top of page

Гвалт і генацыд беларускага народу

працягваецца і адбываецца і ў гэтыя дні

Добры дзень, ледзі й дэнтльмэны!

Мяне завуць Ірына Варабей. Я – пісьменьніца.

Я ёсьць канадыйкай беларускага паходжаньня.

Мая краіна Беларусь – гэта краіна ў цэнтры Эўропы, ейнымі суседзямі ёсьць Польша, Украіна, Расея, Літва. Памерам яна блізу Англіі, з насельніцтвам 10 мільёнаў чалавек.

Я ёсьць патрыёткай сваёй нацыі – нацыяналісткай – бо прысьвяціла телент і творчасьць сваёй нацыянальнай культуры. І таму я вымушана жыць за мяжой.

Чаму?

Проста таму, што ў маёй пост-каланіяльнай, пост-савецкай краіне ўсё перавёрнута з ног на галаву.

Калі расейцы чуюць, як я кажу: “Я – нацыяналістка”, яны проста спалохана бягуць ад мяне. Бо ў Савецкім Саюзе слова “нацыяналіст” ставілася ў адзін рад са словамі “фашыст”, “бандыт”, “тэрарыст”. Але адзіным страшэнным зладзействам гэтых людзей было тое, што яны хацелі парушыць “великую, единую, недилимую семью” CCCР, ўсталяваўшы нашую собскую незалежную дзяржаву. І ўжо не бралося пад увагу тое, што гэта Расея 200 год таму заваявала нашую краіну, разбурыла яе, акупавала нашыя землі, прыгнятала наш народ.

Да гэтага стагодзямі расейскія цары вялі крывавыя зьнішчальныя войны, каб завалодаць нашым краем. Ненавідзячы нашую адметнасць, нашую незалежнасьць, яны заяўлялі, што іхнай мэтай ёсьць зьяднаць славянскія народы ў адно так-званае “славянскае братэрства” пад Маскоўкім кіраўніцтвам.

Але ні агульныя культурныя карані, ні агульная праваслаўная вера не спынілі нашых братоў-суседзяў ад разбурэньня да тла нашых гарадоў, рабаўніцтва нашых цэркваў, крадзежу нашых сьвятынь. Як і ад замардаваньня мільёнаў і мільёнаў нявінных людзей.

Таму што гвалт і генацыд ня маюць нацыянальнасьці. Яны ёсьць толькі мэтай у самой сабе. Сутнасьць яе – нішчэньне.

Сутнасьць нацыяў – творчасьць і разьвіцьцё шляхам этнакультуры.

Ці ня ёсьць гэта самым вытанчаным генацыдам пасьля ўсяго гэтага? – Усе нашыя нацыянальныя школы, унівэрсітэты, выданьні былі зачыненыя, мова забарoненая, і нават забаронены наш гістарычны назоў Літва (Вялікае Княства Літоўскае) – і на ўвесь сьвет абвешчана: “Няма такой краіны. Няма такога народу. Забудзьце пра яго. Ёсьць толькі паўночна-заходнія тэрыторыі Расеі.”

Наш народ паўставаў супраць Расеі тры разы на працягу ХІХ стагодзьдзя. Як можна здагадацца, паўстанцы былі названыя “бандытамі” й “рабаўнікамі”, а паўстаньні патопленыя ў крыві.

Падчас Першай сусьветнай вайны Нямеччына й Расея ваявалі міжсобку, але выключна на нашай зямлі, карыстаючы нашых людзей у якасьці “пушачнага мяса”.

У 1917 годзе ў Расеі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая абвесьціла “права нацыяў на самавызначэньне”. Добра.

Паводле гэтага права дэлегаты ад беларускага народу сабраліся на Усебеларускі Сход і ўсталявалі Беларускую Народную Рэспубліку.

І што?

