вярнуцца: да Галоўнай Літаратурных твораў
Дзень прыемных неспадзёвак
Да 80-годзьдзя Івонкі Сурвілла
11 красавіка 2016 года дзеючаму Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Спадарыні Івонцы Сурвілла споўнілася 80 год. У гэты дзень група атаўскіх беларусаў начале са Старшынём Галоўнае Ўправы Атаўскага аддзелу ЗБК доктарам Пётрам Мурзёнкам наведала юбіляра і цёпла павіншавала з Днём народзінаў.
А ўжо 16 красавіка ў сыботу 17 чалавек, сярод якіх былі кіраўніцтва Згуртаваньня Беларусаў Канады, Царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта БАПЦ, Канадыйскага сэктару Рады БНР, гурт ''Яваровы Людзі'', з Таронта на аўта прыбылі ў сталіцу Канады горад Атава, каб прыняць удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 80-гадовага юбілею Спадарыні Івонкі Сурвіллы. Разам ў залі грамадзкага цэнтару сабралася блізу 50 асобаў з розных месцаў Канады. Таксама ў гэты ж дзень Атаўскі аддзел ЗБК адзначаў 98-я угодкi абвяшчэньня БНР.
Распачынаючы ўрачыстасьці Старшыня Cходу Спадар Пётра Мурзёнак сказў, што сёньня мы маем павіншаваць Спадарыню Івонку Сурвілла з юбілеем і сказаць ёй добрыя словы ў сьвяточнай атмасфэры 98-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Перад усім Спадар Пётра Мурзёнак прадаставіў слова Першаярарху Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Архіяпіскапу Сьвятаславу, які нагадаў, што калі беларусы на Чужыне адзначаюць свае нацыянальныя сьвяты, то, бо так прынята, заўсёды чытаюць малітву за Беларускі Народ. Удзельнікі ўрачыстаўсьцяў звярнуўшыся да іконы, усталяванай на сцэне ,праслухалі пранікнёныя словы малітвы, прачытанай Архіяпіскапам Сьвятаславам.
Затым Старшыня Рады БНР Спадарыня Івонка Сурвілла агучыла Зварот да Беларускага народу з нагоды 98-х угодкаў абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі
З дакладам пра гістарычную ролю 25-га сакавіка на шляху да дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі выступіў старшыня Атаўскага аддзелу Згуртавання Беларусаў Канады доктар Пётра Мурзёнак. У сваім дакладзе ён засяродзіў увагу на ўсіх актах абвяшчэньня незалежнасьці Беларускае дзяржавы ў розных формах, пачынаючы з Акту 25 сакавіка 1918 г. і сканчваючы 25 жніўнем 1991г. Прамоўца таксама спыніўся на біяграфіях усіх старшыняў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, заўважыўшы, што сёлетняе святкаваньне Дня Абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі супала з 80-гадовым юбілеем дзеючага Старшыні Спадарыні Івонкі Сурвілла
Старшыня Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады Зміцер Эльяшэвіч прадэманстраваў аўдыторыі якасна аздоблены і ў прыгожай рамцы дакумэнт. Калі ён прачытаў тэкст і подпіс асобы пад ім, заля спачатку зьнямела ад нечаканасьці, a потым ўзарвалася гучнымі й працяглымі воплескамі й ўстала ў знак павагі і да Спадарыні Івонкі Сурвілла, і да асобы, чыё віншаваньне ў адрас юбіляра толькі што прагучала. Так прысутныя стрэлі адмысловае пасланьне Прэм'ер-Міністра Канады, што сталася атрыманым з ягонага офісу, у якім, як гучыць у тэксце, Спадар Джасцін Трудо цёпла віншуе Спадарыню Івонку Сурвілла з 80-гадовым юбілеем і з вялікай прыемнасьцю выказвае ёй свае найлепшыя пажаданьні.
Тое сталася ў гэты дзень першаю прыемнаю неспадзеўкаю для Спадарыні Івонкi Сурвілла.
