top of page

Як мы вясну загкалі

газета ''Беларус'', №484

травень, 2003 г.

          Рэпартажы пісаць ня ўмею. З часоў свайго камсамольскага юнацтва я маю трывалую алергію да справаздач, дакладаў, рэфэратаў, фанфараў і заклікаў “даёш..!” Таму аматарам “выконваць і перавыконваць”, “даганяць і пераганяць” параю адкласьці маю пісаніну ўбок: пісаць буду толькі пра свае асабістыя ўражаньні. Не чакайце ад мяне пераліку дакладчыкаў з цытаваньнем урыўкаў зь іх рэфэратаў. Не судзіце і за сумбурнасьць маіх нататкаў: усё запісана “па гарачых сьлядах”. Сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці БНР праходзілі ў Канадзе тры тыдні запар: у Манрэалі – 23 сакавіка, у Таронта – 30, у Атаве – 6 красавіка.

          Мая галоўная ідэя простая, як жыцьцё, – мы сьвяткавалі дзень нараджэньня нашай, собскай, дзяржавы, імя якой Беларусь! Мы – гэта новае пакаленьне эмігрантаў, дзеці драконаўскай дзяржавы, што ўсе намаганьні прыклала, каб парасьціць з нас манкуртаў, – мы ўсё ж перанялі эстафэту ў старэйшага пакаленьня, якое захавала і данесла праз усе змрочныя гады да нас яе – нашую БНР. І мы проста радаваліся і весяліліся, хоць і стараліся трымацца ўзьнёсла-ўрачыста – ну, як усе дзеці, што сьвяткуюць свой дзень нараджэньня. А  гэты сьвяточны трохтыднёвы марафон – Манрэаль – Таронта – Атава – кружыў нас у коле падзей і ўражаньняў.

          Праўда, сама тэма вымушае да сур’ёзных разваг. Я, як і многія мае равесьнікі, прыехала ў Канаду, так і не разумеючы: чаму 25 Сакавіка? У падручніках майго дзяцінства такой даты не было... Аднойчы мой сын, студэнт high school, атрымаў заданьне зрабіць проджэкт аб якой-небудзь падзеі (на выбар) з часоў першай сусьветнай вайны. Я параіла яму: а напішы пра Беларусь. Якраз пра тое, як дзьве імпэрыі біліся міжсобку да на тэрыторыі трэцяй краіны – на нашай зямлі. Пра Брэсцкі мірны дагавор, які падзяліў яе на дзьве часткі. Напэўна ж, думала, канадыйскія настаўнікі не акцэнтуюць на гэтым ўвагі. Хаця я і сама ня ведала пра гэты факт падрабязна. Сын, сапраўды, не знайшоў інфармацыі на ангельскай мове. Ужо не на жартачкі зацікаўленая, я палезла ў нашую царкоўную бібліятэку. Ойча Вячаслаў (наш жывы даведнік) пакрысе знайшоў для мяне ўсю патрэбную інфармацыю: мэмуары, гістарычныя нарысы, энцыклапедыі... Ідэя прыйшла сама сабой: “А напішы, сынок! Напішы гэтым канадыйцам, як сярод пажараў і разрухі галодны, змучаны вайной мірны народ сабраўся і абвесьціў сябе незалежнай дзяржавай – Народнай Рэспублікай! ...І як два ненажэрныя драпежнікі, што ваявалі між сабой, сустрэліся на тэрыторыі гэтай дзяржавы і вырашалі яе лёс, нават не запрасіўшы яе прадстаўнікоў на перагаворы, – разадралі яе на дзьве часткі! А потым самая доблесная Чырвоная Армія задушыла яе канчаткова.” (...А я ж усё жыцьцё расказвалі сваім сябрам-небеларусам, які спакойны й лагодны наш народ: нават рэвалюцыя прайшла ў нас мірна – прыйшоў у Мінск бранепоезд, якраз на плошчу Мясьнікова, і ўсе былі шчасьлівыя і кідалі ў паветра шапкі.) “Ведаеш, сын, а ўсё ж не задушылі. БНР жыве. Яна жыве за мяжой. Там, дзе мы с табой цяпер. І цяпер гэта нашая справа – берагчы яе і не даць ёй згаснуць, як эстафэтнаму агню.”

          Кожны год, на кожнае сьвяткаваньне прыходзяць новыя беларусы – нашыя новапрыбылыя суайчыньнікі. І кожны раз прыходзіцца тлумачыць, якую падзею мы тут сьвяткуем. Таму прысутнасьць часткі дакладаў як асьветніцкай працы на нашых сьвяткаваньнях усё ж апраўданая. І калі я чую з прамоваў маіх равесьнікаў такія ж самыя думкі і пачуцьці пераасансаваньня тых падзей, я разумею, што гэта – наш агульны лёс, які нас яднае.

