Пра беларускае слова, шкварку і нацыянальны характар
Тое, што беларусы для ўсяго сьвету невядомы народ, мы ўжо ўцямілі і прызвычаіліся. Яшчэ 50 гадоў таму самое Згуртуваньне Беларусаў Канады нашыя суайчыньнікі ніяк не маглі зарэгістраваць: “няма такой краіны, няма такога народу”...
Так, на нас забыліся. На працягу 200 гадоў нас секлі шаблямі, палілі агнём, нішчылі ў лягерах, труцілі гербіцыдамі і стронцыем, нас вымушалі гаварыць на чужых мовах, выціраючы з нашых галоваў нават спрадвечны наш саманазоў – “Літва”, нас раскідала па сьвеце, але мы ўсё ж жывем.
Роўна празь дзве сотні гадоў мы ізноў зьявіліся на мапах сьвету, хаця і зь іншай назвай – “Беларусь”. Але дзіўная рэч: ужо тут, у Канадзе, прыходжу да думкі, што нават для нашых найбліжэйшых суседзяў – украінцаў, расейцаў, палякаў – мы народ нейкі загадкавы. Ні характару нашага ня ведаюць, ні мовы ня чулі. Сапраўды, дзе было людзям пачуць беларускае гаворкі – мо толькі на кружэлках гурта “Песьняры”...
Заходжу ва ўкраінскую сувэнірную краму, заводжу гутарку са старым гаспадаром (па ўсім відаць – ”захаднік”). Глядзіць на мяне падазрона-зьдзіўлена: якой гэта мовай я гавару – ці то расейскай, ці то ламанай украінскай? Тлумачу: гэта, дзядзька, беларуская... Ага, позірк адразу лагоднее.
...Неяк раз на працы, у чыста ўкраінскім асяродку, маё сакрамэнтальнае пытаньне – “А калі грошы будуць даваць?” – выклікала такі рогат! “Што гэта ты гаворыш! Ужо сказала б “когда” ці хоць бы па-людзку “колы”!” Але, зь іншага боку, колькі разоў мяне прасілі пагаварыць па-беларуску, каб пачуць “вашае прагажуні, вашае мовы”. Колькі прыгожых вершаў я прачытала сябрам!
А колькі мітаў-баек пра нашыя нацыянальныя рысы я тут наслухалася! Розных, амаль працілеглых. “Ой! Я лічу, беларусы – яны такія палымяныя, свабодалюбныя!” (Ну, гэтая, відаць, нагледзелася савецкіх фільмаў пра партызанаў. Адкуль ёй ведаць, што для большасьці беларусаў сёньня – “бульба е, дах не цячэ, абы не была вайны...”.) “Я была ў Беларусі. Яны – харошыя людзі, толькі дзіўныя. Ведаеце...такія... як сказаць... заземленыя ўсе. Адны думкі – пра свой лапік зямлі. Калі ў каго няма лецішча – капае агарод дзе папала, проста ў горадзе, пад вокнамі!” (Вось гэта ўжо бліжэй да праўды.) “Я да знаёмства з табой ня думаў, што беларусы такія несур’ёзныя!” (О! Гэты дакладна пацэліў!) “А сала ў вас ядуць?” – “Го, як ядуць! Яшчэ больш, чы у вас, бо ў нас – холадна! А шкварка нам душу саграе!”
Адзін мой сябар-расеец, які ня мог надзівіцца з нашай здольнасьці свабодна размаўляць з усім славянскім сьветам – украінцамі, палякамі, чэхамі, сэрбамі – нарэшце дапяў: “Трэба вывучыць адну мову – беларускую – каб разумець усіх!”
Магічнае наша і магутнае беларускае слова...
Тым больш крыўдна, што новае пакаленьне беларусаў, якое прыбывае і прыбывае ў Канаду, да гэтага часу ня мела магчымасьці пабачыць тут друкаванае выданьне ў сваёй мове. Дык вось яно цяпер у вас у руках – чытайце, гартайце, пішыце!
Так, няхай нас мала тут, і няхай мы такія “размазаныя” (як трапна выразіўся адзін мой сябра), і ня ведаем, наколькі хопіць у нас сіл, уменьня і сродкаў, але вось яно – “Беларускае слова” жыве, як жыве і любая нашаму сэрцу Беларусь!
рэдактарскі артыкул да першага нумару газеты ''Беларускае слова''
Таронта, 2001