У наступным віншаваньні - Галоўнае Ўправы ЗБК, агучаным Старшынёю Ўправы Зм. Эльяшэвічам, сталася сказаным наступнае:
''Той, хто блізка ведаў і ведае Вашу сям’ю, Шаноўная Спадарыня Івонка Сурвілла, нязьменна ўражаны Вашай мудрасьцю, любоўю, шчырасьцю і развагай, што дапамаглі Bам такую сям’ю збудаваць.
Той, хто блізка з Вамі працаваў у Фондзе дапамогі Дзецям Чарнобыля, меў за прыклад Вашую гуманнасьць, чуласьць, спагаду й дабрыню, што дапамаглі Вам так шмат зрабіць для пацярпелых ад гэтае бяды.
Той, хто ведае Вас як чалавека творчага, мае засьведчыць Вашую няспынную цікавасьць да навакольнага сьвету і людзей, Вашую адкрытасьць, шчырасьць, і Ваш аптымізм.
Той, хто знаёмы з Вашай зусім нялёгкай ношай працы начале Рады БНР ведае Вашую настойлівасьць, прынцыповасьць, рашучасьць і велізарную працаздольнасьць.
Ветлівасьць, гасьціннасьць, уважлівасьць да людзей, душэўная цеплыня – можна яшчэ доўжыць і доўжыць сьпіс рысаў якія робяць Вас тым, кім Вы для усіх нас ёсьць – дарагім і блізкім чалавекам.
Здароўя Вам, сілаў, любові на доўгія і доўгія гады на радасьць вашай сям’і, на карысьць грамадзе, на славу нашай Беларусі!''
Віншаваньне ад імя Атаўскага аддзелу ЗБК агучыў сябра Управы аддзелу Спадар Юрась Шамецька. Ён у прыватнасьці сказаў, што калі вывадзіць формулу, якая магла б адлюстраваць сутнаць асобы Спадарыні Івонкі Сурвілла, то яму прыходзяць словы апостала Паўла - Вера, Надзея, Любоў. Мы адчуваем любоў Спадарыні Івонкі да беларускае краіны, да беларускага народу, да ўсяго беларускага. Мы цэнім ейную веру, марy, што Беларусь стане вольнай, цывілізаванай і мы з надзеяй глядзім на тое, што гэтая мара Спадарыні Івонкі Сурвілла станецца здзейсьненай.
У сваёй прамове Старшыня БІНІМ у Канадзе Спадарыня Зіна Гімпелевіч выказала меркаваньне, што, напэўна, з прысутных ў зале ведае Спадарыню Івонку Сурвілла найбольш часу. Назваўшы яе адною з найлепшых людзей, якіх сустрэла ў жыцьці, Спадарыня Зіна Гімпелевіч пералічыла рысы характару, што на яе погляд вызначаюць адметнасьць асобы дзеючае Старшыні Рады БНР. Гэта шчырасьць, высокае сумленьне, працавітасьць, талерантнасьць, самаадказнасьць, этыка паводзін, здаровая рэлігійнасьць і самадастатковасьць.
Калі зарганізавалі фонд дапамогі беларускім дзеткам - ахвярам Чарнобылю, Спадарыня Івонка Сурвілла сталася душою арганізацыі. Яна ня толькі не лічыла свой час, калі працавала над справамі фонду, але й не глядзела на тое, што іншыя працуюць інакш, ну, як могуць... Была ўдзячна за маленькую дапамогу і ніколі не выстаўляла сваю асобу. Карацей кажучы, паводзілася як арыстакрат духу.