Немцы й расейцы сустрэліся разам на перамовы на тэрыторыі Беларусі, не запрасіўшы туды прадстаўнікоў ураду БНР, і падпісалі мірную дамову, падзяліўшы нашую краіну паміж собку. Савецкая Чырвоная Армія зноў акупавала ўсходнюю частку Беларусі, пазабівала ўдзельнікаў Сходу і сябраў Рады БНР. Тыя, хто пазьбеглі рэпрэсіяў, эмігравалі і захавалі Раду БНР, якая існуе да гэтае пары на выгнаньні.

Замест Беларускай Народнай Рэспублікі была ўсталявана БССР, залежная ад СССР, г.зн. Крамля.

Рэвалюцыя 1917 году абвесціла “свабоду, роўнасьць, братэрства”. Добра.

На працягу 1930-х гадоў, былі расстраляныя больш за 220 беларускіх пісьменьнікаў. Тысячы прадстаўнікоў інтэлігенцыі, работнікаў навукі й культуры, былі замардаваны ў вастрогах і канцэнтрацыйных лягерах.

У чым была іхная правіна?

Яны працавалі над стварэньнем інстытуцыяў беларускае культуры: унівэрсітэтаў, школ, сродкаў масавай інфармацыі, распрацоўвалі сучасную тэрміналёгію для навукі й культуры... Яны былі нацыяналістамі. Але “нацыяналіст” – гэта тое самае, што “фашыст” ці “тэрарыст”, паводле савецкага вызначэньня. Нават СЛОВА, асьветніцтва, было пагрозьлівым для Імпэрыі.

Гэта ня ўсё. Нядаўна, былі знойдзены месцы масавых пахаваньняў побач зь вялікімі гарадамі ў нашай краіне. Адно зь іх – Курапаты побач зь Менскам. 250 тысяч забітых. Расстраляных КГБ напрацягу 1930-39 гадоў. Хто ляжыць у тых магілах? Рабочыя й сяляне. У чым іхная віна? – Яны проста былі беларусамі й ня выракліся сваёй нацыі. Колькі такіх пахаваньняў па ўсёй краіне? Мы яшчэ ня ведаем дакладна.

Другая сусьветная вайна. Зноў Нямеччына з Расеяй ваююць міжсобку на нашай зямлі, карыстаючы нашых людзей. Масква арганізуе партызанскія атрады. Яны пускаюць пад адхон ваенныя цягнікі й рабуюць тутэйшая насельніцтва для свайго забясьпячэньня. У вадместку, няздольныя ўправіцца з узброенымі атрадамі, нямецкія фашысты робяць простую рэч: яны называюць сялян “бандытамі” і паляць вёскі. Яны паляць іх РАЗАМ з ЖЫХАРАМІ. Яны зьбіраюць іх у вадну павець ці царкву і запальваюць. Хто гэтыя “бандыты”? Жанчыны, дзеці, старыя.

Амаль 350 беларускіх вёсак былі спаленыя разам з жыхарамі.

Тысячы беларускіх вёсак і гарадоў былі зруйнаваны. Сталіца Менск парушана поўнасьцю.

Беларусы згубілі траціну свайго насельніцтва у гэтай вайне.

І ці ня ёсьць гэта апошнім і найгоршым аспэктам поўнага генацыду? – Савецкая імпэрыя выхавала новае пакаленьне – не беларусаў, а такзваны “савецкі народ”, -- што і было ейнай мэтай! – якое нічога ня ведае, пра што я тут расказала . Таму што нашыя людзі атрымлівалі савецкую адукацыю, з якой беларуская гісторыя і культура былі поўнасьцю выключаны ці перапісаны. А камунісцкая прапаганда актыўна займалася “прамыўкай мазгоў” народу. Гэта вельмі выгодная справа – прамывай мазгі людзям – і яны ня будуць паўставаць.

“Няма такой краіны, няма такога народу”.

І сьвет нават нічога ня ведае аб нашым існаваньні. Як шмат вы ведалі аб беларусах дагэтуль?

І нават самі беларусы часам ўсьведамляюць сябе не асобнай адметнай нацыяй, а часткай “братняга” расейскага нроду.