          Івонка Сурвіла прывезла у Таронта аудыа касэту з прамовай Васіля Быкава. Жывы голас нашага вялікага суайчыньніка – гэта хвалюе і таксама дае пачуцьцё еднасьці з радзімай і з усімі, хто па-за яе межамі.

           Але душою нашых сёлетніх сустрэч стала, вядома, наша госцья – пісьменьніца Вольга Іпатава. Чалавек вялікай душы, неардынарны, з адметным талентам і лёсам, яна ператварала свае выступы ў літаратурныя вечарыны. Цікавыя расказы, развагі, вершы – мы даўно ўжо засумавалі па такім імпрэзам. Людзі віталі яе стоячы.

          Адметнай падзеяй сталася і выстава работ нашых дзяцей-мастакоў Яўгеніі Шаўчэнка, Антона Вараб’я, Анны і Аляксандры Русецкіх.

          Мой асабісты ўдзел у гэтым сьвяточным марафоне быў зьвязаны з гуртам “Яваровы людзі”, выступ якога ад пачатку меркаваўся як “цьвік праграмы”. Менавіта яго жадалі бачыць і чуць нашыя сябры ў Атаве і Манрэале. (У апошнім, дарэчы, яшчэ ні разу не былі, так што гастролі абяцалі быць хвалюючымі.) Я, праўда, у гурце не сьпяваю (толькі “ноты гартаю”), таму мая паездка была пад сумненьнем: бракавала месцаў у машынах. Але літаральна ў апошні тыдзень кіраўнічку гурта (маю сяброўку) Віялету Кавалёву азарыла новая ідэя. Рэч у тым, што гурт рыхтаваў цыкл песень з абраду “Загуканьне вясны”, і ёй зьявілася цудоўная думка: зрабіць з гэтага нешта накшталт спэктаклю з вядучым-казачнікам, які будзе тлумачыць сэнс кожнае песьні. За тры дні да паездкі яна давярае мне ўвасобіць ейную мару, і мой першы марш-кідок да Манрэаля ператвараецца ў блуканьне па нервах: хаця тэкст і напісала за адзін дзень, але да выступу цалкам не гатовая. Праўда, усе мае дэбютанцкія хваляваньні заштрыхоўваюцца колерамі майго “шчасьлівага білеціка”: мне пашчасьціла ехаць у адной машыне з Вольгай Іпатавай! Што я магу сказаць – сяброўства з такім чалавекам, размовы аб гісторыі, літаратуры, філязофіі – я проста пакуль што не ў стане апісаць усе свае ўражаньні...

            Манрэаль сустрэў нас хмурымі аблокамі і праліўным дажджом. Упэўнена, што менавіта яны спрычыніліся таму, што мы раптам апынуліся ў порце. Аказалася, ня так лёгка адтуль выбрацца, не дапамагала і мапа, дарам што напісаная ня нашай (не ангельскай) мовай. Скончыўся дождж, і ўрэшце мы выбраліся ў цэнтр. Усе непрыемнасьці, зьвязаныя з дажджом і блуканьнем, нам цалкам кампэнсавала наведваньне сабора Нотр-Дам. Прагуляліся і па вуліцах. Цудоўны горад, зусім не падобны на ўжо прывычны і родны Таронта. Раптоўнае пачуцьцё: вуліцы Манрэля чамусьці нагадалі Менск і невеялі крыху суму.

            На зьмярканьні накіраваліся да дома, дзе меліся начаваць, – і апынуліся ў порце. ...Каюся: я засталася ўбаку ад агульных пошукаў выйсьця з гэтай загадкавай плямы на манрэальськай мапе – уся мая творчая энергія была накіраваная на стрыманьне майго нястрымнага языка, што раптам атрымаў такую нагоду патачыць сваю вастрыню. Тымчасам, я не сумавала. Як стары спартовец-валацуга, я захавала былую любоў да вандровак, і любое знаходжаньне на калёсах прыносіць мне асалоду. Тым больш, кампанія добрых сяброў пераважвае ўсе складанасьці дарогі... Спадары Анатоль і Крысьціна Хрэноўскія дачакаліся нас дома ўжо ўзацемку.

           Ведаеце, гэтыя нашыя беларускія хаты... Шчырыя гаспадары, гасьцінны прыём, вячэра з прымýсам. А яшчэ – клапатлівыя ўмелыя рукі нашай гаспадыні – спадарыні Крысьціны: прыемна ўразілі ня толькі смачныя стравы, а і цэлая калекцыя цудоўных вышываных кашуль і блюзак. І ўсё гэтае – размовы дапазна, апошняя рэпэтыцыя ў бэйсмэнце, агульны начлег са сьмехам да паўночы (што дзеці, далібог!) – я бы прыдумала сьвяты, калі б іх не было, адно дзеля такіх сустрэч і прыгод.

