top of page

Думкі, што не пасьпелі зьбегчы

16.10.2004

Нехта некалі будзе мяне дасьледаваць.

Учытвацца ў мае запісы, вышукваць мае лісты, ужывацца ў мае думкі. Старацца зразумець маю душу. Дакопвацца, якой я была.

А цяпер? Пакуль я ёсьць, побач з вамі, жыву звычайным жыцьцём звычайнага чалавека?

Нецікава.

Ходзім мы ўсе, нецікавыя адзін аднаму, як глухія ў прыцемках.

І кожны жыве сваім.

“Палюбі бліжняга свайго, як сябе...”

2003 г.

Часам ня цэнім ня толькі цяперашняга, але й мінулага. Уплецены ў “сёньня”, даволі патрапаны па часе – і мы  забываемся, якім цудоўным быў пачатак.

2003 г.

Чаму падзьвіжнікам так цяжка? Увесь час натыкаесься на сьцяну перашкод і праблем...

Калі б яно давалася так лёгка, мела б нейкія перавагі і аплочвалася – о, колькі б падзьвіжнікаў знайшлося!

Беларусь... беларушчына патрабуе сапраўдныя душы. Родзіць іх. І выкрышталізоўвае для ўсяго сьвету.

 

            А мы вынішчаемся...

            Зноў адраджаемся...

            Мы – ачышчаемся.

 

2003 г.

Чужая праўда – цяжкая ноша.

Са сваімі грахамі можаш рабіць, што хочаш. Ці маеш права адкрываць чужыя? ...Тым болей, што тых ужо няма.

Ох, цяжкія іхнія грахі...

 

2004 г.

Пісьменьніцтва прыходзіць ад таго жыцьцёвага несуладзьдзя, якое мы называем адзінотаю. Думкам так цесна ў галаве, і так няма на каго іх вываліць – тады і аддаеш іх паперы.

 

Горад, ён падобны ў нейкім сэнсе на лес: вакол цябе бясконца людзі, людзі... як дрэвы ў лесе – ты ня можаш іх пазьбегнуць...

Але людзі – ня дрэвы: яны ня ўмеюць разумець моўчкі.

 

2006 г.

Калі мы ўжо навучымся дараваць памылкі і не дараваць зладзействы?

15.03.2004

Цябе пакрыўдзілі... Але ты як лагодны і разважлівы чалавек, не жадаючы канфлікту і сваркі, праходзіш міма. Ты даруеш яму, па-хрысьціянску разумеючы, што чалавек ‘’ня ведае, што робіць’’ і, пэўна, не хацеў цябе крыўдзіць. Ты нават зробіш яму дабро ў адказ.

Але чалавек паўтарае свае абразы. Потым зноў і зноў -- зьнявага да цябе становіцца прывычкай, нормай ягоных паводзін. Ён перастае лічыцца з табой, выцірае аб цябе ногі...

Ці нашая беларуская лагоднасьць – ёсьць той нашай вартасьцю, што пераходзіць у заган? І абарочваецца супраць нас саміх?

Хто толькі не выціраў аб нас боты...

 

Сакавік 2004

А я цяпер, што той галодны воўк... прагна імчу... да творчасьці... да мудрасьці...

Нават пад дулам стрэльбы.

 

Сакавік 2004

Самым цяжкім бывае асэнсаваньне свайго граху.

Бывае ты пачынаеш судзіць чалавека і асуджаеш яго. Як, здаецца, мы ўсё слушна расклалі ў ягоным жыцьці і вырашылі, дзе ён мае рацыю, а дзе – вінаваты. Забыўшыся, што чужае душа – пацёмкі. Якія плыні ўнутраныя, думкі і пачуцьці кіруюць ёю? Ах, мы не заўважаем, што мы ўсе – слабыя чалавекі, што падпадаюць пад уплыў асабістых эмоцыяў, жалю да сябе, крыўды.

 

Як кожны з нас умее апраўдваць усе свае слабасьці і пры гэтым не дараваць іх іншым!

