top of page

вярнуцца:    да     Галоўнай      Літаратурных твораў    Перакладаў   

Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,

Учынкам нашым пашлі ўмалот.

Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай

Краіну нашу і наш народ.

Н.Арсеньнева. Малітва.

 

Ёсьць у стольным слаўным Менску, на Нізкім Рынку, вуліца імя прафэсара Іваноўскага. За даўнейшыя часы яна называлася Юр’еўскай ад сьціплае царквы сьвятога Юрага Пераможцы, што знаходзілася тут, пасьля – Ракаўскай, ці то ад шляху да маленькага, але старажытнага мястэчка Ракаў, ці то ад складаў тутэйшага купца і бурмістра Янкі Рака; пасьля бальшавікі перайменавалі яе ў гонар свайго саматканага пісьменьніка Астроўскага, а ейная сучасная гордая назва паходзіць ад пралітае на ёй крыві адного з найсумленьнейшых рацараў нашае Бацькаўшчыны. І вуліцу Іваноўскага ўжо больш як тры стагодзьдзі ўпрагожвае сабой праваслаўны Пятрапаўлаўскі сабор.

 

Абарані нашую Радзіму - Беларусь

 (Абраз Менскае Божае Маці)

Юрка Віцьбіч

 

Гэты славуты сабор, таксама, не аднойчы пераймяноўвалі. Яго пабудавалі ў 1611 годзе і асьвяцілі ў імя сьвятых апосталаў Пётры і Паўла. Без малога два вякі быў ён непахіснай цьвярдыняй, вакол якое гуртаваліся беларусы ў змаганьні з польскім каталіцызмам за сваю нацыянальную самабытнасьць. У 1795 годзе па асабістаму загаду Кацярыны ІІ сабор перасьвяцілі ў імя ейнага анёла – сьвятой вялікапакутніцы Кацярыны. Зразумела, што такі загад меў на ўвеце ня столькі рэлігійную, колькі палітычную мэту. Адначасна і пазьней будынак і звонку і ўнутры старанна перабудоўваюць на цыбульны маскоўскі лад. Таму зусім не выпадкова мянчане называлі гэтую сьвятыню не Кацярынскім саборам, а Жоўтай царквой, бо толькі пяшчаны колер нагадваў аб ягонай ранейшай архітэктуры. За бальшавікоў, над гвалтоўна зачыненым імі ў 1939 г. саборам, зьявілася шыльда:

                                                       Харчовы склад

                                                                №7

                                                   Загадчык З.Рубінчык

 

Праз два гады яе скінуў абураны нямецкі жаўнер, на спражцы якога ёсьць хрысьціянскі дэвіз:

                                                          З намі Бог

Зьняважаную сьвятыню вельмі ўрачыста пасьвяцілі зноў у імя апосталаў Пётры і Паўла. І на франтоне будынку можна заўважыць цяпер толькі адпаведнае ягонаму высокаму прызначэньню евангельскае выслоўе:

                                         Дом Мой домам малітвы нарачэцца.

Шмат што гаворыць беларускаму сэрцу старажытны Пятрапаўлаўскі сабор. Таму вельмі характэрна, што якраз у ім захоўваецца найвялікшая сьвятыня сталіцы. Яна знаходзіцца зьлева, каля слупу, які падтрымлівае скляпеньне будынку. Колькі прыступкаў вядуць да яе. Гэта цудатворны абраз Божае Маці. На думку мастакоў, яму ня менш, чым тысяча год. Тое самае сьцьвярджаюць і гісторыкі. Мінула блізу што 500 год, як яна цудоўна заявілася тут, а таму і атрымала назву Менскае. Заўсёды ў часе шматлікіх крывавых войнаў, або ў гадзіны асабістага цяжкага гора ішлі да свае сьвятыні мянчане. Адно пакаленьне зьмяняла другое, але сьвяты абраз заставаўся як іхняя спадчына нашчадкам, як надзейны вартаўнік тысячагадовага гораду. І вельмі паказальна, што першы гэрб гэтага гораду ўяўляе з сябе вобраз Божае Маці.

 

...Толькі што скончылася вячэрня. У саборы паўзмрок, і толькі мігаціць мноства сьвечак перад абразом Менскае Божае Маці. Прачулым голасам чытае сівы сьвятар акафіст...

З кадзіла, што трымае ў руках дыякан, узьнімаецца ўгору пахучы фіміям. Таксама ўзьнімаюцца да неба шчырыя малітвы вернікаў. І вось гэтае мініятурнае дзяўчыны – настаўніцы прагімназіі, і вось таго суровага жаўнера Краёвае Абароны, і юнака-машыністага чыгункі, і дзеда ў сялянскім кажушку. А калі сьвятар канчае ікос, яны ўсе, схіляючы галовы, ціхутка, з глыбокай верай далучаюцца да хору.

