top of page

            Зоркі юнацтва сьвецяць ярчэй...

            Кветкі юнацтва пахнуць мацней. Трава у юнацтве – зелянейшая, неба блакітнейшае, вада макрэйшая, а соль саланейшая.

            Сябры юнацтва – найвярнейшыя. І застаюцца такімі назаўсёды.

            Якімі маладымі мы тады былі, як шчыра мы любілі і як верылі ў сябе...

 

            Маё юнацтва засталося там, дзе ўзімку суворыя маразы закоўваюць рэкі ў серабрыстыя ільды, а ўлетку малочныя туманы запялёнваюць вазёры ў ранішнюю росную прахалоду. Дзе ўвосень пранізьлівы вецер аплаквае кароткае лета блакітнымі бясконцымі дажджамі. Там – у краіне, што завецца Белая Русь. Там засталіся мае сябры, якія меліся быць вернымі назаусёды.

            Толькі сябрамі не абдзяліў мяне Лёс...

            Вось і мы – юныя спартоўцы-байдарачнікі, чые лодкі ўспорваюць хвали, вятры, туманы, ільды і дажджы... – сябры зборнай рэспублікі.  Мы былі вельмі блізкія. Вядома. Зьяжджалі ж з дому на 20 (а то і болей) дзён штомесяц. Тры дзяўчыны, што жылі разам у гатэлях (ну хлушу... – часьцей гэта было проста абы якое жытло) і ўсё рабілі разам: працавалі, адпачывалі, дзяліліся рэчамі й грашамі. Было й сварыліся. Часам былі закахаўшыся, і часам разам у аднаго ж.

            Дзіўная, сьмешная кампанія – мы былі маладыя, жыцьцярадасныя і вясёлыя, знаходзячы нагоду для жартаў усюды і заўсёды. Гарэзьлівыя й дасьціпныя, увесь час нешта сабе імправізаваўшы, скрозь забаўлялі нашых сяброў па камандзе. Прыдумкам нашым не было канцу, даставалася ж і трэнерам ад нашых жартачкаў ды розыгрышаў.

            Мы былі дружныя. І (але...) часам мы марылі аб нашай будучыні, намагаючыся ўявіць сваіх дзяцей і мужэй і нават саміх сябе ў новым стагодзьдзі. І здаваліся самім сабе зусім старымі.

            Таня да нашай дурасьлівай кампаніі не належала. Але яна любіла бавіць з намі час. Мы былі “скандальныя”, а яна не цярпець не магла аніякіх сварак і заўсёды мірыла нас, як старэйшая сястра. Мы звалі яе “Чайка”. Ня ведаю, чаму. Яна была найлепшым чалавекам, якаго я калі ведала.                        Жыцьцярадасная і рамантычная, знала сотні вершаў і чытала іх нам адвячоркамі, нагадваючы, што вясна ўжо блізка (нейкі блазан назваў веславаньне “летнім відам спорту”!). У яе быў цудоўны голас, і яна сьпявала нам ціхія, прыгожыя песьні (вядома ж, аб каханьні), і мы даравалі ёй усе ейныя “грахі” за гэтыя ейныя песьні.

            Была ў яе дзіўнаватая мара. Па заканчэньню інстытута яна хацела працаваць трэнерам і трэніраваць менавіта дзяўчынак. Называлася гэта – “падымаць беларускае жаночае веславаньне”. Гэта была даволі дзівацкая ідэя: усе нашыя трэнеры былі мужчынамі. Але ж... яна была апантаная.

            З цягам часу мы ўдвох зблізіліся найбольш. Пару вечароў шчырай дзявочай балбатні – і мы зразумелі, якія роднасныя нашыя душы. Ёй ня трэба было нічога тлумачыць: яна разумела мае думкі і пачуцьці, нават калі я маўчала. Я была рада, што мне так пашчасьціла, і ганарылася, што яна пасябравала менавіта са мной, і нашыя дарагія сяброўкі злёгку раўнавалі нас абаіх.

            Таня пісала вершы і даслала некаторыя ў сваіх лістах мне (яна жыла ў іншым горадзе). Я, дурнота (часам я бываю такой тугадумнай), такі зразумела ўрэшце, толькі праз 20 гадоў, што гэты верш быў прысьвечаны мне:

А зоркі?..

Як сьвяцілі зоркі нам!

Было ў іх столькі радасьці і суму.

То радасьць ад таго была,

Што разам былі – ты і я.

А сум –

             што ноч была ў жыцьці

                                                   апошняй.

 

            Таня загінула, калі ёй было 22.

            Я праводзіла яе на той збор на Каўказ і на разьвітаньне пажадала “лёгкай вады”. А назад так і не сустрэла... Раптам наляцеў штармавы вецер, і яна ня ўправілася з лодкай. Яе падвяла ейная “рамантычная прывычка” трэніравацца адной, убаку ад каманды.

            ...Я памятаю дзень і час, калі яна – яе душа – прыйшла да мяне ...і засталася ў ва мне. Дзесяць гадоў я спаўняла ейную мару. Гэта не было ...(ня ведаю...) Гэта была – мая страсьць. Маё жыцьцё.

            Хто зможа мне гэта растлумачыць?

            Дыялектычны матэрыялізм, які я так старана вывучала?..

 

 

Таронта,

верасень 2002

Як зоркі нам сьвяцілі...

bottom of page