Старая казка Новага году
Аднойчы Вялікае Сонца закахалася ў Зямлю.
І стала Зямлі ад гэтага каханьня так цёпла-цёпла! Расталі на Зямлі адвечныя сьнягі і ледавікі. Пабеглі ручаі і рэкі. І заплакала Зямля шчасьлівымі сьлязамі – цёплымі дажджамі. Ад гэтых дажджоў вырасьлі травы і дрэвы, лясы і сады.
Прыйшло Сонейка да Зямлі і прынесла з сабою сьвятло. Сталі дні доўгімі-доўгімі, а цемра адыйшла, і былі ночы зусім кароткімі. Такімі кароткімі, што амаль не было іх, бо Вячэрняя Зара з Ранішняй Зоркай у абдымку хадзілі.
Ад каханьня Сонца і Зямлі нарадзілася ў іх дачка Вясна. І калі прыйшла Вясна ў краіну яснавокіх русавалосых людзей – зацьвілі паўсюль на зямлі белым-белым цьветам сады, закрасавалі чырвоныя кветкі.
Вельмі ўзрадаваліся людзі цяплу і прыгажосьці: яснаму беламу Сонейку і чырвонай красуні Зямлі! Але ня ведалі яны, як цяпер жыць на зямлі. Тады прыйшоў да людзей другі сын Сонца й Зямлі – Ярыла. Прыехаў да іх на белым прыгожым кані. Ярыла навучыў людзей араць, сеяць жыта і гародніну, гадаваць жывёлу. А яшчэ навучыў ткаць з ільну лёгкія белыя кашулі й сукенкі ды вышываць на іх прыгожыя чырвоныя ўзоры, усхваляючы Сонца і Зямлю за дараванае імі Жыцьцё.
Слухалі людзі Ярылу. Навучыліся сумленна працаваць і карыстацца плёнамі сваёй працы. І тады прыйшла да іх трэцяя дачка Сонца й Зямлі – Купалінка. Весялуха й прыгажуня, гарэза й удаліца, яна прынесла з сабой песьні й танцы, забавы ды гульні людзям для адпачынку і весялосьці. Яна вадзіла карагоды разам зь імі кароткімі летнімі начамі. А белымі-белымі ад рос і туманоў сьвітанкамі шукала чароўную чырвоную Папараць-кветку, каб прынесьці людзям шчасьце.
І былі людзі шчасьлівыя.
А калі надышла восень, сабралі людзі добры ўраджай са сваіх садоў і палеткаў. Яны сьпявалі песьні й дзякавалі Сонцу й Зямлі за іх дары.
Але... але былі ў Сонца яшчэ іншыя клопаты, і адышло яно ў далёкія краі.
Сталі ночы доўгімі-доўгімі, а дні зусім кароткімі й хмурнымі. Заплакала Зямля горкімі халоднымі дажджамі.
Ізноў стала холадна-сьцюдзёна на Зямлі. Замерзлі рэкі й азёры, ізноў выпаў белы-белы сьнег. Прыйшла на Зямлю пара, калі на ёй пануе і кіруе Мароз.
І зьбянтэжыліся людзі, і спужаліся, што зьнікла Сонца назаўсёды. Што ніколі больш ня будзе цяпла на Зямлі. Што ня прыйдуць да іх ні Вясна, ні Ярыла,ні Купалінка. Думалі яны, што Мароз – гэта стары, злы, люты дзед. Бо бачылі ягоныя іскрыстыя вочы ва ўзорах на шыбах дамоў, ягоныя сівыя валасы пад белымі каптурамі ялін і бяроз, ягоную доўгую сівую бараду, што акрыла іхныя палеткі.
Сталі людзі маліць і прасіць: “Дзед-Мароз, не марозь нашых палеткаў і нашага зерня, бо тады ня вырасьце наша жыта і ня будзе ў нас хлеба. Не марозь нашых садоў – бо ня будзе ў нас ні яблык, ні груш. Не марозь нашу жывёлу – бо ня будзе ў нашых дзетак малака. І не марозь нашых дзетак, бо яны захварэюць і могуць памерці, і ня будзе ў нас тады будучыні”.
Але ... але Дзед-Мароз зусім ня быў злым і жорсткім! Наадварот: ён быў добрым і спагадлівым. Ён таксама любіў людзей і сумаваў у адзіноце. І калі пачуў ён, як просяць яго ў белым засьнежаным краі русавалосыя людзі, апрануў ён свой лепшы белы жупан і чырвоны кунтуш, узяў цэлы мех падарункаў, запрог свайго аленя і прыехаў да людзей.
І расказаў ён людзям, што зусім не злуецца на іх, і што халодныя доўгія ночы – гэта толькі часова, і што не замерзнуць палеткі й дрэвы – бо яны проста сьпяць і адпачываюць пад коўдрай белага пухнатага сьнегу. Раздаў Дзед-Мароз дзеткам падарункі, навучыў іх гуляць са сьнегам, з канькамі ды санкамі. І весяліўся зь імі, і вадзіў карагоды. А яшчэ прынёс ён новыя песьні да людзей і стаў сьвяткаваць зь імі новае сьвята – сьвята Новага году, новага календара, сьвята Каляд.
Бо... бо якраз у гэты час, у гэтую чароўную ноч, недзе далёка-далёка Вялікае Сонца павярнула свой шлях да Зямлі. А гэта значыць, што яно абавязкова вернецца сюды.
Ізноў прыйдуць да людзей і Вясна, і Ярыла, і Купалінка.
Ізноў зацьвітуць белыя сады і чырвоныя кветкі.
І зноў будуць шчасьлівымі русавалосыя людзі ў пару белых сьвітанкаў і рос...
І гэтак будзе заўсёды на зямлі, што завецца
Белая Русь.
Таронта, 2003
Гэтая казка была напісана адмыслова для дзіцячай “Ялінкі”. Рыхтуючыся да сьвята, старшыня Таронцкага адзелу ЗБК Надзея Дробіна папрасіла мяне адшукаць інфармацыю, адкуль жа ж, насамрэч, зьявіўся Дзед-Мароз. І паколькі мы мелі моцную спрэчку па гэтым важным пытаньні, а шанцаў знайсьці сапраўдныя доказы за такі кароткі тэрмін у мяне не было аніякіх, я вырашыла скласьці гэтую гісторыю сама, пакладючыся на сваю генэтычную памяць і нашыя родныя беларускія міты.