А можа, яна ня згасьне?
Зоркі загараюцца і гаснуць. Чалавек нараджаецца і памірае. Так здараецца і з этнасамі: яны ўзьнікаюць, дасягаюць росквіту і, часам бывае, зьнікаюць...
Так я думала, сабраўшыся ў далёкую дарогу са свайго "раскіданага гнязда" з того краю, дзе пяшчотныя маткі сьпяваюць калыхынкі сваім немаўляткам на чужынскай мове, дзе клапатлівыя бацькі патрабуюць, каб на гэтай мове навучалі ў школах іх дзетак, а людзі ня помняць свайго радаводу далей за бабку і дзеда. Там стомленыя вечнай працай старыя, забытыя "парціей і правіцельствам", што ўголас абяцалі ім "сьветлае будушчэе", дажываюць свой век у роспачы і нястачы. А маладыя цьвердзяць абыякава:"Какая нам разніца на каком языке гаварыць, главнае, чтоб жылось харашо. А без Расіі нам не выжыць".
Гэтаму народу сто годоў бухцелі, што яго мова -- ня мова, а дыялект польскай, потым сто год -- што гэта дыялект расейскай, потым яшчэ семдзесят -- што ён наагул не нацыя, а зусім іншае "новаабразаваніе" -- "савецкій народ", і як гэта добра: жыць у супольніцтве, (г.зн.-- "у камунальнай кватэры") са сваім (самазваным) "старэйшым братам" (які будзе клапатліва кіраваць тваёй працай і распараджацца тваім бюджэтам).
Чалавечая гісторыя ўжо неаднойчы індэферэнтна наглядала, як зь яе твара зьнікалі і больш буйныя і магутныя народы і этнасы. І гэта не тое, што я не любіла і ня верыла ў свой народ, але асэнсоўваючы ўсю колькасьць і веліч выпрабаваньняў, што выпалі на яго галаву, бачачы ўсё яшчэ невялікую колькасць тых самаахвярных і апантаных змагароў (не пакінь іх, Божа, у іх барацьбе), што ўсё стукаюць, не дастукаюцца да розуму гэтых укалыханых расейскімі абяцанкамі людзей, я была ўжо гатовая ў роспачы зьмірыцца і прызвычаіцца да думкі, што й гэтая зорка гасьне, і майму народу выпадае лёс дакаў, палабянаў ці лацінаў, што проста разышліся сярод іншых народаў (пэўна ж, "старэйшых братоў").
І вось я тут, у Канадзе, сярод гэтых вясёлых, лагодных, дабразычлівых людзей, якія нікога не прымушаюць і не пераконваюць мяняць сваю мову, звычаі, веру (нечым падобныя яны на беларусаў). І хоць многія зь іх нічога ня ведаюць пра мой народ, і часьцяком не разумеюць нашых "нацыянальных праблем", але спагадліва прымаюць нас як мы ёсьць, роўнымі ў сваё вольнае супольніцтва.
І пашчасьціла мне патрапіць, хаця і не адразу, ў нашую беларускую суполку. І тут адчуць сябе як дома, на радзіме, сярод сваіх. Праз паўтары гады адасобленасьці як бальзам на душу пачуць такую родную беларускую мову. Як я сумавала па ёй! Як гэта прыгожа: весьці гаворку на нашай мове, чуць натуральную, сапраўдную мову ў выкананьні старэйшых суайчыньнікаў, якіх воля лёсу занесла сюды яшчэ больш паўстагодзьдзя таму, якія і стварылі гэтае Згуртаваньне беларусаў Канады. А галоўнае, менавіта тут я і адчула, што можам мы, беларусы, быць зьяднанымі, мэтанакіраванымі, плённымі. І людзі старэйшага пакаленьня -- нізкі паклон ім, што прымаюць нас, маладзейшых, "савецкіх"(што скажаш), як ёсьць, не дзелячы з намі нашай радзімы (што бывае ў іншых суполках) -- нястомныя, аддалі ўсё жыццё захаваньню нашых нацынальных каштоўнасьцей. І новыя беларусы, што ўсе сваі сілы і энтузіазм прыкладаюць для таго, каб нашы суайчыньнікі не спачувалі сябе ў вялікай Канадзе адасобленна, а ведалі , што і тут яны сярод сваіх.
Тут, побач зь сябрамі, я адчуваю сябе інакш. Новая думка надае мне сілы і спадзяванні: дыктатары прыходзяць і адыходзяць, а народ застаецца.Разам з сябрамі я ізноў веру, што не загасьне зорка ў небе, што мы яшчэ пабачым, як жыве і квітнее наша родная Беларусь!