку хадзіць.
Потым будаваць сьнежныя фартэцыі і тунэлі ў нашай засьнежанай Даліне... І адшукваць грыбы ў лесе. Што да яго – то грыбы чамусьці самі будуць выбягаць на тыя шляхі, дзе ходзіць ён. ...А потым плаваць. Я ня ведаю, хто ж навучыць яго, але плаваць ён будзе па-майстэрску, як і ўсё, што ён робіць. І менавіта ягоным незвычайным спосабам навучаньня плаваньню я буду карыстацца ў сваёй будучай працы. ...Ён будзе вучыць мяне маляваць: ягонае няведама адкуль здабытае пачуцьцё колеру і ліній і ягоныя парады будуць дапамагаць мне ў маіх спробах. Ягоныя ж малюнкі будуць на ўзроўні мастака, хаця ён ніколі ня будзе цікавіцца маляваньнем. А я дык заўсёды буду занятая піянэрскімі ды камсамольскімі насьценгазэтамі – што ў школе ды ў лягерах, так і ва ўнівэрсытэце. ...Ён жа навучыць мяне гуляць у шахматы, і я буду выйграваць у спаборніцтвах...
Ды й лыжы... Лыжы стануць нашай агульнай любоў’ю. Здаецца, я навучуся бегаць на лыжах раней, чым хадзіць нагамі. Насуперак любому марозу, некалькі гадзін кожнага дня будуць прысьвечаны нашай любімай засьнежанай Даліне і Лысай гары. Я абавязкава буду праторваць першую лыжню пасьля кожнага сьнегападу, Сашка ж аддасьць перавагу гэтым на злом галавы скачкам і палётам з крутога схілу Лысай гары. Хаця ўсяго таго рыштунку й будзе, што прасьцецкія вузкія лыжы, прыладжаныя да валёнкаў звычайнымі гумкамі, але будзе ён самым сьмелым і адчайным маленькім скакуном ва ўсёй акрузе.
Навучыць ён мяне і ...біцца, і я буду бараніць яго ад “бальшуноў”. Гэта будзе ўзаемна, праўда. Нават ад нашай жа маці: адчайнна будзе падстаўляць ён свае плечы і рукі пад пагрозьлівы рэмень, прыкрываючы мяне, шкоднае дзіця, ад мамінага суправядлівага гневу: “Мама, яна ж маленькая, яна больш ня будзе!” ...Адылі пазьней нам будзе даставацца напару за нашыя бязглуздыя вычварэньні: нішчэньне посуду прыгатаваньнем нейкіх новых цукерак, гульню ў футбол у кватэры, вынаходзтва пораху...
Дзівавацца будзе ўсё нашае атачэньне такому сяброўству паміж братам і сястрой. Бадай што... Дружалюбныя да ўсіх, поўныя жыцьцядайнай энергіяй, мы будзем адорваць усіх нашым вясёлым жыцьцёвым спэктаклем.
Пойдем с тобой гулять по зверобою
и ветер на веревочке с собою
давай водить по замалининым долинам,
и дружно есть зеленую малину.
14.
А часам будзе і так:
Прыцягвае мяне (яшчэ дашкольніцу) дадому за каўнер майго ўшчэнт засьнежанага футра:
– Во! – дакладвае ён маці.
– Што такое? – выглядае яна з кухні.
– Во яна. Бач, зноў з Дзімкам гуляла.
– Дык што?
– Так, – адрываю я ягоную руку ад каўнера. – Ён мой жаніх.
– Я ж табе казаў ужо! ...Ты не разумееш: толькі ў тых сем’ях, дзе дзьве дзяўчынкі ці два хлопчыкі, яны мусяць жаніцца! А ў тых, дзе хлопчык і дзяўчынка, – ня трэба. Калі мы вырасьцем, мы проста станем муж і жонка.
Мілая дзіцячая наіўнасьць...
Калі мы будзем ужо ў старэйшых клясах, у нашай хаце то там, то тут я часам буду натыкацца на апавяданьні аб шлюбах паміж братам і сястрой, складзеныя ў самых розных частках сьвету...
Калі ён пойдзе ў войска, мы будзем пісаць адзін аднаму лісты памерам з добры сшытак дробным почыркам. То будуць проста нашыя думкі аб Жыцьці. Аб ягоным сэнсе. Аб сэнсе жыцьця ў гэтым, такім датклівым і распусным, нашым заблытаным Сьвеце. “Ведаеш, сястрычка, – напіша ён мне, – я адчуваю ў сабе вялізную сілу індывідуальнасьці. І са свайго шляху я ніколі не сыйду...” Мама будзе крыху раўнаваць нас і так цікаўна падглядаць праз маё плячо...
