top of page

Краіна вольных волатаў

        - А ў тваёй краіны ёсьць жывёлы-сымбалі?

        - А як жа. Ёсьць. Два: бусел і зубр.

        - Зубр? Гэта што такое?

        - Гэта жывёла такая. Накшталт вашага бізона, але большы памерам. Ён жыве толькі ў маёй краіне. А некалі ў старажытнасьці нашыя князі наладжвалі ігрышчы: паляваньні на зубра, падобныя да гішпанскай карыды, але не на арэне, а проста ў лесе. Смельчакі выходзілі адзін на адзін з разьюшаным зьверам.

        - О! Як гэта цікава! Раскажы нам пра зубра і пра старажытныя звычаі сваёй краіны. Толькі не цяпер. Нехай гэта будзе тваім хатнім заданьнем. Да наступнага ўроку прынясі свой пісьмовы "проджэкт".

        ...Ат, цягнуў мяне нехта за язык! Цяпер май клопат: хатніх заданьняў наагул не люблю, пісаць прыгожа ня ўмею, ангельскай валодаю слаба.

        Распавядаць пра сваю краіну і зубрынае паляваньне ў ёй? Чужынцам... удалечы ад радзімы... на чужой мове... Такое ж пад сілу хіба толькі Міколу Гусоўскаму!

        Авохці мне! Вось узгадала! Вось нагода! Гэта ж трэба: амаль такія ж абставіны выклікалі дакладна такія ж пачуцьці ў майго выдатнага суайчыньніка! Але ў якой далечы вякоў: амаль што 500 гадоў таму. Толькі той выпадак быў шчасьлівы, вынікам таго кур'ёзнага здарэньня зьявіўся яскравы твор, узор высокай паэзіі, помнік прыгожага пісьменства, што належыць скарбонцы сусьветнай літаратуры. А яго аўтар быў прызнаны "самым таленавітым і самым адукаваным ўсходнім славянінам свайго часу ў Эўропе".

        Мае ж дзёрзкія намаганьні параўнаць свае шкалярскія патугі з творчасьцю майстра скончыліся нічым. Таму мушу цешыць сябе ўспамінамі пра тую надзвычай адметную гісторыю, што адбылася з маім земляком, зноў і зноў знаходзячы асалоду ў прыгожых, дасьціпных радках ягонай "Песьні пра зубра".

        Але цікава, як гэта ўсё пачыналася?

        ...1521 год. Ватыкан. Рымскі Папа Лявон Х наладжвае забаўляльную імпрэзу для сваіх гасьцей - пасла з далёкай паўночнай краіны (якую дынастыя папаў узяла тады за звычай называць Alba Rosia) біскупа Эразма Цёлка (Вітэлюса) зь ягонай сьвітай. Як хацелася Папу ўразіць чужаземцаў новым відовішчам: тады яшчэ маладой італьянскай карыдай! Але нехта са сьвіты раптам заўважыў, што гэта нагадвае яму паляваньне на дзікага зубра ў яго краіне, чым і выклікаў шэраг цікаўных пытаньнаў Папы. Быў тут, у сьвіце, і Мікола з Гусава: сын палясоўшчыка і сам выдатны паляўнічы, ён пачаў апавядаць пра свае лясныя прыгоды. Уражаны Папа папрасіў пасла падарыць яму чучала дзіўнага зьвера і вершаваную паэму пра яго (як было тады модна).

        Біскуп адразу адправіў ганцоў да князёў Радзівілаў за чучалам, а Міколу было загадана ўвесь ягоны аповед запісаць на паперу, скласьці праўдзівы паэтычны твор пра зубра, краіну і паляваньні.

        Гэты кур'ёз і выклікае заўсёды маю ўсьмешку. Як прыемна празь вякі пазнаць такі родны, з хітрынкай, гумар свайго суайчыньніка (альбароса), які сам і апісаў гэтую падзею і свае адчуваньні:

Як і гаворыцца ў прыказцы мудрай, язык мой

Мой жа быў вораг. Праслухаўшы ўсё ў захапленьні,

Мне загадалі адразу ж узяцца за працу,

Каб успаміны свае, пераліўшы ў памер вершаваны,

Песьняй зрабіць і пра нас, і пра нашы аблавы.

Бачыце, я між паэтаў часовы абраньнік...

...і прыхапкамі авалодаць

Мушу нязвычнаю зброяй: той самай рукою,

Што налаўчылася лукам расьпісвацца, трэба

Ўмельства сваё праявіць і ў пісьменстве прыгожым.

З боязьзю нейкай, прызнацца, са страхам душэўным

Пёрка нязвыклае ўзяў, адчуваю: пад ношай

Гэтай бязважкасьці ніц упаду, бесталанны...

...Як жа мы з вамі згаворымся, лёгкія пёркі?