Ці бывае гэтак у кожнага? Але мяне жыцьцё, бывала, ставіла у тыя ж абставіны, якія склаліся ў таго чалавека, якога я некалі не зразумела і асудзіла. І тады сябе я разумела, сябе – апраўдвала. А потым разумела, што той чалавек пакутаваў гэтак жа, як я тады...

Напэўна, с кожным так бывае, толькі ці кожны можа прыпомніць у такі момант таго чалавека?

 

 

28.05.2004

Лёс мой – складаныя камбінацыі ўзьлётаў і падзеньняў. Больш падзеньняў.

Але менавіта падзеньні даюць мудрасьць.

Былі ў маім жыцьці падзеньні падзеньняў... Пра якія людзям і не раскажаш і ўспаімінаць цяжка. Гэта падзеньні абставін, калі жыцьцё абкладае цябе, як зьвяра на аблозе. Ты ў цэнтры лябірынту і нават не мяркуеш, што зь яго недзе ёсьць выхад. Часам, яго, можа, і не было. Прынамсі, гэта толькі збоку (нават з боку часу) падаецца, што ён можа быць, ці мусіць быць абавязкава. Мы любім быць аптымістамі па-за лабірынтамі...

Жыцьцё кідала мяне ў аблогі. Часам на самае іхнае дно. Я жыла ў тых абставінах, і людзям можа падасца, што дзейнічала нізка і злосна. Але такімі былі правілы гульні. Аднаго ня ўбачыць ніхто – дух мой не мірыўся з гэтымі ўмовамі. Ён не хацеў падаць, ён лунаў дзесь вышэй. Лунаў і чакаў. Чакаў зьмены абставін, разлому аблогі.

А мне жыць было ў раздраі.

Паміж целам у аблозе і духам у неагляднай вышыні.

...11.2004

Ня ведаю вышэйшага і больш бескарысьлівага пачуцьця, чым сяброўства. каханьне – карысьлівае. У ім сэксуальны пачатак, юрлівая патрэба – карысьць.

У сяброўстве нават калі ёсьць і такая карысьць, як ‘’паплакацца ў камізэльку’’ – усё роўна: ты не станеш плакацца таму, каго не паважаеш, с кім ня дзеліш аднолькавыя думкі.

 

2004

Не люблю сваё цела. Бо за ім ня бачна мяне.

 

... І аднойчы я зразумела, што тое, чаго хачу я, на сьвеце не бывае.

Прынамсі на гэтым.

Я ведаю, мяне чакаюць Там. Там мяне любяць. Там няма целаў. І таму там ёсьць любоў, а не каханьне.

 

Маё цела – адно прыманка для самцоў.

Маё цела – заслона ад таго, за што мяне варта любіць.

 

 

11.11.2004

Я магла бы быць касмапаліткай і нават трымацца савецкай ідэі еднасьці нацыяў у вадну...

Але гаворыць у ва мне мая кроў.

А ў ёй гавораць да мяне мае дзяды.

І патрабуюць.

Патрабуюць паўстаць за Іх.

 

  

05.12.2004

А нам бы день продержаться да ночь простоять...

Адзіноцтва.

Ужо нават і гэтае прайшло.

Хацелася некалі падзяліцца зь людзьмі пра ўсё горкае перажытае, пра тое, як цяжка цяпер.

Ат!.. Мой Крыж – са мной.

А Бог?

Калі-небудзь даведаюся. Там.

 

 

16.12.2004

Ну, што ж.

Цярпеньне.

Набіраюся.

Я магла б пахерыць усё, што заўгодна: я ні за што ў гэтым сьвеце ўжо не трымаюся.

Але – сын.

Ну, як заўсёды – адтуль, адкуль не чакаеш. Менавіта тое, што не абыдзеш.

Вось такая скрутка. Лёс.

Адно дапамагае, каб не наракаць на Бога – вера, што, бадай, сама была выбірала сабе выпрабаваньні.

 

 

...01.2005

Сёньня зноў навярнуліся сьлёзы.