У арміі ён навучыцца граць на гітары і прывязе дамоў некалькі сваіх вершаў і песень. Мы будзем бавіцца зь імі: я нават напішу перафраз на адзін ягоны верш.
Вершы... Зрэшты, ніхто – ні бацькі, ні я – так і ня будзе ставіцца сур’ёзна да ягоных паэтычных спробаў.
Ужо пасьля пачатковых клясаў стане ясна, што надзея “ўзьляцець арлом са школы” мае важкую падставу – высьветліцца, што Саша вельмі таленавіты: ён фэнамэнальна адораны ў матэматыцы. Праз усе гады ягонай вучобы ў сярэдніх і старэйшых клясах, настаўнікі будуць дзівіцца ягоным здольнасьцям. Як потым і выкладчыкі ва ўнівэрсытэце. Гэтак будзе шмат шуму і размоваў вакол яго... Знаёмячыся са мною, настаўнікі будуць вітаць мяне: “О, дык ты сястра таго матэматычнага хлопца! То, напэўна, і ты такая ж таленавітая, га?” Магчыма. Але не настолькі яскрава, як ён.
Ты – геніяльны, мой маленькі старэйшы брат.
...Мы натхнёна працягваем наш нядзельны ўрок, і я ахвотна прыступаю да наступнай “В”, ...але са мной адбываецца нейкі канфуз, і мы пераходзім да водных працэдураў.
15.
Кто связь между добром и злом разрубит?
Кто сможет это сделать не греша?
У сваіх лістах і размовах ён будзе гаварыць мне: ”Ты, сястрычка, нарадзілася ня ў тым стагодзьдзі. Ці то запозна. Ці то зарана. ...А мусіш верыць, што твой прынц яшчэ адшукае цябе, мая дарагая прынцэса.”
. ..Пазнаньне таго, які зьменлівы гэты цудоўны Сьвет, яшчэ чакае мяне наперадзе ў маім жыцьці.
Якім пакручастым можа быць Жыцьцё – як нашыя зьвілістыя беларускія ручаі. Якімі нечаканымі, зацягучымі вірамі – як у нашых глыбокіх рэчках – запоўнена яно... Як Любоў у абдымках Хлусьні становіцца Ільдом. Як Гвалт можа ўбірацца ў вопратку Дабра...
І ніколі ня зможаш ні прывыкнуць да прыхамацяў Жыцьця, ні быць гатовым да ягоных паваротаў.
"Не будет моей части в разгадке Бытия..."
У сярэдніх клясах высьветліцца, што ў Сашы падазроныя схільнасьці да недаравальнага граху: ён відавочна ня будзе цікавіцца “общественной жизнью школы” і ўсяляк памкнецца пазьбягаць удзелу ў піянэрскай і камсамольскай рабоце. Што неабвяргальна мусіць быць выпраўленым!
Уступ у піянэры ня будзе для нас нас выбарам, а вось прыём у камсамол мы павінны будзем яшчэ заслугоўваць. Непрыняцьце ў камсамол – страшэннае пакараньне!
Саша нават не складзе заявы туды...
Вайна з свавольным хлопчыкам разгорнецца не на жартачкі. Саша праявіць нечувана-недапушчальную ўпартасьць. Асобны фронт вайны праляжа праз буржуазна-недапушчальную даўжыню валасоў, шырыню штаноў і разбэшчаную музыку “Бітлз”. З часам, калі іншыя хлопцы ўжо супакояцца ці хаця б будуць хаваць свае захапленьні, гэты цьвердалобы неслух – не. Ня пусьцяць яго ў клясу ў шырокіх штанінах – ён здабудзе сабе яшчэ шырэйшыя. Яго будуць стрыгчы нагала – ён будзе прагульваць школу...
Да старэйшых клясаў ён ператворыцца ў абсалютова няўпраўнага, невыносна агрызьлівага “цяжкага падлетка”. Будзе пастаянна прагульваць школу, запусьціць вучобу і ня будзе прызнаваць ніякіх парадкаў.
Я хаця і буду даволі актыўным сябрам касамолу, але дух супярэчлівасьці ня будзе чужым і для мяне. І часьцяком, нават пасьля таго, як мой брат закончыць школу, я буду чуць у адказ на мае пярэчаньні настаўнікам: “А-а, это ты достойная сестра своего наглого брата!”
Я должен был родиться журавлем,
но по ошибке -- или по улыбке! --
явился в мир в обличии своем,
чтоб досаждать себе -- колючей рыбке.