Прамоўца таксама вызначыла акадэмічны ўнёсак Спадарынi Івонкi Сурвілла ў навуковую справу. У той самы час, калі заклалі Чарнобыльскі фонд, мы вырышылі зьмяніць палітыку БІНіМу ў Канадзе і вывесьці беларусістыку на міжнародную арэну. У гэнай якасьці, з 1989-га году (тады сп-ня Сурвілла была Старшынём БІНіМу) і па 2016 год, сябрамі БІНІМу ў Канадзе сталіся падрыхтаванымі і агучанымі на нацыянальных і міжнародных акадэмічных форумах 127 дакладаў . Сябры БІНіМу, напрыклад, па адмысловых запрашэньнях бралі удзел ва ўзгаданых мерапрыемствах у Гарвардзе, Кэмбрыджы, Сарбоне, іншых вядомых у сьвеце навуковых цэнтрах. Скончыла Зіна Гімпелевіч тым, что ёй вельмі пашанцавала сустрэць у жыцьці гэтага Чалавека, напэўна, як і ўсім прысутным.
Гісторык кандыдат гістарычных навук Спадарыня Галіна Туміловіч узгадала, як напрыканцы 80-х год мінулага стагоддзя працуючы над тэмай ў бібліятэцы ёй трапіла брашура Доўнар-Запольскага ''Асновы Беларускай дзяржаўнасьці'' на францускай мове. І менавіта тая кніжка сталася першым знаёмствам з тэмаю БНР. Пазьней, падчас працы ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсітэце тады яшчэ малады выкладчык ЭГУ Алесь Лагвінец прапанаваў ёй прадставіць Спадарыню Віржыні Шыманец з Францыі, якая ў той час супрацоўнічала з унівэрсітэтам. Тое сталася чарговым спрычыненьнем да тэмы БНР і і першым знаёмствам з прадстаўніком сям'і Шыманец-Сурвілла. І нарэшце, 10 год таму сп-ня Галіна Туміловіч адразу ж пасьля прыезду ў Канаду пазнаёмілася ўжо с самой Спадарыняй Івонкай Сурвілла тут у Атаве на сьвяткаваньні 70-гадовага юбілею Старшыні Рады БНР, на які яна сталася запрошанай ейнымі сябрамі. І менавіта асабістае знаёмства са Спадарыняй Івонка Сурвілла і далейшыя стасункі зрабілі значны ўплыў на фармаваньне ейных поглядаў і нават на ейны асабісты лёс.
Сакратар Галоўнае Ўправы ЗБК Віталь Кошалеў ўручыў Спадарынi Івонцы Сурвілла бел-чырвона-белую накідку - пончу, вырабленую ягонай жонкай Палінай.
Ён таксама ўзгадаў пра гісторыю з партрэтам, што здарылася з ягоным бацькам, дацэнтам кафедры Менскага Мэдунівэрсытэту таксама Віталeм Кошалевым.
Напрыканцы 90-х да бацькі зьвярнуліся з дырэктывай "павесіць у кабінэце партрэт прэзыдэнта". Кабінэт быў ня проста прыватным памяшканьнем, у ім праходзіла частка навучальнага працэсу са студэнтамі.
Тады, пасьля студэнцкай Вясны-96, улады пачалі раскручваць магутны махавік прамыўкі маладых мазгоў студэнтам і школьнікам. Упершыню з савецкіх часоў у навучальных установах па ўсёй краіне сьцены пачалі абвешваць агітацыйнымі матэрыяламі: незаконна прынятымі гербам "вянок з капустай", сьцягам "усход над балотам" і партрэтам кіраўніка дзяржавы.
Варта зазначыць, што і тады, і цяпер амаль ніколі ня было афіцыйных загадаў ці законаў, якія б патрабавалі ад супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў рабіць нейкія брыдкія рэчы, прыкладам агітаваць за незаконную ўладу. Заўжды гэта рабілася й робіцца вусна, часам нават прыгаворваючы: "Ну вы ж самі панімаеце!". Таму людзі, у якіх ёсьць сумленьне, могуць ня выконваць гэтыя незаконныя вусныя распараджэньні, і, як правіла, нікому нічога за гэта ня бывае. Большасьць, на жаль, паслухмяна робіць і тое што "скажуць", і нават болей. Не загадаюць, а менавіта "скажуць.