    Я буду плакаць у Канадзе

    Толькі іншымі сьлязьмі...

Чаго гэта я сёньня? ...Не-а, не ад бяды. Ад гэтага я ўжо даўно ня плачу.

Ад людзкога спачуваньня. Няўжо прывыкаць прыдзецца? ... “У нищих своя гордость»

 

Усё ўжо даўно зайшлося, сьцвярдзела ў камень...

Калі гэта я плакала апошні раз?

 

Як маму хавалі. У катафалку. І як гроб апускаць сталі. Я нават падысьці да ямы баялася. Ад пачуцьця ... незваротнасьці...

І зайздрасьці.

Зайздрасьці?

О, так. Не, не да зьнявечанага пустога цела, што было некалі дарагім чалавекам, а цяпер апускаецца ў глыб зямлі.

Што зь яго!

Дух. Ужо свабодны і шчасьлівы быў побач і так высока.

Побач – і так недасягальна. Таму што непераадольнай перапонай – нашае ''драгацэннае'' цела.

 

Дагнала дзіда і ў Канадзе.

Але... Няўжо ня кінуць тут загібацца сам насам зь бядой?

А я ня ведаю, што з гэтым рабіць. Я ж навучылася толькі сам насам з Крыжам ... і з сякерай праз джунглі.

 

 

2005

А я, зрэшты, не баец.

Наагул не баец. Я ніколі не хаджу ў атаку. І нават ніколі не прымаю абароны. Я проста грэбліва пакідаю поле бою.

Я пакідаю поле, не выіграўшы, не праіграўшы. Я нікога не чапаю. І сыходжу, каб захаваць жыцьцё сабе і іншым.

А мяне даганяюць – і дзідай! Дзідай!

І дзідай у сьпіну...

 

 

03.01.2005

Я вельмі люблю сваю радзіму.

Так, я не жыву там. Але я пражыла там дастаткова доўга, каб добра захаваць яе ў памяці і ў сэрцы.

І напакутавалася так дастаткова, каб не хварэць балюча на настальгію.

 

 

Сакавік, 2005.

Столькі прыдумана зрабіць, напісаць, перакласьці, сфатаграфаваць і вышыць...

Баюся.

Баюся, ня хопіць жыцьця.

Вольга намерыла мне яшчэ 30 год. Два зь іх ужо прайшлі. За імі нічога так асабліва і не зроблена.

Хаця не.

Партрэт Уладыкі. Гэта – ў Вечнасьць.

Аповед пра Сашку.

Пасьля яго так і ня пішацца. Гэта, як рубеж, як кропка звароту.

Аповед мне быў дыктаваны. Лёгка пісаўся. І цяжка.

Мы йшлі насустрач адзін аднаму. Ён да мяне. Я да яго. Дзеля гэтага праходзіла мяжу па-за быцьця..

Пасьля аповеду патрэбныя большыя крылы... Радкі не кладуцца, словы не складаюцца. Што можа быць яшчэ важным і патрэбным людзям пасьля яго? Што я магу яшчэ ім даць важнага са свайго?

Словы клаліся так лёгка. Бо пісала ня я. Я не талент. Я толькі прылада ў Ягоных руках.

А што магу я сама?

Але чаму я?

Не скажу, што грэшная, як ліха. Але і сьвятасьцю не вызначалася.

Жыцьцё ламала, як крыгалом. “Кто связь между добром и злом разрубит?”...

 

 

…03.2005

Я не прэтэндую на навуковае дасьледаваньне. Я прэтэндую на дасьледаваньне мастацкае.  Як чалавек, які ўпэўнены, што валодае генетычнай памяцьцю.