Мне, прызнаюся, шчэ змалку ваш голас знаёмы

Ў звоне стралы, на якой вы былі апярэньнем...

...Лепш бы ты сам пісанінай, чытач мой, заняўся.

        Вось гэткім чынам і зьявілася на сьвет у 1522 годзе "Сarmen de bisontis" - "Песьня пра аблічча, дзікасьць зубра і паляваньне на яго", а па сутнасьці - песьня пра наш родны край, велічны гімн нашай радзіме, яе прыродзе, мужнай і прыгожай душы яе народу.

        Напісаная на лаціне, тагачаснай міжнароднай мове, паэма мусіла распавесьці эўрапейцам пра нашу краіну, народ, ягоныя звычаі і сьветапогляд. І нам, нашчадкам - стаць хронікай-сьведкай тагачаснага жыцьця. Але пасьля заўчаснай сьмерці галоўнага заказчыка - Рымскага Папы - кніга пабачыла толькі адно выданьне ў 1523 годзе ў Кракаве.

        І на долю гэтай жамчужыны нацыянальнай скарбонкі выпала "шчасьце" аддаць даніну той фатальнай традыцыі, калі лепшыя творы беларускіх мастакоў знаходзяцца недзе па-за межамі Беларусі і ані не вядомыя сваім суайчыньнікам. Толькі праз 4 стагодзьдзі паэма вярнулася на радзіму, але й цяпер цікавіць адно вузкае кола навукоўцаў.

        Так і мяне асабіста закранула гэтая "прыкрая завядзёнка".

Некалі даўно (яшчэ за савецім часам) юная выпускніца філфаку (якая нешта чула пра Гусоўскага і зубра на адной зь лекцый - ня больш за тое) праседзела, зьбянтэжаная, на падлозе ля кніжнай шафы ўвесь дзень, са зьдзіўленьнем і захапленьнем гартаючы старонкі сваёй нечаканай знаходкі. Было гэта ні блізка ні далёка ў горадзе Цьверы (тады Калінін), дзе я гасьцявала ў сваёй сяброўкі. Ані яна, ані яе сям'я ня мелі ніякага дачыненьня ні да "беларушчыны", ні наагул да літаратуры ці гісторыі. Аднаго дня гаспадары пакінулі мяне "пасумаваць" адну ў хаце, і я палезла ў кніжныя паліцы...

        Заварожаная маляўнічымі, трапнымі карцінамі аблаў і пагонь (у праўдзівасьці якіх бажыўся расказчык-паляўнічы) я забылася на ўсё, вандруючы па старонках гэтага "прыгодніцкага раману", старонкі якога дыхалі водарамі родных пушчаў, рыкалі, зьвягалі зброяй, поўніліся крыкамі паляўнічых. А я й ня ведала, што наш сымбаль - ціхі, лагодны, сонны бычок - быў тады грозным асілкам, такім велічным сваёй высакароднай лютасьцю ў барацьбе за права на жыцьцё!

 

Лютасьцю больш небясьпечны, чым люты драпежнік,

Зубр для людзей не страшны, не чапай - не зачэпіць...

...Зубр, як мы лічым спрадвеку, хоць зьвер, але ратнік,

Ён прызнае перамогу, здабытую чэсна.

        Хутка да захапленьня прымяшаліся сорам і прыкрасьць: аказалася, я зусім ня ведала сваёй радзімы. Ды не, не Савецкага Саюзу, а менавіта той дзяржавы, той краіны, адкуль мае карані. Але й не таго краю, што як "выкляты Богам", што як яго "ўбачыш, дык крывавым сокам, не сьлязьмі заплачаш"...

        Не - гэта была зусім іншая краіна! Я раптам патрапіла ў вандраваньне па цудоўнай, невядомай мне дагэтуль, чароўнай "тэра інкогніта", зь невядомай мне назвай(!), невядомымі яе ўладарамі, звычаямі, прыродай:

 

Ну, дык пакрочым на поўнач, у нетры лясныя.

Я, следапыт, павяду вас, бо мне гэта звычна.

Там і сустрэнемся з грозным, магутным асілкам.

Хай ён рыкне, і прарвецца ў радкі мае рэхам

Тое рыканьне - набудзе гармонію песьня;

Хай ён бадне ў мой радок, каб маглі мы разгледзець

Гэтае дзіва з абшараў Літоўскага княства.

Волатным целам сваім ён настолькі вялікі,

Што, калі раняць сьмяротна і ранены ўкленчыць,

Трох паляўнічых садзяцца ў яго між рагамі...

...Край наш - дзівосны прыстанак загадкаў і цудаў...