У адказ на гэткі ''вусны загад'' ягоны бацька выразаў з газэты партрэт Івонкі Сурвіллы й зьмясьціў яго на сьцяне, маўляў, вось наш легітымны прэзыдэнт. Пазьней, даведаўшыся пра тое праз агульных знаёмых, спадарыня Сурвілла даслала яму ўжо сапраўднае вялікае каляровае фота, якое вісела ў яго на сьцяне да 2011 году уключна, пакуль ён меў свой кабінэт (праз рэканструкцыю будынку гадоў 5 таму ўсіх "ушчыльнілі").
Выслухаўшы гэты расповед Спадарыня Івонка Сурвілла сталася вельмі ўражанаю такою хадою падзеяў. ''Дык то Ваш тата?'' І цёпла абняла Віталя Кошалева, ня верачы, што ён сапраўды сын таго спадара з Беларусі, кaму яна калісьці асабіста даслала свой каляровы фотапартрэт. Вось дык няспадзеўка!
Юбіляру сталася прэзентаванаю карціна з Беларускімі краявідамі мастачкі Спадарыні Ірыны Тоўсьцік. Кіраўнік праэкту ''Мова Нанова ў Таронта'' займаецца таксама й прыкладным мастацтвам. Яна выканала названае палатно ў папулярнай на Захадзе рукадзельнай тэхніцы ''лямец'' з воўны розных колераў. Кампазіцыя карціны, прыгажось і сьвежасьць фарбаў, што выпраменьвае палатно, сталіся па дастоінству зацэненымі Спадарыняй Івонкай Сурвілла, якая на працягу ўсяго свайго жыцьця цікавілася й сама займалася выяўленчым мастацтвам, і ёсьць вядомаю мастачкаю Беларускага замежжа.
Усе выступоўцы выказвалі Спадарыні Івонцы Сурвілла павагу і ўдзячнасць за працу на карысць Беларусі, якую яна робіць на працягу ўсяго свайго сьведамага жыцця. Жадалі здароўя, мужнасці і сіл, каб ейная адметная дзейнасць працягвалася як мага болей.
І ўся тая ўрачыстая дзея суправаджалася ўручэньнем кветак. Мора прыемнасьцяў слоўных, мора прыгажосьці флоры.
Потым Спадарыня Івонка Сурвілла пракаментавала слайды, якія адлюстравалі цікавы і плённы жыццёвы шлях юбіляра. Сярод здымкаў былі сапраўды ўнікальныя, рэдкія, што высьвечваюць асобу Спадарыні Івонкі Сурвілла з самых нечаканых бакоў.
Працягам сустрэчы стаў святочны канцэрт, прысвечаны Cпадарыне Івонцы Сурвілла, ў якім прынялі ўдзел Валянціна Шаўчэнка, якая выканала беларускія песні, aдзін з якіх – “Сцяг” на словы Ўладзіміра Некляева – найбольш уразіў сваёй шчырасцю і яскравасцю выканання. Юрась Шамецька прачытаў уласныя вершы, класічны дуэт Галіны Резаіпур (скрыпка) і Тэрэзы Бакус (фартепіано) выканаў п’есу Вагнера “Лісток з альбома”; дуэт “Кантабіле” у складзе Ўлады Шамецька (скрыпка) і Быкава (гітара) - папуры вядомых беларускіх песень у суправаджэнні слайдаў беларускіх краявідаў, падрыхтаваных, дарэчы, як і слайды пра жыццё Cпадарыні Івонкі Сурвілла, Алесем Каралькевічам.
Канцэрт скончыўся яскравым выступам вядомага гурта “Яваровы людзі” пад кіраўніцтвам Віялеты Кавалёвай , якому акампаніраваў баяніст Юрась Жвалікоўскі. Гурт парадаваў гледачоў новым рэпертуарам беларускіх фальклёрных сьпеваў.
Але перадусім “Яваровы людзі” выканалi сьпеў на словы пісьменьніцы Вольгі Іпатавай, кампазіцыя Юрася Жвалікоўскага, прысьвечаны І. Сурвілла.