Я ўпэўнена ў гэтым. Давесьці не магу. Як не магу давесьці і існаваньне Бога. Як ніхто ня можа давесьці і Ягона неіснаваньня. Я проста гэта ведаю. Як ведаюць – і не патрабуюць доказу – людзі ў тое, што заўтра ўзыдзе сонца. Як ніхто ня можа давесьці і зваротнага: што яно заўтра не ўзыдзе. І ні прычым тут навука астраномія: тое ж самае ведалі людзі і тысячы гадоў таму, калі астраноміі не існавала. Гэтак жа некалі зьявіцца навука, якае давядзе існаваньне генетычнай памяці і ўнутранных ведаў падсьвядомасьці (як і існаваньне безумоўных рэфлексаў, канчатковае вывучэньне якіх растлумачыла многія незразумелыя рэчы) і магчымасьці пранікненьня ў іх.

 

 

27.03.2005

“Упартасьць кветак”

-- усяго тры старонкі, але кожнае слова, як стрэл. Я пісала яго ў вібрацыях злосьці. Ня злобы. А той злосьці, як кажуць: спартовай. Злосьці ні да кога, ні да суперніка, ні да людзей...

Пісала чалавеку, да якога вельмі добра ставілася.

Я пісала, сэрца сьціскалася, як могуць сьціскаць рукі вінтоўку. ... Рукі клацалі затворам, укладалі кулю – клац, клац, клац... Бах! Стрэл.

Клац, клац – у свой Боль.

Клац, клац – у няпраўду.

Клац, клац – у чалавечую злобу...

 

 

31.03.2005

Напэўна, яны маюць рацыю.

Ня трэба савацца туды, дзе няма аднадумцаў.

Калі ў цябе няма аднадумцаў, гаворкі ня будзе. Цябе папросту будуць перарабляць пад іхную думку.

Не перарабляйся!

Калі ў цябе няма аднадумцаў, гэта яшчэ ня значыць, што ты ня маеш рацыі. Так навучыў мяне Сашка.

Твая індывідуяльнасьць, калі не патрэбная сьвету, -- патрэбна Сусьвету.

 

 

16.05.05

Горад хмарачосаў, люстраў, цэркваў, клёнаў і ... журавоў. Мой горад! Якога люблю да сьлёз. Як проста і лёгка жыць на сьвеце з царквамі і журавамі!

А родам я зь Менску... Па якім сумую да сьлёз.

Але вяртаньня туды няма.

Таму што ёсьцейка на сьвеце людзі. Людзі – для якіх існуе на сьвеце Ўлада! Сіла, гвалт і грошы...

 

 

25.06.05

Вольга, што ты нарабіла?

Воьга Іпатава – Беларуска і Пісьменьніца ад Бога – вось разам з Богам раптам адмерыла мне 30 год і Вечнасьць.

І пяро раптам зрабілася такім цяжкім.

Пяро цяжкое... А Вечнасьць зазірае ў вочы і чакае.

А людзі, што вакол мяне – яны жывуць сваёй будзённай мітусьнёй. У вочы мне не зазіраюць, Вечнасьці ня бачаць, афарызмаў з маіх вуснаў не чакаюць. Цягнуць у кола мітусьні. Крыўдзяцца, што ня ўцягваюся.

 

Для чаго людзі пішуць?

Для чаго людзі твораць?

Кажа той, што лепшыя творы зроблены для некага персанальна. Вось і мае таксама.

Як пісаць, калі ня бачыш таго, хто будзе чытаць? Калі няма з кім гутарыць, і гутаркі ягоныя цябе не спанукаюць ні спрэчкамі, ні пытаньнямі... Калізіі няма.

А Вечнасьць чакае.

Купала знайшоў калізію ў лісточку, што чужародным аказаўся на сваім дрэве.

Так, бяда не ў чужыне. Чужына – як астрог – дзе добра разважаецца і бачыцца лепш здалёк. Бяда, што сярод сваіх чужая...

Ну чаго табе, Вечнасьць? – Падранак я. А падранка чарада заклёўвае.

А чаму?

Для чарады так лягчэй.

 

 

2005

“Люди, люди – высокие звезды, Долететь бы мне только до вас.'' (©Р.Г.)

Я – вялікая эгаістка.

Мне б усё да сябе дацягнуцца...

Як ня ўверх, дык хоць куды...

Дзе я?