Радуйся Нявеста Ненявесная.

...У 988 г. з грэцкага гораду Карсуні, або Хэрсанэсу, быў перанесены ў Кіеў абраз Божае Маці. Яго паставілі ў толькі што пабудаванай царкве Нараджэньня Божае Маці, або Дзесяціннай. Яна знаходзілася тут больш, чым 500 год, пакуль на Кіеў не напала Крымская гарда на чале з ханам Махмэт-Гірэям. Тады адзін татарын, садраўшы са сьвятога абразу каштоўныя аздобы, кінуў яго ў  Дняпро.

Увечары 15 жніўня 1500 г. мянчане нечакана заўважылі на Сьвіслачы дзіўнае зьзяньне. Яно ахутвала невядомы ім дагэтуль абраз Божае Маці, але ўцекачы – кіеўляне адразу пазналі яго. Абраз вельмі ўрачыста перанесьлі ў сабор Менскага замку. Гэты замак стаяў пры ўтоку Нямігі ў Сьвіслач, а сабор там, дзе ў канцы ХІХ ст. жыды пабудавалі свае яткі. Цікава, што пасьля Кіеву – стольнага гораду Ўкраіны, абраз апынуўся ў Менску, якому гісторыя рыхтавала ролю сталіцы Беларусі. Ня менш дзівосна, што тагачасны Менскі сабор, таксама, як Дзесяцінная царква, быў прысьвечаны Нараджэньню Божае Маці. Каля сьвятога абразу адразу пачалі здарацца цуды, і летапісцы засьведчылі найбольш вялікае зь іх.

У 1505 г. вялізная гарда Махмэт-Гірэя падыйшла да Менску. Рыхтуючыся да няроўнае бойкі, мянчане адправілі перад сьвятым абразом малебень. Пасьля, натхнёныя малітвай, з крыкам:

                                       Памром за наскую Божую Маці!

яны са зброяй у руках сустрэлі татараў. Махмэт-Гірэй спаліў Менск, але самы замак ня здолеў узяць. Калі паланіўшы 100 тысячаў сялянаў, хан хутка варочаўся на Крым, дык нечакана сустрэў пад Клецкам беларускае (літоўскае) войска. Ягоная горда была зьнішчаная дашчэнту. Далася ў знакі Махмэт-Гірэю нашая Беларусь!

 

...Мігацяць лямпады і сьвечкі. Спакой і цішыня пануюць у саборы. Чытае стары сьвятар:

-- Радуйся, Хрысьціна ўсіх наможэньне і заступленьне.

І моляцца нашчадкі тых волатаў, што перамаглі Махмэт-Гірэя.

...Бязьлітасны час паступова разбурыў і замак, і ягоны сабор. Таму ў 1616 г. сьвяты абраз перанесьлі ў царкву вуніяцкага Духаўскага манастыру. Ён займаў тут частку Высокага Месца, якая тады называлася Лужай і на якой цяпер узвышаецца былы будынак губэрнскіх установаў. Вуніяты таксама, як і праваслаўныя, шанавалі абраз. Характэрна, што ў 1733 г. архімандрыд Любянецкі адказаў манастыру 1000 талераў, каб адмысловая капэля штодзённа раніцай і ўвечары выконвала ў гонар Менскае Божае Маці велічны рэлігійны гімн:

                                             Вітаю Цябе, Каралева!

Яшчэ ў ХVІІ ст. на месцы Духаўскае царквы пабудавалі Пятрапаўлаўскаю. Пасьля далучэньня вуніятаў да праваслаўя, яе ператварылі ў катадральны сабор і пачалі грунтоўна перарабляць, зьнішчаючы ў ім усё беларускае. Усё-ж, левы прастол сабору быў асьвечаны у гонар нашага выдатнага пісьменьніка і красамоўцы Кірылы Тураўскага, а правы – у гонар абразу Менскае Божае Маці. Тут-жа знаходзіўся і сьвяты абраз, перад якім заўсёды маліліся вернікі. У 1852 г. мянчане апранулі яе ў новую прыгожую серабраную рызу і штодня пасьля літургіі перад ёю, укленчыўшы, сьпявалі трапар:

                                 Пад Тваю міласьць прыбягаем, Багародзіца Дзева.