Нам здаецца – сёньня зоркі водзяць рэй
І сьвяткуюць з намі слаўны юбілей.
Бо яны над лёсам сьветлым узыйшлі
У сузор'і на другім канцы Зямлі.
Дзе Стаўпеччыны зьвінелі каласы
І шумелі над калыскаю лясы,
Там, дзе продкаў застаецца карагод,
Дзе Івонкі і радзіма, і народ.
Толькі будучыня мела свой сакрэт –
І сьцяжына павярнула ў вольны сьвет.
Праз Парыж і праз Мадрыд яна вяла,
Ды заўсёды Беларусь ў душы была.
Хай жа будзе Вам і радасьць, і сьвятло!
Усё, што зроблена, ня станецца на тло.
У народнай песьні ёсьць яе радкі –
Нашай Бацькаўшчыны слаўнае дачкі...
У той дзень прагучаў і другі сьпеў - ''Дзень нараджэньня'', словы Віалеты Кавалёвай, музыка Юрася Жвалікоўскага - адмыслова падрыхтаваны да юбілею Сп-ні Івонкi Сурвілла.
А наперадзе і Сп-ню Івонку Сурвілла, і гаспадароў - атаўскіх беларусаў, і гасьцей з Таронта чакала другая частка урачыстасьцяў. І неспадзевак.
Невялікая заля мясцовай францускай рэстарацыі яшчэ ня ведала, і з вялікай доляй упэўненасьці магчыма сказаць, што хіба й ня зьведае ў найбліжэйшай будучыні, такое колькасьці людзей у адметных сьвяточных строях, што гутарылі на незнаёмай тут мове. Некаторыя з цікаўных наведнікаў пыталіся, і працягла вымаўлялі назву краіны “Бе-ла-русь”, спрабуючы паўтарыць нязвыклы для англамоўнага вуха мяккі канчатковы зычны.
Так сьвяточным банкетам беларуская грамада Канады прадоўжыла віншаваць аднаго са сваіх найстарэйшых і найбольш паважаных калегаў і сяброў - Старшыню Рады БНР Спадарыню Івонку Сурвіллa.
Кароткім словам урачыстую вячэру распачаў Старшыня Галоўнае Ўправы ЗБК З. Эляшэвіч. Прамоўца сказаў, што пасьля шматлікіх і высокіх, мелася на ўвазе, вядома ж, тыя што прыйшлі з офісу Прэм’ера Канады Джасціна Трудо, віншаваньняў у адрас юбіляра, ён прапануe ўдзельнікам вельмі нефармальную хаду імпрэзы і застольля, скіроўваючы сьвята ў рэчышча сяброўскага кола.
Ізноў, як і пару гадзін таму залю афіцыйную, утульную залю рэстарацыі запаланілі шыкоўныя букеты жывых кветак, цёплыя, пранікнёныя словы віншаваньняў і пажаданьняў славутаму юбіляру. Сыпаліся ўспаміны, дэкламаваліся вершы. “Яваровы Людзі” ізноў радавалі ўдзельнікаў роднымі напевамі.
У сваім віншавальным слове Першагерарх Беларускай Праваслаўнай Царквы Архіяпіскап Сьвятаслаў таксама распавёў пра паходжаньне прозьвішчаў Шыманец (дзявочае прозьвішча Спадарынi Івонкi), Сурвілла, імя Івонка, прадэманстраваўшы вынікі сапраўднага навуковага дасьледваньня ў сфэры этымалёгіі .
Старшыня Рады парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта Сп-ня Надзея Дробіна і Алесь Кот прэзэнтавалі яшчэ адзін падарунак-неспадзеўку юбіляру – кнігу “Скарбы Беларусі”.