 

-------------------------------------------------------------

 

З лістоў да К.М.

Я очень понимаю Сашку. Мне так хочется пить...

Я и раньше его понимала, но не согласна была, я считала, что мир не переиначишь, надо приспосабливаться, чтобы прожить с наименьшими потерями. А он не хотел. Так и прополз ... провоевал свою короткую жизнь с наибольшими потерями. И надо сказать, он не жалел об этом.

Надо сказать, что пока не вижу в первых пока отзывах на аповед среди наших людей понимания, о чем он. Наше общество еще не доросло до того, за что боролся Сашка: право на индивидума на identity. Вот канадцы это понимают. Это певесть о том, как условности общества – идеология – убивают личность. Особенно это губительно для талантливой личности.

Здесь идеологии нет. Они полностью отошли от этого.

Может быть, вот только одна идея пропагандируется, да с ней никто и не спорит: нет ничего важнее семьи.

 

25.06.05

Я фотографую для сябе – тут у мяне поўны парадак. Фатаграфую, таму што мне хочцца гэта рабіць, таму што не магу не рабіць – ніяк не магу кінуць камеру і адарвацца ад кампутара.

Гэтак жа, як і вышываю – для сябе. Як і пішу. Таму што, што і як я раблю – гэта Я. Якая ёсьць. Няправільная. Па-за чарадой.

Індывідуяльнасьць.

Якую так цаніў і бярог Сашка.

І я буду станавіцца ў позу, буду ўпартай і амбіцыйнай. І таскаць на шыі ўсіх тых сабак, якіх ты яшчэ на мяне павесіш, разам з камерай, пяльцамі і лаптопам. Свая ноша не цягне.

А адзнакі... Стаўце вашыя адзнакі – што зь іх? – яны ў Вечнасьць ня пойдуць...

 

p.s..

Я спыняю размаўляць (і кантактаваць) з чалавекам, калі бачу, што ён успрымае мяне неадэкватна (таму, што я такая ёсьць).

Я знаю, гэта цяжка і складана для людзей, атачэньня. Сашка быў такім – і мяне гэта зводзіла.

Так, цяпер, як Сашка.

Я знаю, ён па-за гэтым сьветам цяпер. Там. Цяпер ён чысты. Я ведаю.

Бо я Даравала яму.

--------------------------------------------------------

09.10.2005

 Гэтае пакаленьне – бясслаўнае, якое гісторыі ня будзе за што ўспамінаць. Бо гісторыя памятае тых, хто жыве, дбае, змагаецца для свабоды нацыі, а значыць, і сваёй.

Гэтаму пакаленьню воля не патрэбна.

Ім патрэбна калбаса.

 Адылі і калбасы ўволю не дамагліся. Бо аказалася, што бяз волі ня можа быць і калбасы.

Але яны гэтага так і не зразумелі.

З гэтым і сыдуць.

 

 

3.11.05

У кожнай клумцы, у кожнай кішэні ляжаць нататнікі з алоўкам.

Думкі могуць прыбегчы ў любы час, у любы момант, можа, і ў самы неспрыяльны, каб іх занатаваць.

Гэтыя рассыпаныя пацеркі запісаў такі і называюцца агулам – ‘’думкі, што не пасьпелі зьбегчы”.

Вось запісваю. Людзям чамусьці падабаецца. Людзі і самі кожны мае свае такія думкі, але чамусьці не запісваюць іх і прымушаюць мяне.

 

 

10.12.2005

Знаходжуся ў стане ... Не, яшчэ не цяжарнасьці. Яшчэ пакуль нават ня гэта.

Маленькія клеткі-думкі з наборам храмасом-ідэяў носяцца хаатычна ў прасторы, у сусьвеце. Іх недзе, некуды носіць гаспадар, не задумваючыся, дзе скіне, яе не задумваецца дрэва, ці дзьмухавік, куды страсецца народжанае іхным чрэвам.

