вярнуцца: да Галоўнай Літаратурных твораў Перакладаў
Дж. Блёндын
Шлях Духа
Таямніцы шаманскае сілы
Прадмова
Я нарадзіўся на поўнач ад Вялікага Мядзьвежага возера на Землях Барэна, як мае быць інуіту. Быў 1923 год. Значыць, мне цяпер восемдзесят тры.
У тыя часы гэты край быў вельмі адасобленым, у сэнсе – ад канадыйскай улады. Ніякага закону, ні ККГП*, ні сьвятароў, ні ўраду тут не было. Людзі дэнэй хадзілі ў маленькую краму, што ў Форце Норман, у Паўночна-Заходніх Тэрыторыях. Яна знаходзілася за тры сотні міляў** ад таго мейсца, дзе я нарадзіўся. Узімку туды езьдзілі на сабачых запрэжках, а ўлетку – на канý***.
*ККГП (англ. RCMP) – Каралеўская канадыйская конная паліцыя (Royal Canadian Mounted Police).
**1 амерыканская міля – 1,6 кіламетраў.
***канý – індзейская лодка, човен.
Я быў першым хлопчыкам у сям’і. У нашай культуры ёсьць традыцыя – першага народжанага хлопчыка прыносяць да шамана, трымаюць перад ім, каб ён надаў яму шаманскай сілы. Часам дзіця можа атрымаць яе такім чынам. Ня толькі гэтае, але яшчэ некаторыя моцныя шаманы могуць прадказаць, як доўга будзе гэтае дзіця жыць. Мае бацькі казалі мне пазьней: “Мы зрабілі ўсё, каб зрабіць цябе шаманам, але нічога не атрымалася. Мусіць, ты нядобры чалавек. Але нам сказалі, што пражывеш ты доўга”. Гэта – праўда. І мае бацькі былі шчасьлівыя і гэтым.
У мяне былі два дзеда. Некаторы час яны былі шаманамі. Я правёў шмат часу з імі, але шаманскае сілы так і не атрымаў. Напэўна, я нядобры. Калі мне споўнілася сем гадоў, мае бацькі адправілі мяне ў місіянеркую школу, што была пры царкве з манашкамі. Я правёў там чатыры гады. Скончыў тры класы ў той школе й вярнуўся да бацькоў.
Калі я быў школе, мне забаранялі гаварыць на роднай індзейскай мове. Таму я размаўляў адно на ламанай ангельскай. Але калі я вярнуўся да бацькоў, тыя забаранілі мне гаварыць па-ангельску.
Наступныя пятнаццаць гадоў я жыў у тайзе з маімі бацькамі. Я забыў, што калі я хадзіў у школу, то размаўляў адно па-ангельску. Я проста жыў у лесе і рабіў тое, што меў рабіць. Улетку ты ловіш рыбу сеткай. Ты вырабляеш шмат вяленай рыбы на зіму. Ты палюеш лосяў, б’еш качак і ловіш у сіло трусоў. Гэта нашая летняя праца. Узімку ты ставіш пасткі. Ты здабываш футра для кампаніі Гадсон Бэй. За яго ў краме ты набываеш усё, што табе трэба. Калі я разважаю цяпер аб нашым жыцьці тады, я разумею, што ў нас не было ніякіх стасункаў са зьнешнім сьветам, таму мы нічога ня ведалі, што там адбывалася. Гэта таму, што мы не гаварылі па-ангельску. Не чыталі, не пісалі. Мы ня ведалі, што адбылася Другая ўсясьветная вайна.
Дык вось, пасьля пятнаццаці гадоў у лесе быў ужо 1945 год. Я ажаніўся й меў ужо трох дзяцей. Я разумеў, што дзецям трэба хадзіць у школу, але школы ў тайзе не было. Школа была ў Елаўнайфе. Таму я вырашыў перабрацца ў Елаўнайф. А ён быў за восем сотняў міляў ад нас. Я ўсадзіў дзяцей і жонку ў свой табаган**** і выправіўся ў Елаўнайф. Дарога заняла паўтары месяцы, але мы засталіся там жыць.
