Але былі случчакі...
У кожнай нацыі ёсьць свае легендарныя героі.
Кожная нацыя беражэ ў сваёй памяці імены людзей, якія некалі былі жывымі, звычайнымі людзьмі, жылі сярод жывых, але так выбіраў час і абставіны, што мусіў іх зрабіць свой жыцьцёвы выбар. Людзей, якія вызначыліся сярод сучасьнікаў і суайчыньнікаў надзвычайнымі якасьцямі: адвагай, вернасьцю, ахвярнасьцю. Тых, сваіх надвычайных і ахвярных, нацыя памятае ў вяках, пяе ім хвалу, складае легенды, каб ганарыцца імі перад іншымі народамі.
Ці ж беларусы вызначаюцца сярод народаў свёй рахманасьцю, абыякавасьцю, сваёй “хатай з краю” – а таму і адсутнасьцю мужных, ахвярных людзей?
Некаму ж вельмі гэтага хочацца: унушыць усяму сьвету – а больш за ўсё самім беларусам – што ня варты гэты народ сваіх герояў, дый герояў сярод іх няма й быць ня можа...
Але... Былі ж случчакі.
Былі звычайныя сяляне. Тыя, што, як і іхныя продкі зь веку ў век, проста аралі зямлю, будавалі хаты, саджалі дрэвы, гадавалі дзяцей. І ў кожнага хата была з краю. Бо кожны хацеў спакойна жыць, працаваць й радавацца сваім дзеткам.
А потым быў Слуцкі чын.
Тыя самыя сяляне, якім хацалася ў крайняй хаце проста жыць і гадаваць дзяцей, раптам пабралі стрэльбы й пайшлі адхіляць бяду ад сваіх хат, у якіх іхныя дзеці маглі б спакойна жыць і гадаваць сваіх дзяцей.
Так, мы не захоўваем у памяці іхных імёнаў – імёнаў тых, хто вылучыўся сярод народу сваёй мужнасьцю й ахвярнасьцю, бо іх былі – тысячы. Іх быў – народ.
Яны ня былі ўпэўненыя, што перамогуць. Больш за тое: напэўна ведалі, што ня стане сілаў адхіліць навалу. Але сядзець у хаце не змаглі.
Жонкі, сёстры, дачкі пашылі ім у шлях сьцягі й вышылі на іх запаветныя словы: “ТЫМ, ХТО ПАЙШОЎ ПАМІРАЦЬ, КАБ ЖЫЛА БАЦЬКАЎШЧЫНА”.
Ведаючы, што не перамогуць фізічна, яны пайшлі паміраць, каб ніхто ў будучыні ня змог сказаць, што беларусы абыякавыя, нясьмелыя, незгуртаваныя, нерашучыя, неахвярныя...
Досыць!
Некаму ж вельмі гэтага хочацца.
Каму?
Ці не таму самаму, хто гэтую навалу нам і ўсьцягнуў на карак....
20.08.05
газета ''Беларус'', №515
сьнежань, 2005 г.