Яны потым сустрэнуцца. Выпадкова. Як і ўсё, што дзеецца ў сусьвеце выпадкова – накіравана рэзонамі, вядомымі адным судзяніцам. Сыдуцца храмасомы ў вадзін складаны набор генаў. І тады ўсё пачнецца. Усё завіруе ў гэтай маленечкай гаспадарцы. Нават яшчэ не гаспадарцы, а толькі ідэі яе – закладзенай у тым наборы генаў інфармацыі. Пакуль што – інфармацыі. Яшчэ нікому ня бачнай, няведамай, нават не меркаванай нікім. І толькі Яна. Гэтая вялікая Інтуіцыя, Лона сусьвету, бяз дай прычыны прадчувае, адчувае, ведае – яно заражджаецца. Я буду Маці.

Яно заражджаецца, Ідэі віруюць...

Тыя зь іх сыдуцца, заплятуцца “храмасомамі” ў вадну страмкую Ідэю.

Мо ўжо Сустрэліся. І будуць будавацца.

І літары саўюцца ў словы. Словы – у сказы. І вырасьце Твор.

Я пішу...

 

 

15.12.2006.

Хачу памерці. Каб паслухаць, што вы скажаце на маіх паховінах. На сваіх паховінах можна шмат новых рэчаў пра сябе даведацца. Можна ўпершыню добрае слова пра сябе пачуць.

Як быццам жывому яно не патрэбнае.

 

 

24.07.2006

Гэх, вярніце мяне ў мой час...

Мой час быў тады, калі Абадзінскі, Антонаў...

Тады быў мой час.

Але тады не было беларушчыны

Гэты час ня мой, але ёсьць беларускасьць.

Вось у ёй я і жыву. Цяпер.

 

 

18.12.2006

Пытаесься, ці сумую па Беларусі?

Ты ж ведаеш, што немагчыма адказаць “не”.

І сказаць “так” – зусім няпроста.

Ёсьць настальгія. Але яна ёсьць у кожнага. І ў тых, хто жыве там, таксама. Гэта настальгія па мінулым, па тым, што прайшло і ня вернеш.

Гэтак я ведаю, што нічога ня вернеш, нават, калі і вернешся ў Беларусь.

Я магу вярнуцца, прыехаць туды – але яна ўжо ня будзе той, якой я яе пакінула. Вакол будуць іншыя твары. Твары тых, хто тады былі дзеткамі, а цяпер вырасьлі і выйшлі на вуліцы. Цяпер яны робяць твар Беларусі. Там усё цяпер па-іншаму.

Я ведаю, што вярнуся ў іншую краіну. Я ведаю, што звароту у тую, маю, Беларусь няма, Беларусь цяпер ня тая.

І таму я не сумую. Я не сумую па вяртаньню туды.

І ўсё ж ёсьць сум. Але іншы. Мой Вялікі Сум. ...Але ён ня мой. ...Гэта складана, але калі тлумачыць, дык адным сказам, а інакш і немагчыма.

Я сумую па Беларусі, якой яна магла б быць. Магла б быць, каб не...

 

 

08.02.2007

Фільм Хашчавацкага “Плошча”

Яны ў свае 20 ужо па турмах...

Будуць памятаць сваё юнацтва такім.

І я ім зайздрошчу.

Маё юнацтва было іншым, і ў іншым часе.

Але мне яно таксама дарагое.

І яго таксама нельга скінуць з гісторыі маёй краіны.

Я ведаю вашае юнацтва.

Можа і вам будзе цікавым маё?

...Якімі былі – мы?

 

 

09.09.2007

“Малочны брат” у маім аповедзе – гэта камуністычная ідэалёгія, якую мы ўсмоктвалі разам з грудным малаком. Яна расьцякалася па нашым целе, атручвала наш мозг. Мы й ня бачылі іншае праўды. Але здаровыя сілы прыроды, што ў нас саміх,  уступалі ў супярэчнасьць з чужароднай атрутай. Мы не разумелі, што адбываецца з намі самімі, але адчувалі, што ў гэтым сьвеце, у якім мы ёсьць, нешта ня так... І нам давялося прайсці пакутны шлях разуменьня і вызваленьня ад гэнае атруты.