           Сама імпрэза была ўрачыстай і ў той жа час камэрнай і цёплай. Бальшыня манрэальскіх беларусаў прыйшлі ў вышыванках (напэўна ж, зробленымі рукамі майстрыхі Крысьціны). Я сама вельмі зацікаўленая вышыўкай і беларускімі сымбалямі і думаю, гэтаму нашаму адметнаму старажытнаму рамяству яшчэ зарана адыходзіць у нябыт, яму цалкам можа знайсьціся месца ў сучасным як выяўленчым, так і прыкладным мастацтве.

           Цёплы сяброўскі прыём, новыя знаёмствы, сустрэчы – зноў прыходзіць думка, што сьвяты – добрая нагода, каб зьбірацца разам, пабачыцца, пагутарыць... Здаецца, паўтараюсь. Ну, што ж, як той казаў: будзем сябраваць гарадамі.

           Ужо на разьвітаньні пачула: “А вы прыязжайце да нас яшчэ. Летам! Ведаеце, у нас тут цудоўны порт – наша любімае месца летам...” – “М-да, – адказала я, – ваш порт – цудоўнае, чароўнае месца. Мару пабываць там яшчэ ўлетку.”  ...Спадзяюся, нястрымнасьць майго языка нікога на зачапіла.

           Якой бы глыбокай ні была традыцыя загуканьня вясны, але ў Канадзе сьнег і мароз у першы тыдзень красавіку пасьля па-вясеньняму цёплага надвор’я ў сакавіку – традыцыя яшчэ больш трывалая!

           Напярэдадні нашай паездкі ў Атаву раптам пахаладала, пайшоў мокры сьнег, які тут жа і замярзаў. Усё навакольле пакрылася ледзяной коркай. Гэта, можа, добрая нагода для фатографаў, каб нарабіць дзівосных здымкаў, але не для падарожнікаў! Такі безупынны двухдзённы мокра-мёрзлы сьнегапад выклікаў халадок сумненьняў у нашых душах, але Атава чакала нас.

           Суботні вечар ператварыў хату спадароў Пятра і Натальлі Мурзёнкаў у сапраўдны “востраў чаканьня” сярод засьнежанай і туманнай Атавы. Мы выязжалі з Таронта чатырма машынамі ў розны час, і толькі ўжо прыбыўшы да Мурзёнкаў бальшыня з нас, асабліва жанчыны, прызнаваліся, што, сапраўды, баяліся, але дарогай маўчалі і толькі ў душы маліліся за нашых кіроўцаў. Хата нашых сяброў вытрывала “нашэсьце” нашай неспакойнай разнастайнай кампаніі ў складзе 22 чалавек і нагадвала ў той вечар нешта сярэдняе паміж пчаліным вульлем і тавэрнай: на кухні вячэрае чарговая “зьмена”, нехта п’е сваю гарачую каву ў гасьцёўне на падлозе, бо за столікамі ідзе апошняя падрыхтоўка строяў, нешта ш’ецца, перашываецца, прасуецца; у бэйсменце (ужо традыцыйна) ідзе рэпэтыцыя; грукацяць ад ног лесьвічкі; ляскаюць уваходныя дзьверы, прымаючы ўсё новых вандроўнікаў, якіх ужо чакае смачная, гарачая вячэра і цёплая бяседа. Пятро, наш гаспадар, аказалася, ня толькі добры прамоўца на афіцыйных імпрэзах, але й цудоўны тамада: “Я дзякую Богу, што мы ўсе сабраліся разам. Я ўдзячны Яму за гэтую магчымасьць зьбірацца разам, дзяліцца думкамі, разумець адзін аднаго, падтрымліваць адзін аднаго. Я спадзяюся, і надалей гэтак будзе.”

          Сьнегапад да раніцы скончыўся, але мароз трываўся. Нядзеля выдалася па-зімоваму марознай і сонечнай. Хаця надвор’е ўжо не мела для нас паважнага значэньня. Мы рабілі тое, што меліся зрабіць: нашай галоўнай мэтай у Атаве было пікетаваньне Расейскай амбасады. Разам зь сябрамі – беларусамі з Атавы і Манрэаля – мы выйшлі з бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі  на вуліцу насупраць будынку Расейскай амбасады, каб высказаць свой пратэст супраць планаў расейскіх уладаў па аннэксіі Беларусі. Мы скандыравалі разам: “Жыве Беларусь!”, “Пуцін, ганьба!”, “Independent Belarus!”, “Hands off Belarus!” (апошнія два, праўда, былі больш дзеля канадыйскіх паліцыянтаў, што двума машынамі ахоўвалі нас). Мы нават, нягледзячы на мароз, прасьпявалі гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” (дарам што артысты!)