Я знайшоў працу на шахце. Адпрацаваў там адзіннаццаць гадоў. Цяжкае было жыцьцё. Мая жонка Джулія памерла. Дзеці вырасьлі. Усе яны хадзілі ў школу. У 60-е гады я застаўся адзін. Дзеці атрымалі адукацыю й маглі ўжо жыць самі. І я вырашыў вярнуцца ў тайгу паляваць і лавіць.
Праз некаторы час я зноў прыйшоў ў Елаўнайф. Там тады ўжо зьявілася група людзей з народу дэнэй, што стварылі арганізацыю, якая высоўвала зямельныя патрабаваньні да ўраду. Яны запрасілі мяне працаваць з імі. Я пагадзіўся. Гэта было, быццам зноў пайсьці ў школу. Неадкладна я пачаў даведывацца шмат аб палітыцы і аб тым, як урад кіруе Канадай. І яшчэ я даведаўся, што ўрад ставіцца да індзейцаў несправядліва.
За десяць гадоў працы там я вырас да намесьніка прэзідэнта нашай арганізацыі. Я зрабіўся вельмі палітызаваным чалавекам. Я шмат даведаўся аб агульным руху індзейцаў за свае правы. Лад жыцьця народу дэнэй пачаў мяняцца, бо адукацыя пашыралася ўсё больш на поўнач. Некаторыя дэнэй ужо не цікавіліся паляваньнем. Я сам ужо не хацеў больш жыць у лесе, бо за той час маё жыцьцё вельмі зьмянілася. З таго часу я вельмі зацікавіўся лёсам свайго народу дэнэй, тым як ён выжываў у мінулыя часы. Я шмат напісаў аб ім для мясцовай газеты ў Елаўнайфе. Хутка я задумаў напісаць кнігу аб маім народзе і як ён выжываў. Я напісаў дзьве добрыя кніжкі за два гады. Гэта было цікава. Таму што я вырас сярод многіх цікавых індзейскіх казальнікаў. Індзейцы – цудоўныя казальнікі. Я шмат даведаўся ад іх. Яны вяртаюцца ў даўніну амаль за восем тысячагодзьдзяў і расказваюць гісторыі аб гіганцкіх жывёлах, як дыназаўры і старыжытныя арлы, аб розных відах гіганцкіх зьвяроў і птушак. Яны расказываюць так, быццам гэтыя гісторыя здарыліся ўчора. Усе індзейцы – цудоўныя казальнікі. Таксама яны расказваюць аб шаманскай сіле. Вось адкуль я шмат даведаўся, таму мне няцяжка было напісаць дзьве кнігі. Мне здавалася, я магу вызначыць шаманскую сілу, і я падумаў, чытачам будзе цікава, як у мінулым вялікія шаманы здзейсьнівалі такія цудоўныя рэчы, што цяжка ў іх паверыць. Нават індзейцы шмат гавораць аб ёй. Шаманская сіла і дагэтуль яшчэ не вызначана дакладна, але на маю думку, такая кніга была бы цікавай кожнаму.
Гэтая кніга – гэта мая спроба зрабіць тое, што ніхто яшчэ не рабіў: вызначыць шаманскую сілу. У кнізе гаворка пойдзе аб апошніх дзьвесьці гадоў, хаця шаманская сіла існуе ад самага пачатку часу. Я адкрою вам шаманскую сілу тым жа шляхам, як робяць індзейскія казальнікі – апавяданьнямі аб сапраўдных падзеях у гісторыі дэнэй. Я спадзяюся, што праз такую вандроўку ў часе, мы асягнем лепшага тлумачэньня ды разуменьня шаманскае сілы. Вось, тут вы знойдзеце калекцыю гісторый і прыкладаў з жыцьця гістарычных постацяў дэнэй, даведаецеся, як яны карысталіся шаманскай сілай дзеля дабра, ці зла.
Ад веку, калі сьвет толькі пачынаўся, па Маці-Зямлі хадзіла двуногая раса. Доўгі час гэтая раса паводзілася больш, як жывёлы, чым людзі, якімі мы іх ведаем сёньня. Яны былі дзікунамі. А тады здарылася нешта важнае. Прыйшоў Ямарыя і прынёс людзям закон Дэнэй.