 

 

 

Лістапад, 2016

Жыцьцё зрабілася нямілым.

Нудным. Нецікавым.

Як ежа бяз солі.

Хоць і галодны, і есьці трэба – а ў рот ня лезе.

Быццам і ясі – а смаку ня чуеш.

 

сьнежань, 2016

Ты ўжо прывыкла, што цябе ўважаюць моцнай. Ага.. моцнай  жанчынай. Аксюмарон.

Гэта толькі таму, што ты проста ня можаш, каб нехта бачыў, як ты залізваеш свае раны. Ты прывыкла, як дзікая рысь, залізваць іх сама. Прывыкла.

Але прыходзіць такі час, і табе раптам балюча патрэбнае сяброўскае плячо, проста камізэлька, у якую проста паплакаць. Азіраешся... а вакол – ніводнай.

 

14.07.2017

“Проста прайсьціся пагаварыць...”

Госпадзі, як пагаварыць та хочацца!

Гэта мацней за лібіда. Юр – што? Гармоны хутка высіляцца дый зьнікнуць.

А інтэлект – заўсёды з табой.

...Можа толькі, пакуль на твае нястомныя заклікі сябра не зьявіцца ўрэшце рэшт замест яго Альцгэймэр. 

 

06.08.2017

Дык вось яно, шчасьце –

вунь там, за дарогай.

Ляжыць некранута, чакае цябе.

 

Адылі ня пойдзеш:

закрыта дарога.

Амбарны замок на шлагбаўме вісіць.

 

04.03.2018

- А што рабіць з пачуцьцямі?

- Спаліць.

- Самае прыгожае пачуцьцё ў сьвеце..?

- Фтопку.

- ..самае высокае?

- Бо ты ня першая ўжо. Ты – спазьнілася. І таму - грэшніца. 

Усё. “Скрипач не нужен’’.

-------------------------------------------------------------------------------

09.03.2003.

Я ў жыцьці сваім бачыла ўсякага. Лёс шчодра адарыў падзеямі і досьведам, напхаўшы іх у першую палову жыцьця столькі, што нармалёва хапіла б на два. Было ў маім жыцьці і узлётаў, і падзеньняў. Больш падзеньняў. І болю, і адчаю... Што праўда – зь імі прыходзіць і мудрасьць. За шчасьцем мудрасьці не набыць.

Прайшла агонь і ваду. Вытрымала. Засталася чалавекам, не азлобела. Але ня ведала, што Бог прывёў мяне сюды, каб правесьці праз яшчэ адзін іспыт. Як гэта на словах проста і банальна – медныя трубы! Га...

Некалі казала сыну: мы мусім прайсьці праз гэта, сынку. Нішчымнасьць, напэўна што, -- цяжкі іспыт для душы, але багацьце -- нашмат складаней. Бо складана захаваць шчырую душу ў багацьці.

Ат, не багацьцем вырашыў Бог узнагародзіць мяне. Славай.

Падарункам быў стан поўнай страты ў жыцьці, поўнага абвалу, нішчымнасьці і адчаю. Бо праз яго быў шлях да мудрасьці. Да якіх яшчэ здабыткаў мушу я прыйсьці праз гэткі найскладанейшы іспыт – іспыт славай? ...Яна будзе.

Я прадчуваю яе надыход. Ня ведаю за што, ня ведаю, як... але я прадчуваю. Як прадчувала многае ў сваім жыцьці...

Не хачу.

Вядомасьць – адваротны бок творчасьці. Так, хачу чалавечай падзякі і ўхваленьня, каб ведаць, што тое, што раблю для людзей, ім, сапраўды, патрэбна. Хачу зваротнай сувязі.

Але не хачу быць у цэнтры ўвагі. Баюся роспытаў аб маім жыцьці...

Не хачу я гэтага іспыту.

Якая яна – слава? Якімі спакусамі, ускраўшыся, яна зьмяняе душу?

Не хачу.

 

bottom of page