Шмат катаў і барбараў бачылі на працягу свае гісторыі беларусы, але ўсе яны – ад хана Махмэт-Гірэя да генэрал-губэрнатара Мураўёва – блякнуць у параўнаньні з бальшавікамі. У 1921 г. жыд Позэрн зьдзірае з абразу Менскае Божае Маці срэбную рызу і карону, упрыгожаныя брыльлянтамі. Усе гэтыя каштоўнасьці пайшлі ня столькі на змаганьне з голадам у Паволжы, колькі на брудныя справы Камінтэрну. Улетку 1936 г. баьшавікі падрываюць Пятрапалаўскі Катадральны сабор. Яны зьнішчаюць гэты сьвяты будынак, зразумела не таму, што ён парушаў архітэктурны ансамбль беларускага гораду, а вылучна таму, што ён быў Домам Божым. Пры гэтым зьнікае непараўнальна больш каштоўны для вернікаў, чым золата і брыльлянты абраз Божае Маці. Праз два гады зьнікае таксама высокамастацкая копія з яе, што захоўвалася ў Марыйскім катадральным касьцёле і заўсёды шанавалася беларусамі-каталікамі. Каб падкрэсьліць свой зьдзек над рэлігіяй, бальшавікі скарысталі тую пляцоўку, дзе знаходзіўся сабор, для вандроўных зьвярынцаў.

Калі нямецкая армія вызваліла Менск, праваслаўныя мянчане знайшлі абраз свае Божае Маці. Гэтая рэлігійная гістарычная і мастацкая сьвятыня пяць год знаходзілася ў дзіравым дрывотніку пры гістарычным музэю. Дырэктары музэю жыды Гэршанок і Бэйлін намагаліся, каб зьнішчыць яе, але дарэмна. Сьвяты абраз перанесьлі ў толькі што адноўлены былы Кацярынінскі, а цяпер Пётрапаўлаўскі сабор.

 

...Акафіст скончыўся, вернікі паступова разыйшліся па хатах. Ціхі містычны паўзмрок яшчэ гусьцей спавіў сабор. Гарыць толькі адна лямпада, асьвятляючы лік Менскае Божае Маці. Перад ёю стаіць на каленях маленькая бабуня ў белай сьвітцы. Ейная галава павязаная саматканай хусткай, на нагах – лыкавыя кавярзьні. Старая, відаць, знарок засталася адна, каб выказаць усё, што камянём ляжыць на ейнай душы і, магчыма, нецікавае для іншых людзей. Яна навет не заўважае, што паблізу, у закутку, стаіць іншы вернік. Бабуня, пэўна, ведае колькі малітваў, але хіба зьмесьціш у іх усё тое асабістае, што ёй трэба цяпер сказаць? І яна раз-па-разе хрысьціцца, кланяецца і усхвалёвана шэпча, шэпча...

-- Царыца Нябесная... Узьвідзь мяне, старую Піліпіху з Малых Лядаў. З адхутаным сэрцам стаю я цяпер перад Табой. Даруй, што прыйшла да Цябе ў адзенейку латаным ды ў абуцейку стаптаным. Уцякачка я – віцебская. Няма ў мяне, Прачыстая, ні сямьі, ні хаты... Адна-ж я засталася, як тая бяроза прыдарожная, пяруном падбітая... Піліп мой яшчэ за царскую вайну загінуў у тых Карпатах. І няма ведама, дзе ягоная магіла, і ніхто над ёю не галасіў. Успамяні Матка Божая, жаўнера Піліпа за званамі галоснымі, за сьвячамі яснымі... А бальшуна майго бальшавікі расстралялі ў тым Вяліжы, на тым Пакроўскім полі... Добры хлапец быў, і закатавалі яго ворагі лютыя... Можа, у тэй рэчцы вады менш цячэ, чым сьлёз я па ім выплакала... Успамяні, Матка Божая, паўстанца Міхалку. Супакой яго, пакутніка, у царсцьве нябесным... А малодшы мой па тым баку ў арміі. Забралі яго ў другую мабілізацыю. Дапамажы яму трапіць у палон, адвядзі яд яго, Прачыстая, кулі сьмяротныя... Паздароў, Матка Божая, Касьцюка. Лепш мяне прыбяры, толькі няхай ён жыве...

Бабка Піліпіха схіляецца да падлогі. Плечы ейныя дрыжаць і тады зьвяртаюся да Божае Маці я – сьціплы беларускі пісьменьнік:

-- Найсьвяцейшая Багародзіца-Дзева, абарані радзіму нашую Беларусь і зьнішчы ейных ворагаў. Пайшлі перамогу харобрым жаўнерам нашае Краёвае Абароны ў сьвятым змаганьні з ворагамі Бацькаўшчыны. Ахутай сваёй ласкай усіх шчырых беларусаў – і праваслаўных, і каталікоў, і вуніятаў, і тых, што не знайшлі яшчэ дарогі да Бога.

