Там, дзе сэрца маё...
“Дзе нарадзіўся, там ты і прыдаўся”.
Магчыма, гэтая прымаўка ёсьць рэхам тых Ведаў, якімі валодалі нашыя далёкія продкі задаўга да хрысьціянізацыі і якія пацьвяржаюцца сучаснай навукай. Кожны чалавек мае свае адметныя біярытмы і вібрацыі ягонага астральнага (духоўнага) цела, і яны супадаюць з рытмамі ягонага народу і той зямлі, на якой Богам і Лёсам яму прызначана жыць. Гармонія духоўных вібрацыяў чалавека і ягонай зямлі вядуць да рэзансу, які праяўляецца ў чалавеку ўсплескам ягоных творчых магчымасьцяў.
Таму кожны народ мае сваю адметную культуру, мову, веру і сьветапогляд і яны розняцца па ўсім сьвеце. Кожны чалавек духоўна зьвязаны са сваёй зямлёй і культурай. Гэта дае яму адчуваньне еднасьці са сваім стройна ўпарадкаваным навакольным сьветам і пачуцьцё ўнутранага камфорту і самадастатковасьці – быццам дзіцю ў матчыных руках...
Але ж як змог бы абысьціся сьвет бяз тых людзей, якіх абуяе сіндром “terra incognita”? Тых апантаных неразгаданымі тайнамі і нязьведанымі землямі? Мы, напэўна, да гэтае пары так і ня ведалі б, што недзе ў сьвеце існуюць Кітай і Пэрсія і што Індыя не ляжыць на сьпіне кіта, калі б не было тых вандроўных гандляроў, хто проста ня змаглі утаймаваць сваёй дапытлівасьці і цікаўнасьці, а заадно вазілі нам гарбату і шоўк. Гэта яны, тыя, хто валацугае па сьвеце ў пошуках новых гандлёвых шляхоў, тымчасам знаходзіць новыя краіны і “землі абетаваныя”.
Вось і мы, падхопленыя іхным прыкладам, пакідаем нашыя “гнёзды” ў пошуках лепшай долі.
Але “ад дабра дабра не шукаюць”.
Мая маці заўсёды казала мне: “Дзе закапаны быў твой пуп – там будзе і сэрца тваё назаўсёды”.
Маё сэрца – у Беларусі.
Здаецца, што беларусы ня ёсьць ні добрымі гандлярамі, ні цікаўнымі людзьмі. Выглятае так, што “Не пакідай зямлі сваёй” сталася нашым старажытным запаветам, што адлюстраваны спрэс у нашым фальклёры і нават у нашым нацыянальным гербе. Бальшыня беларусаў пакідаюць свой край не па добрай волі. Вось так і я: як і многія нашыя людзі, я люблю вандраваць – але абавязкава вяртацца дадому. Апынуліся мы тут, у Канадзе, кожны па волі свайго лёсу, але тымчасам гэтая зьява адлюстроўвае той крызісны стан, у якім знаходзіцца нашая дзяржава і культура.
Нешта здарылася з нашай краінай. Нешта парушыла яе першасную стройную структуру.
Стагоднія гвалтоўныя прымушэньні чужароднай сілы звонку й знутры зьмяніць нашую мову, культуру, веру і лад жыцьця парушылі гармонію нашай этнічнай структуры і самога існаваньня ў гэтым сьвеце. Сёньня, як ужо шмат разоў у нашай гісторыі, мы стаім перад задачай, якую іншыя народы ўжо для сябе вырашылі: самавызначыцца як нацыі і захаваць сваю адметнасьць. Гэта азначае – выжыць. Гэта значыць – здабыць умовы для далейшага культурнага і духоўнага разьвіцьця.
Таму маё сэрца застаецца ў Беларусі.
“Мне падабаецца Канада, але я яе не люблю. Я люблю Беларусь. Але яна мне не падабаецца”, -- гаворым мы тут.
Пагружэньне ў духоўную энэргетыку Канады абудзіла ўва мне дар, якім надзяліла мяне мая зямля. І я прысьвячаю яго маёй краіне. У той жа час я спадзяюся, што мая творчасьць стане вяртаньнем Канадзе яе бэнэфітаў. Я спадзяюся, што знаёмства канадыйцаў з беларускай культурай і літаратурай узбагаціць канадыйскую культуру. Вось дзеля гэтага я тут.
Я хачу, каб знаёмячыся са мной, людзі, замест трывіяльнага “where is Belarus?”, узгадвалі імёны беларускіх пісьменьнікаў, як яны гэта робяць з Пушкіным, Віктарам Хара і Амар Хайямам...
На маім стале ляжыць кніга знакамітай пісьменьніцы з даравальным надпісам: “Жадаю, каб твае кнігі сталі здабыткам і Канады, і Беларусі”.
Так ёсьць. Я не магу гэтага у сябе падзяліць.
Таронта
Травень, 2003.