           А імпрэза сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці прашла ў City Hall.

           Пасьля афіцыйнай часткі, прайшой канцэрт дуэта “Простыя рэчы” з удзелам Міхаіла Рыкава (гітара) і Ўлады Шамецька (скрыпка). Іх папуры з нашых любімых беларускіх песень заўсёды кранае слухачоў да сьлёз.

           Наш гурт ужо другі раз з гонарам і задавальненьнем выступае ў атаўскім City Hall: выступы праходзяць проста ў файе, а там, па-першае, цудоўная акустыка (якраз для загукальных песень), па-другое, да нас далучаюцца людзі, што праходзяць міма і, такім чынам, мы маем магчымасьць прадставіць нашую нацыянальнцю спадчыну іншым канадыйцам. Дарэчы, я колькі раз размаўляла з канадыйцамі, што ўпершыню слухалі беларускую музыку і сьпевы: яны атрымовываюць лёгкі шок, для іх гэта, сапраўды, экзотыка, але якая чаруе, ўражвае, вабіць. Кажуць, што гэта нешта абсалютна адметнае.

           Нашая новая праграма – з абрадам “Загуканьне вясны” – прайшла на біс. Малайчыны ўсе: дзяўчаты і хлопцы. Маёй сяброўцы Віялеце ёсьць чым ганарыцца. Дарэчы, вельмі радуе тое, што цяпер ў нашым гурце бальшыня – моладзь. І тое, зь якім імпэтам і аданасьцю яны ўсё больш і больш захапляюцца ўдзелам у гурце. Для іх гэта і забава, і агульная справа, і пачуцьцё абуджэньня нечага дарагога і сьвятога. Магічныя нашыя старажытныя песьні: аднойчы іх пачуўшы, тым больш засьпяваўшы – ужо не забудзеш і не пакінеш.

           І я, пахвалюся, таксама атрымала пэрсанальныя падзякі (значыць, не падвяла!). Словы, сказаныя перад першым выступам Вольгай Іпатавай, якая ўжо апякавалася мною: “А ты думай, што нясеш людзям радасьць,” – надалі ўпэўненасьці і спакою: сапраўды, усе тут свае, і ўсе мы тут разам. Гэта ўсё нашае агульнае.

           А закончыць свае хуткія нататкі хачу словамі з майго выступу:

           “Мы бачым вельмі сымбалічным, што сьвята незалежнасьці нашай радзімы прыпадае менавіта на вясну –  пару адрадженьня ўсяго жывога.

           А таму хочам паказаць вам частку песень з абраду загуканьня вясны. Традыцыя загуканьня вясны мела асабліва важнае значэньне. Справа ў тым, што нашыя продкі шчыра верылі, што вясну трэба абавязкава загукаць, інакш яна так і ня прыйдзе. Яны гэтую справу на самацёк не папускалі. А для гэтага карысталіся цэлым арсэналам магічных сродкаў. Перш-наперш, трэба ўзяць ключы і замкнуць зіму, а вясну адамкнуць. Такім ключом ёсць гучная песьня – зь якой зьвяртаюцца да старэйшага роданачальніка як  да вышэйшай сілы прыроды. Таму што ўсе нашыя дзеяньні маюць быць бласлаўленыя нашамі продкамі.

           ...Скажыце каму зіма не абрыдла? ... І ўсе глядзім прагноз па тэлевізары: чакаем, хто калі нам вясну прынясе.

           А вось нашыя продкі дакладна ведалі, што рабіць.

           А трэба сабрацца ўсім гуртам на самай высокай гары і сьпяваць без упынку і так гучна, каб чуваць было ў суседняй вёсцы – на наступным “зборным пункце”. Каб песьні чароўныя пераклікаліся, не спыняліся, луналі ад аднаго гурта да другога, ад Полацка да Брэста, ад Манрэаля да Атавы, ад Атавы да Таронта... Каб далёка ў паўднёвых краінах пачулі яе нашыя птушкі, што выбраліся ўжо ў дарогу. Каб ляцелі яны на гэтыя песн, як на маякі, і не згубілі дарогу дамоў. А чаму гэта так важна? А таму, што менавіта яны нясуць ў дзюбах ключы ад вясны...”

           Мы – заходнія і ўсходнія, праваслаўныя і каталікі, тутэйшыя і савецкія, старыя і новыя (на каго яшчэ там нас дзялілі ў гісторыі?..) – а ўсё беларусы, – давайце выйдзем усе разам на самую высокую гару і... загукайма!

 

 

 

Таронта

7 крас. 2003.

 сьвяткаваньне 85-годзьдзя БНР у Канадзе

bottom of page