        Гэта была краіна магутных волатаў - прыроды і чалавека, якія роўніліся сілай ў барацьбе за жыцьцё. Краіна, дзе хлопцы-дзецюкі лічылі забаўляльным ігрышчам лютае спаборніцтва з разьюшаным дзікім зьверам: "Тут адпачынак і дзейнасьць спалучаюцца трапна і паразьвеюць навалу з душы. Паляваньне - лепшы бальзам падупаламу целу і духу".

        Гэта была волат-дзяржава, якой кіравалі мудрыя, справядлівыя гаспадары, якую баранілі мужныя, дужыя ратнікі, доблесьць сваю гартуючы ў спаборніцтвах і паляваньнях.

 

Выдумка гэта карэньнем сваім пранікае

Ў княжаньне Вітаўта ў годы найвысшага ўздыму

Княства Вялікалітоўскага...

...Так рыхтаваў свае раці да бітваў наступных...

...Сам справядлівы ва ўсім, ён па гэтай жа меры

Кожнаму мерыў...

...Ён двуадзіны ў асобе вялікага князя -

Факельшчык войнаў са слабым, а з дужым анёл-міратворац

Ставіў аголены меч свой, як слуп пагранічны,

Перад нашэсьцямі ворагаў з поўдня і ўсходу.

Нават татарын, пакорліва ўнурыўшы голаў,

Лук свой зламаны яму аддаваў і тлумачыў,

Што, спаганяўшы ясак каля вотчын літоўскіх,

Сам станавіўся пачварнай здабычай літвінаў.

Быў літасьцівы да тых уладарцаў, якіх ён

Ставіў на княства па выбару ўласным і нават

Грознай Ардзе мог прыцыкнуць: знай меру, татарын!

Як знакаміты багацьцем і сілай Масковіі землі,

Усё ж і яны прымірэньня прасілі зь літвінам.

Турак з Таўрыды заўсёды цюкі падарункаў

Вітаўту слаў, прыхаваўшы свой клопат таемны:

Як бы задобрыць, улесьціць і гнеў не наклікаць

На галаву сваю з боку Літоўскай дзяржавы.

Тры каршуны, што наводзілі жах на паўсьвету,

Як пылюкі, перад ім нават ціўкнуць ня сьмелі.

          Гэта была заможная, вольная краіна, дзе "перад законам і правам лясным на здабытак роўныя ўсе там - палюй, здабывай колькі можаш". Дзе селянін ці сын палясоўшчыка меў магчымасьць вучыцца ў любым унівэрсытэце Эўропы ці заняць пасаду ў дзяржаўнай службе.

          Гэта была краіна адукаваных мастакоў і паэтаў, дзе духоўнасьць лічылася вышэйшай каштоўнасьцю. Дзе паляўнічыя становяцца дыпляматамі, а дыпляматы пры выпадку – паэт.

Княжаньне Вітаўта лічаць усе летапісцы

Росквітам княства Літоўскага, нашага краю,

І называюць той век залатым. Разьбяромся:

Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай

Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца

Перад багацьцем і шчасьцем зямным пастаянна

Ставіў багацьце духоўнае - злата дзяржавы.

        Менавіта такая краіна здолела выстаяць перад нашэсьцямі Залатой Арды з усходу і адначасова крыжакоў з захаду.

І гэта была - мая краіна, наша краіна.

        Яна - была.

Безьліч выпадкаў, прыгод і жывых успамінаў

Хваляй нахлынуць, палоняць душу - і здаецца:

Зноў ты вярнуўся ў той край, дзе пачатак пачаткаў

Сэнсу жыцьця і пачуцьця сьвятога - радзіма.

        ...Ці можа, гэта толькі прывідзілася мне тады ў вячэрніх мроях ля той кніжнай шафы: я бачыла постаці дужых людзей, апранутых у жупаны з шырокімі паясамі, з тварамі сьветлымі і строгімі, але знаёмымі да болю, як твары родзічаў (радзімічаў?). І глядзелі яны моўчкі, запытальна-дакорліва... Толькі коньнік адзін, стрымліваючы каня, праз брацаньне папругі і шпор пагардліва кінуў: "У табе закісьне кроў тваіх дзядоў! Стаць дужым, як яны, табе ня выпаў лёс..."

        Усё так... Нас ніхто ня стане прымушаць гаварыць на нашай мове. Але пакуль мы так і будзем размаўляць на чужых мовах - нас будуць лічыць "пагарджанымі, глухімі, сьляпымі". Пакуль мы будзем лічыць гісторыі іншых краін - Кіеўскую Русь ці дынастыі маскоўскіх цароў - сваёй гісторыяй, пакуль ня ўспомнім гісторыю нашай дзяржавы і ня станем ёю ганарыцца - мы на ўвесь сьвет так і застанемся рабамі-"манкуртамі", і ня будзе ў нас аніякіх шанцаў "людзьмі звацца".

 

Таронта

Люты, 2002

*Цытаты ўзятыя з перакладу Язэпа Семіжона

bottom of page