Ямарыя быў магутным шаманам і прарокам. Ён сапраўды быў сьвятым – тым, хто навучыў дэнэй, як жыць рэлігійным жыцьцём. Ён хадзіў па зямлі, гаварыў з людзямі. Місіяй ягонага жыцьця было абярнуць увесь народ у суполку лагодных людзей, што працуюць ў спагадзе дзеля агульнага дабра. І яшчэ Ямарыя навучыў, як карыстацца шаманскай сілай.
Шаманская сіла – што ж гэта такое?
“Гэта таямніца”, -- кажуць.
“Адкуль яна зьявілася ўпершыню?” – пытаюцца.
Гэта зьява, якую цяжка зразумець, яшчэ цяжэй растлумачыць, таму што гэта – дух. Нашыя старэйшыны навучаюць, што шаманская сіла – гэта падарунак ад Творцы, які насамрэч ёсьць пазыкай. Калі ў ёй няма патрэбы, яны сыдзе. Я хвалююся, што шаманская сіла ў сёняшнія часы зьнікае зусім.
Ад веку, калі сьвет толькі пачынаўся, на Маці-Зямлі жылі зьверы, рыбы, птушкі, але чалавека не было. Гэтак цягнулася вельмі доўгі час. І ўсе стварэньні, што жылі на Маці-Зямлі валодалі шаманскай сілай.
У старажытныя часы ўсе тубыльцы былі знаёмы з шаманскай сіалай, таму што іхнае жыцьцё залежала ад яе. Няважна, ці быў ён шаманам, ці не, але кожны верыў у яе і палягаўся на яе. Той, хто ёй не валодаў, атрымліваў дапамогу ад таго, хто яе меў. Гэтак было сярод усіх жыхароў паўсюль на Маці-Зямлі.
Народ дэнэй заўсёды верыў у Бога – Творцу усяго існага.
Калі на гэтых землях зьявіліся місіянеры, яны заявілі нам, што шаманская сіла ідзе ад д’ябла, і яны ня хочуць, каб мы карысталіся ёю і нават верылі ў яе.
Айяг, вялікі прарок дэнэй з Дэліна, што ў Паўночна-Заходніх Тэрыторыях, які памёр у 1940 г., шмат навучаў аб Творцу. Ён казаў, што людзі, якія місіянерылі тут, ня мелі рацыі. Ён даводзіў: “Д’ябал нічога не стварыў. Усё стварыў Творца. Шаманская сіла – гэта падарунак ад Творцы нам, таму што яна нам вельмі патрэбная, каб выжыць у гэытым сьвеце. Але яна даецца адно ў пазыку ад Творцы і ня будзе з намі заўсёды. Некалі ў будучыні, калі яна больш ня будзе нам патрэбная, яна зьнікне, быццам Творца забярэ яе назад.”
Мы пытаемся: “Як ён, гэты моцны, назаўважны шаманскі дух, надаецца кожнаму паўсюль на Маці-Зямлі, і хто яе надае?”
Вядома, нічога няма немагчымага для Творцы ўсяго існага. Мы верым, што Творца, Бог, ёсьць усюды. Калі бедны чалавек памоліцца ад усяго сэрца, адзін у сваім намёце ў лесе, Творца прыдзе да яго і будзе побач з ім, слухаючы, і гатовы дапамагчы. Бо Творца, Бог, чуе кожнага з більёну людзей на Маці-Зямлі і дапамагае кожнаму.
Уважаецца, што трэба быць вельмі добрым, амаль сьвятым, каб атрымаць шаманскую сілу. Калі ў чалавека сэрца ня чыстае, ён не атрымае шаманскае сілы. Творца, які ўсё бачыць і чуе, можа вызначыць, ці мае нехта якасьці, неабходныя для шаманскае сілы. Творца раздае шаманскую сілу рознымі шляхамі. Самыя моцныя шаманы атрымліваюць свой дар ячшэ да народзінаў. Дар шаманскае сілы даецца чалавеку, каб дапамагчы яму ў жыцьці на зямлі, і каб ён дапамагаў іншым. Уважаецца за вялікае шчасьце атрымаць шаманскую сілу такім чынам. Іншыя цяжка працуюць у надзеі заслужыць яе некалі.
