У самую кароткую ноч, Купальскую ноч, адбываецца самае вялікае Таемства.
Гэтая ноч – Шлюбная Ноч Сонца ды Зямлі.
Гэта ноч, калі ўся нечысьць, што існуе на зямлі, зьбіраецца на свой шабаш дзеля таго, каб перашкодзіць злучэньню Сонца ды Зямлі. І хто каго пераможа, залежыць ад людзей. Гэта яны сваімі песьнямі, гульнямі, дзеямі дапамагаюць Сонцу і Зямлі пераадолець злую сілу, дзеля таго, каб на зямлі зноў змагло нарадзіцца Жыцьцё. Каб рыхтык праз дзевяць месяцаў нарадзіўся сын Сонца ды Зямлі – Ярыла, які прывядзе з сабой Вясну, каб зноў і зноў на зямлі нараджаліся беларусы, якія вядуць свой род ад Ярылы.
Вось у гэтую чароўную ноч, ды адно ў гэтую ноч, і расьцвітае таямнічая, сакральная Папараць-Кветка. Той, хто знайдзе яе, здабудзе сабе шчасьце на цэлае жыцьцё: усе ягоныя пажаданьні будуць зьзяйсняцца, сам ён будзе разумець мову Прыроды – і гэткім чынам набудзе надзвычайную Сілу...
Але... Сутнасьць сакральнасьці Папараць-Кветкі ў тым, што яна ніколі не цьвіце...
Гэта адно прыгожы беларускі міт...
Але мы яго вельмі любім. А таму зноў і зноў адпраўляемся на пушукі запаветнай Папараць-Кветкі...
Напэўна, таму, што гэтым і палягае Беларуская Душа, і Папараць-Кветка зрабілася ўвасабленьнем Лёсу нашай Нацыі...
Але нязьменна на зямлю прыходзяць Вясна і Ярыла, а гэта значыць, што Род беларускі на зямлі не зьвядзецца ніколі, а будзе жыць вечна, каб зноў і зноў дапамагаць злучэньню Сонца і Зямлі.
У самую кароткую ноч