...Я расказала вам пакутную гісторыю свайго народу. Вельмі коратка.

Я нават не ўзгадалая яшчэ пра Чарнобыльскую катастрофу, 70% наступстваў якой ляглі на беларускія плечы.

Сьвет мусіць ведаць, што наша нацыя існуе, але крывавіць і памірае.

І мы будзем крывавіць, пакуль не пазбавімся нашай апошняй бяды. Найноўшай трагедыяй нашага народу ёсць урад, якім кіруе прэзідэнт – маскоўскі стаўленік, “апошні дыктатар Эўропы”, хто нішчыць беларускую культуру, працягваючы палітыку русіфікацыі маскоўскіх цароў і савецкай імпэрыі, намагаецца зноў зьяднаць нас з Расеяй.

Але сьвет мусіць ведаць, што мы – нацыя, якая ўваскрашаецца, нацыя, якая змагаецца за сваю адметнасьць і сваё існаваньне.

Мы хочам, каб увесь сьвет, як і ўвесь наш народ, успомнілі, што некалі гэта была вялікая нацыя. Гэта была адна з самых прагрэсіўных і заможных дзяржаваў Эўропы – Вялікае Княства Літоўскае.

Успомнілі, што гэта нацыя, якая спыніла Залатую Арду і захіліла Эўропу ад ейнага нашэсьця. Якая ў той жа час спыніла нашэсьце Крыжакоў і захіліла ад іх цэнтральную й усходнюю Эўропу.

Нацыя, якая яшчэ ў 1588 годзе стварыла першы дасканалы звод законаў – фактычна дэмакратычную канстытуцыю – прынцыпам якой следовала ўся Эўропа.

Нацыя, якая першай у Эўропе стала друкаваць Біблію на сваёй роднай мове.

Нацыя, якая дала сьвету й іншым народам мысьліцеляў і герояў, якія сталі іхнымі нацыянальнымі здабыткамі: такіх як герой ЗША, гэнэрал Тадэўш Касьцюшка (помнік яму стаіць недалёка ад Белага дому), ці нацыянальны герой Чылі навуковец Ігнат Дамейка.

Гэтак будзе.

Таму што сутнасьць нацыяў – творчасьць і разьвіцьцё шляхам этнакультуры. І далучэньне сваіх прагрэсіўных крокаў да ўсяго чалавецтва.

P.S.

Я падрыхтавала гэтую прамову кoлькі месяцаў таму, яшчэ ня ведаючы, як будуць развівацца падзеі ў Беларусі да цяперашняга часу. 10 дзён таму дыктатар Лукашэнка зноў падмануў увесь сьвет, сфальсафікаваў вынікі выбараў, аб’явіўшы сваю “элегантную перамогу”. Адзінай краінай, хто прызнаў гэтыя так званыя “выбары” сапраўднымі, ёсьць Расея. З ухваленьня расейскага прэзідэнта Лукашэнка распачаў жорсткія рэпрэсіі мірных масавых пратэстаў, тых людзей, хто паўстаў супраць гэтай Хлусьні. На працягу апошняга тыдню амаль тысяча чалавек, аб’яўленых ім “тэрарыстамі”, былі брутальна зьбітыя й арыштаваныя.

Гэтыя “тэрарысты” – нашае новае пакаленьне, моладзь, што ня хоча жыць пад гвалтам. Гэта – цьвет нашае нацыі, якую Лукашэнка зноў брутальна нішчыць.

Я хачу зьвярнуць вашую ўвагу на тое, што гвалт і генацыд беларускага народу працягваецца і адбываецца літаральна ў гэтыя дні.

І змаганьне нашага нороду за свабоду й свае чалавечыя правы працягваецца там і цяпер.

Дзякуй за ўвагу.

“Канадыйцы за Музэй Генацыду”

Тыдзень памяці ахвяраў генацыду

Дом ураду Антарыё,

28 сакавіка 2006 г.

газета ''Беларус''

bottom of page