Макет гэтае кнігі стаўся распрацаваным ў Беларусі, а друк ажыцьцёўлены ў Беластоку, Польшча. Падарункавы варыянт кнігі выкананы ў цьвёрдым вокладзе, зьверху даробленым адмысловым скураным полем, на якім выціснуты арнамент, і дапоўненым залацістаю аздобаю. На сёньняшні дзень гэта, напэўна, адное зь лепшых па якасьці друку і па зьместу выданьне на тэму культурна-гістарычнае спадчыны Беларусі.
Перад усім Н. Дробіна сказала, што хацела б павіншаваць Шаноўную Спадарыню Iвонку Сурвілла, не як палiтычнага альбо грамадзкага дзеяча, але як цудоўную жанчыну - сьцiплую, прыгожую, таленавiтую, з сэрцам вялiкае дабрынi - сапраўдную беларуску, якую мы любiм за ейную шчырую душу, за непаўторную усьмешку. Затым яна ўзяла з прыгожага падносу, аздобленага беларускім ручніком з вышытым назовам ''Беларусь'', кнігу ''Скарбы Беларусі'' і зачытала наступныя словы на ёй:
''Гэтая кніга ёсьць адлюстраваньнем нашае агульнае культурна-гістарычнае спадчыны, на якой грунтуецца нашая Беларуская сьвядомасьць.
Вельміпаважаная Спадарыня Івонка Сурвілла! З Днём Народзінаў! З юбілеем!
Няхай гэтае выданьне надасьць Вам хоць на адную капяліначку больш веры ў правату Вашага жыцьця на карысьць Беларусі, веры ў сьветлую будучыню нашае Бацькаўшчыны. Многія Леты шчасьлівага й здаровага жыцьця!
Згуртаваньне Беларусаў Канады
Парахвія Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта БАПЦ''
Кніга, завернутая ў рушнік, пад воплескі прысутных сталася ўручанаю юбіляру
Неззвычайна ўражанымі сталіся ўдзельнікі сьвяточнае вечарыны віншаваньнямі Алеся Ката. Калярыту яго сардэчным пажаданьням дадаў магнацкі касьцюм ВКЛ часоў канцлера Сапегі, што стаўся вырабленым сучаснаю беларускаю майстрыхаю Вераю Лапука з Пружанаў, Берасьцейшчынa.
Прамоўца нагадаў, што ў сакавіку адбылася чарговая 29 Сэсія Рады БНР, на якой Сп-ня Івонка Сурвілла стался пераабранаю на пасаду Старшыні Рады БНР. Гэта ёсьць мужны крок з ейнага боку - даць згоду на абраньне на нашу найвышэйшую дзяржаўную пасаду ў чацьверты раз запар. Алесь Кот прадэклямаваў верш -пасьвячэньне, напісаны ім яшчэ ў 2011 г. адмыслова да 75-годдзя Спадарыні Івонка Сурвілла, ў якім пра шыпы й ружы ейнае працы на пасадзе Старшыні Рады БНР:
Час памяць замятае...
Але імёны памятаем...
Жыцьця сьцяжынку пакрывіла -
Ад краю роднага, дзе лён,
У далеч да Канады. Клён
Вітаў: Салют, Сурвілла...
Любоўю да Айчыны нас паіла.
І працы апантанай плён,
І непрыяцеляў праклён...
Спазнала ўсё Сурвілла...
Сарочка-вышыванка - сьціплы лён,
Івонка усьміхаецца так міла...
Ці ведала, што стане ля карміла
Кіроўцаю людзкіх калён,
Што рухаюць да волі,
Што прагнуць лепшай долі,
Што мараць пазабыцца пра палён,
І будзе звацца ПРЭЗІДЭНТ СУРВІЛЛА?
.............................................
Жыцьця сьцяжынкі замятае...
Народ герояў памятае...