Самая моцная сіла тая, што даецца шчасьліўцу да ягоных народзінаў. Ягоная душа атрымлівае гэты дар наймацнейшай сілы, бо яна ідзе ад самога Творцы. Гэтай сіле няма роўнай. Гэта самая сапраўдная, чыстая шаманская сіла, і чалавек мусіць пражыць з ёй усё жыцьцё, і ён можа рабіць усё, што заўгодна, бо валодае ёй пажыцьцёва.
Другі спосаб атрымаць шаманскую сілу – пад час нараджэньня. Яшчэ няшмат інфармацыі ёсьць на гэтую тэму, бо дзіця занадта малое, але гэтая шаманская сіла такая ж сапраўдна чыстая.
Па часе дзіця набудзе бачаньне сваёй сілы. Магчыма, хто-небудзь будзе навучаць дзіця, пакуль яно расьце, пакуль яно не навучыцца ўпраўляць сваёй сілай. Дзіця вырасьце, пасталее і будзе карыстаць шаманскую сілу самастойна.
Трэці спосаб набыць шаманскую сілу – атрымаць яе ад каго-небудзь іншага. Напрыклад, часам бацькі, ці дзед з бабкай, могуць даць усю ці частку сваёй сілы сваім дзецям ці ўнукам перад тым, як пакінуць фізічны сьвет і вярнуцца да духовага сьвету, дзе яна ім больш не патрэбная. Гэты спосаб найменш пажаданы, бо шаманская сіла пры ім не такая моцная, як тая, якую ты можаш атрымаць да народжэньня ці падчас яго. Яна ня так добра працуе, бо прыйшла не ад Творцы. Гэты від шаманскае сілы, у якой задзейнічана шмат людзей, нядобры, бо людзі робяць шмат памылак з ёй. Тады з імі здараюцца беды. Нажаль, часам людзі і паміраюць ад яе. Шмат людзей памірае заўчасна. Многія старэйшыны ня любяць такой спосаб перадачы, бо ад яго шмат напасьцяў і ён небясьпечны.
Наймацнейшыя шаманы звычвайна валодаюць цудоўным бачаньнем, якое вядзе іх па жыцьці. Іхнае бачаньне шмат чаго тлумачыць ім, напрыклад, як карыстацца шаманскай сілай. І хаця навучаньне падчас бачаньня вельмі глыбокае і інтэнсіўнае, але адбываецца яно ў момант.
Я меў ласку паслухаць чатырох розных людзей, якія патлумачылі мне, як яны атрымалі шаманскую сілу да таго, як яны нарадзіліся. Адзін казаў мне: “Я валодаю сілай на ўсё існае на зямлі: вецер, аблокі, паветра, сонца, месяц, планеты, космас, туман, ваду. Яшчэ я маю сілу на ўсіх стварэньняў, што ходзяць, поўзаюць на зямлі, і на тых, што лётаюць у небе. Я валодаю сілай на ўсё, што расьце, і нават на розум жывёл і людзей”.
Яшчэ адзін шлях работы з шаманскай сілай – гэта зрабіцца партнёрам з духамі жывёл. Калі так адбываецца, шаман размаўляе з жывёламі на адной мове. Яны працуюць як каманда. Гэтак жа можа адбывацца і з іншымі рэчамі, такімі, як камні. Мы ведаем з вучэньня нашых прарокаў, што ўсе рэчы маюць дух.
Шаманская сіла можа быць у розных формах. Можна працаваць з шаманскім духам ветра, ці месяца і шмат-шмат іншых. Калі шаманскі дух, напрыклад, ветра працуе з шаманам-чалавекам, патрэбна асаблівая форма для стасунку. Яна можа быць падобна да чалавечай. Дух можа сказаць: “Я – вецер. Калі ты хочаш нешта зрабіць, я могу дапамагчы табе”.
Гэта пачатак тлумачэньняў шаманскае сілы.
Пераклад з ангельскай
Ірына Варабей
Таронта, 2009.