top of page

...і вочы дзяўчынкі з вогненнай вёскі

У імя Бога, самага Спагадлівага, самага Міласэрнага.

 

О Госпадзе, Спагадлівы й Міласэрны!

У гэтыя цёмныя часы мы просім Цябе:

Дай нам ведаў і мудрасьці

Рабіць правільны выбар і трымацца Праўды.

 

О Госпадзе, Спагадлівы й Міласэрны!

Мы просім Цябе: зрабі нас Прыхільнікамі Міру.

Каб мы баранілі Праўду і Справядлівасьць

Толькі словам і ўчынкамі.

 

О Госпадзе, Спагадлівы й Міласэрны!

Мы просім Цябе: зрабі нас Заступнікамі Міру.

Дай нам сілу, мужнасьць і волю,

Каб мы маглі супрацьстаяць несправядлівасьці і прымусу.

 

О Госпадзе, Спагадлівы й Міласэрны!

Мы просім Цябе: зрабі нас Абаронцамі Міру.

Каб мы маглі супрацьстаяць Прыгнятальнікам зямлі,

Якая належыць людзям рознай веры і расы.

 

О Госпадзе, Спагадлівы й Міласэрны!

Мы просім Цябе: ахіні нас, каб не стаць нам Адхільнікамі Міру.

Тымі, хто пераборліва грэбуючы парушэньнем Правоў чалавека

Падбухторвае і дапамагае гвалту.

 

О Госпадзе, Спагадлівы й Міласэрны!

Мы просім Цябе: адхілі нас ад Руйнаваньня Міру.

Каб ня сталі мы цярпімымі да прыгняценьня

Праз нашае маўчаньне і бяздзейнасьць.

 

О Госпадзе, Спагадлівы й Міласэрны!

Мы просім Цябе: ня дай нам стаць сярод Гіпакратаў.

Тых, хто гаворыць пра мір,

А сам налагае санкцыі і абвяшчае вайну, якая забівае нявінных.

 

О Госпадзе, Спагадлівы й Міласэрны!

Мы просім Цябе: ня дай нам Забыцца

На жахі ўсіх генацыдаў, прошлых і цяперашніх,

Каб мы не паўтаралі зьверстваў, якія мы так палка праклінаем.

 

О Госпадзе, Спагадлівы й Міласэрны!

У гэтую патрабавальную гадзіну мы прасім Цябе: дапамагі нам Асягнуць Міру

Праз нашую безупынную працу, каб пакончыць з усёй несправядлівасьцю,

                                                          і

Праз нашую безупынную і няўхільную прцу, каб пакончыць з прыгнётам.

                                                     Амінь.

 

            Гэтую Малітву – зварот да Госпада Ісуса Хрыста – склаў добры і лагодны чалавек Ахмед Мацьяр (Ahmed Motiar). Так, мусульманін. Мусульманін, народжаны ў Паўднёвай Афрыцы, які зьведаў на сябе нялюдкасьць апартэіду. “Мая Малітва за Мір” была натхнёная павучаньнем Ісуса Хрыста, які сказаў: Ня мір Я прыйшоў прынесьці, а меч. (Мацьвей, 10:34) Сутнасьць гэтага паведамленьня палягае для нас у тым, што мір ня прыдзе праз “меч”, але праз нашую актыўную дзейнасьць, накіраваную на тое, каб пакончыць зь несправядлівасьцю і прыгнётам.

            Ахмед Мцьяр як прадстаўнік арганізацыі “Рада Згуртаваньня мусульманаў Канады” зачытаў сваю малітву напрыканцы імпрэзы, прысьвечанай “Тыдню супраць генацыду”, якая адбылася сёлета 23 сакавіка ў Доме ўраду Антарыё. Ініцыятарам і арганізатарам “Тыдня” і імпрэзаў – тых, што адбыліся, і тых, што маюць праводзіцца штогод, -- зьяўляецца арганізацыя “Канадыйцы за Музэй генацыду”. Мэтай арганізацыі ёсьць асьветніцкая праца па вызначэньню сапраўдных і справядлівых – агульных для ўсяго чалавецтва – паглядаў на зьявы расізму, дыскрымінацыі і генацыду, а таксама яднаньне усіх міралюбных сілаў з тым, каб пакончыць з гвалтам на нашай планеце. Зараз у арганізацыі больш за сорак нацыянальных суполак-сябраў.

            А пачалася імпрэза з Малітвы-навучаньня-ў-добры-шлях, зробленай сьвятаром-шаманам Графтанам Антонам ад імя індзескіх плямёнаў Канады – народаў першапасяленцаў на гэтай зямлі, народаў, якія напоўніцу спазналі ўсе жахі генацыду.

            Уздымаліся малітвы, маўчала памінальная хвіліна... А ў гэты час на ўдзельнікаў імпрэзы, канадыйцаў з рознымі тварамі, веравызнаньнямі, звычаямі глядзелі вочы дзяцей, ахвяраў генацыду, з усіх куткоў сьвету – і сярод іх і вочы беларусай дзяўчынкі “з вогненнай вёскі” – у якіх пакута і папарок: “Будзьце пільнымі!” Гэта – фотавэрнісаж, падрыхтаваны сэрбам Баянам Пятровічам. “Калі я прабіраў здымкі, дасланыя мне, яны былі бяз подпісаў (такімі былі ўмовы выставы), і я ня ведаў, чыі гэта былі твары, але чым я быў уражаны – незалежна ад колеру скуры і валасаў – вочы ва ўсіх былі абсалютова аднолькавыя. Пакута і жах ня маюць нацыянальнасьці.” – скзаў ён у саім выступе.

            Няма рэлігіяў “правільных” ці “няправільных”, ваяўнічых ці агрэсіўных. Ёсьць палітыкі, якія выкарыстоўваюць рэлігіі ў сваіх мэтах. Мы мусім быць мудрымі, цярпімымі і цярплівымі. Аднойчы людзі зразумеюць і прымуць адзіную простую Ісьціну: усе рэлігіі гавораць адно і тое ж – ёсьць Бог; Ён любіць нас усіх; і Ён навучае нас любіць адзін адніго.

            Гвалт і генацыд ня маюць нацыянальнасьці. Яны ёсьць толькі мэтай самой у сябе. Сутнасьць яе – нішчэньне.

            Сутнасьць нацыяў – творчасьць і разьвіцьцё шляхам этнакультуры. Уся прыгажосьць сьвету, створанага Богам, у разнастайнасьці і роўнасьці ягоных культураў.

            Божа, навучы нас мудрасьці, цярпімасьці і цярплівасьці.

            У імя Жыцьця.

bottom of page