Я, нязначны, прашу ў Цябе, Найясьнейшая Спадарыня, штодзённага натхненьня і крыху хлеба. Дапамажы мне зноў пабачыць роднае Наддзьвіньне і любы Віцебск. А калі давядзецца загінуць у змаганьні за шчасьце і волю майго беларускага народу, папрасі, Прасьвятая Богамаці, у Сына Свайго дараваньня грахоў маіх. Амінь.

 

(З захаваньнем артаграфіі выданьня)

 

       Часам роспачна робіцца ад думкі, што многае з таго каштоўнага і адметнага, што напрацавала беларуская эміграцыя, можа проста згубіцца і кануць незваротна. А зь ім і частка нашых нацыянальных Ведаў і Высноваў, якія -- бы найкаштоўнейшыя рэчы з пажарышча -- вывозілі за акіян людзі, якія вырашылі не скарацца перад бальшавізмам. Акідваючы вокам бібліятэку, што засталася пасьля сьв. пам. Мітрапаліта Мікалая, я заўсёды баюся, ці хопіць у нас сіл ды ўвагі, каб перагледзець, перачытаць, вылучыць каштоўныя зерні з гэтага мора перыёдыкі, сістэматызаваць іх і перавыдаць.

 

       Юрка Віцьбіч (сапр.Серафім Шчарбакоў). Адна з найбольш калярытных асобаў эмігранцкае літаратуры. Мне ён найбольш блізкі і цікавы сваім імпэтам і намерамі. Юрка Віцьбіч у форме мастацкага нарысу зьберагаў, занатоўваў тыя нацыянальныя легенды і гістарычныя факты, якім ў савецкай афіцыйнай гістарычнай міталёгіі не было мейсца. Найбольш буйная ягоная праца -- кніга "Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі" (зрэшты, не мастацкі твор, а збор фактычнага матэрыялу), якую ён так і не пасьпеў завершыць, была знайдзена праз амаль 20 год пасьля ягонай сьмерці ў эмігранцкіх архівах, дапрацавана Лявонам Юрэвічам і выдадзена ў 1996 годзе БІНіМ-ам у ЗША.
Сучасным эмігрантам Юрка Віцьбіч найбольш знаёмы па зборніку гістарычных нарысаў і артыкулаў "Мы дойдем!", выдадзеным ім самім ў 1975 годзе на расейскай мове з разьлікам на шырокае кола расейскамоўных чытачоў.

 

       ...У мяне ў руках маленечкая кніжачка. Памерам зь дзіцячую брашурку, 32 старонкі бяз вокладкі. Папера рудая, настолькі патрапаная і лядаштая, што толькі мо пінцэтам і кранацца да яе. Якая сымбалічна-гіранічная назва лягла мне на далоні! -- "Нацыянальныя сьвятыні"... Год выданьня -- 1944. Месца -- Бэрлін.

       Мо ці ня першы зборнік ягоных надзвычайных гістарычных мастацкіх нарысаў, напісаных яшчэ не ў эміграцыі. Некаторыя зь іх мне знаёмыя -- пераапрацаваныя, яны ўвайшлі ў кнігу "Мы дойдем!".  Астатнія ...ці былі яны калі перавыдадзеныя -- я ня ведаю. Але мне вельмі хочацца падзяліцца імі з маімі суайчыньнікамі. Адзін зь іх -- найбольш дарагі мне як мянчанке -- я й прапаную сваім чытачам " … 

Ірына Варабей

2003 г.

“Мы расьлі фактычна без гісторыі, і Юрка Віцьбіч стаў пісьменьнікам гістарычным, аднаўляльнікам мінулага. Ён адраджаў мінуўшчыну як фундамант для сучаснай палітычнай нацыі. Віцьбічавы эсэ чыталіся з захапленьнем, і ягоная творчасьць была сапраўды папулярная. Ягоныя артыкулы ў “Бацькаўшчыне” чыталі ня толькі беларускія актывісты, але і беларусы-рабочыя, у Бэльгіі, Нямеччыне, Англіі, іх перадрукоўваліся на рататары, пераходзілі з рук у рукі. Гісторыя станавілася ўласнасьцю людзей, празь Віцьбіча асобы і падзеі мінуўшчыны прыходзілі да звычайнага беларуса, які на Бацькаўшчыне ня мог даведацца пра сваю нацыянальную гісторыю.”...   далей...

Вітаўт Кіпель







 

bottom of page