Калі ён будзе ў 10 клясе, у школе грымне страшэнны скандал. Райкам камсамолу разам з гарана будуць праводзіць дасьледаваньне сярод вучняў старэйшых клясаў на прадмет іхнай “моральной устойчивости и политической зрелости”. Вучням трэба будзе запоўніць анкеты-апытальнікі.
Пасьля гэтай анкеты Сашу разам з бацькамі выклічуць на пэдсавет школы ў прысутнасьці прадстаўнікоў райкама камсамолу. На парадку дня будзе выключэньне Сашы са школы. (Што – там, у Сашавай анкеце, ня будзе абмяркоўвацца нават дома “на кухні” шэптам...)
Мая бедная мама... мая адчайная да безразважнасьці мама скажа ім:
– А вы памятаеце, якога вучня я прывяла да вас у першую клясу дзесяць гадоў таму? Забыліся ўжо! ...І што вы зь ім зрабілі? ...
Саша ледзь закончыць школу. Мама ўгаворыць яго ўступіць у камсамол, каб падаць дакумэнты ва ўнівэрсытэт на матфак: некамсамольцаў у ВНУ не прымаюць.
Складкаў, аднак, ён ні разу не заплоціць.
Ва ўнівэрсітэце ў яго будуць нейкія праблемы з дэканатам, і напрыканцы трэцяга курсу яго выключаць з унівэрсытэту пасьля таго, як ён проста ня пойдзе здаваць экзамэны па навуковаму камунізму, гісторыі партыі і ўсе астатнія разам зь імі.
Адразу ж яго забяруць у армію. ...Ён будзе шмат расказваць мне ў лістах і пасьля, як гэта складана – змагацца з “дзедаўшчынай”, што махровым цьветам буяе ў войску. Так, ён і тут не супакоіцца, а распачне свайго роду рэвалюцыю на злом ненармальных, нялюдзкіх парадкаў у сваёй часці. Сярод афіцэраў ён праслыве ці то адпетым лайдаком, ці то нахабнікам, але ягоныя захопленыя саслужыўцы яшчэ доўга нават пасьля заканчэньня ягонай службы будуць зьвяртацца да яго – пагаварыць, параіцца. “...І няхай начальства наракае зараз на мяне і баіцца як бунтара, але я рад, што лёд крануўся і ў гэтым ёсьць і нейкая мая заслуга, дзякуючы нежаданьню мірыцца з гэтым усім.”
Кругом идёт война.
Я дрался, что есть силы...
Праблемы з начальствам у яго будуць заўсёды. Хаця ён і зробіцца выдатным будаўніком з вышэйшай кваліфікацыяй па ўсіх будаўнічых спэцыяльнасьцях. Але ягонае атачэньне будзе любіць яго: ён будзе лагодным, вясёлым і інтэлігентным хлопцам.
З гадамі, праўда, – ўсё больш замкнёным і адстароненым.
И у кого мне с ужасом спросить
О том, как становлюсь я холоден к народу,
И через сколько протащили сит
Мою необозримую свободу?
– Ты ведаеш, – скажа ён мне праз гады, – ды нічога асаблівага ў той анкеце я не напісаў. Я напісаў тое, што кожны зь іх ведаў і што кожны думаў. Тое, што ёсьць. ...Ну, напісаў: “Камунізм – гэта гульня ў адныя вароты паміж ілгунамі і дурнямі”, “Праграма Камуністычнай партыі – лухта, напісанія некім”, а “Маральны кодэкс маладога будаўніка камунізму – мантра палітычна сьпелага ідыёта”, ну і ўсякае такое. Зрэшты, гэта былі жарты. Я не зьбіраўся перадаваць ім гэты варыянт. Ня ведаю, як ён да іх патрапіў. Хаця я і не шкадую аб тым: от жа весела было! Ты памятаеш? – засьмяецца ён. – Яны ж там насіліся тады, што тыя прусакі пад сьвятлом!..”
О, Госпадзе!
Шчыры да ўпартасьці! Наіўны да безразважнасьці!
Як зьбіраешся жыць ты – у гэтым безнадзейна неласкавым, марозна-кусьлівым, ашчэраным Сьвеце?!
Ты плачешь? Не плачь.
Взгляни лучше вверх
На эти тяжелые тучи.
Там дождь ледяной
Превращается в снег,
Празднично бел и могучий.
Он будет блистать, вызывая у всех
То нежность, то детскую радость.
А слезы – они переплавятся в cмех,
Ты подожди только малость.