Напрыканцы Алесь Кот выказаў пажаданьне, каб Спадарыня Івонка Сурвілла сталася Прэзідэнтам БНР, што ўрачыста вернецца на Бацькаўшчыну і ў Менску паставіць свой подпіс пад апошнім дзяржаўным дакумэнтам БНР - Актам аб складаньні паўнамоцтваў Рады Беларускае Народнае Рэспублікій на карысьць новага беларускага дэмакратычнага ўраду Беларускае Дзяржавы. І каб тая эпахальная ў гісторыі Беларускага Народу падзея адбылася 25 сакавіка 2018 году - на 100-годдзе абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі. Ні на дзень пазьней! Сто год змаганьня за Волю Бацькаўшчыны павінны завершыцца нашаю агульнаю перамогаю. І гэтыя сто год паміж двума гістарычнымі Актамі - 25 сакавіка 1918 г. і 25 сакавіка 2018 г. займут пачэснае месца ў 1000-гадовай гісторыі Літвы-Беларусі.
Але хіба найболей запамінальным сталася віншаваньне таронтаўскай мастачкі і пісьменьніцы, сябры Саюзу Беларускіх Пісьменьнікаў, гаспадыні канадыйскай дызайнерскай кампаніі ''Spirit of Belarus'' Спадарынi Ірыны Варабей. Яна адмыслова для Спадарыні Івонкi Сурвілла распрацавала дызайн Абярэгу* i на высокім мастацкім узроўні вырабіла гэтую рэч, надаўшы яму назоў "Зорка Алатыр".
Твор выкананы ў традыцыйнай беларускай вышывальнай тэхніцы "нізанка'' (або ''процяг''). Варта нагадаць, што Ірына адкрыла гэтую тэхніку для Канады, напісала і выклала ў Сеціва для вольнага скарыстаньня адмысловае пасобіе-туторыял па авалодваньню ёю , актыўна яе папулярызуе, і цяпер гэтая тэхніка ўжо ўвайшла ў міжнародныя вышывальныя анналы пад назвай "Belarusan Nizanka".
Асноўным лейтматывам “Абярэга” Ірына зрабіла Зорку Алатыр, якую ў старажытнасьці вышывалі на рытуальных рэчах тым, каго пасьвячалі ў храмы, тым, хто станавіўся на Шлях служэньня свайму Роду, а кажучы сучаснай мовай - на Шлях служэньня сваму Hароду, сваёй Hацыі.
Расповед Спадарынi Ірыны Варабей пра ''зашытае ў палатно'' стаўся літаральна акадэмічнай лекцыяй па тэме ''Духоўнасьць у мастацтве вышывальніцтва''. Той самы малюнак абярэга пасьля тлумачэньняў пра сэнс кожнага сьцяжка, кожнае загагулінкі на ім, як быццам стаў дыхаць, выпраменьваць тое пазітыўнае, што шчыра, ад свайго сэрца ўклала ў твор мастачка падчас шматдзённае крапатлівае працы над ім.
Яе вышываны твор “Абярэг” сымбылічна адлюстраваў не толькі пажаданьні аўтаркі, але і падсумаваў шчырыя словы ўсіх прысутных, стрэўшых віншаваньне-расповед І. Варабей і ўручэньне юбіляру гэтага сапраўды незвычайнага падарунку шчырымі і працяглымі воплескамі.
“Няхай жа гэты Абярэг цяпер беражэ Вас, дарагая Спадарыня Івонка, на доўгія і плённыя гады для нашай Беларусі, для ўсіх нас'', - скончыла мастачка.
З прамоваю-віншаваньнем выступіў Старшыня Галоўнае Ўправы Атаўскага аддзелу ЗБК доктар П. Мурзёнак, выказаўшы ў адрас юбіляра цёплыя і шчырыя пажаданьні. Прамаўляліся тосты за здароўе шаноўнае Спадарыні Івонкі Сурвілла. Потым гучалі сьпевы ''Яваровых людзей'', што падхопліваліся ўсімі, хто за сталом. Добры дзень, прасякнуты добрым настроем, духам Беларушчыны разам з сонцам паволі схіляўся да захаду.
Напрыканцы ўрачыстае вячэры Спадар Алесь Кот ізноў апрануўшы шыкоўны аздоблены футраю строй ліцьвінскага магната ад імя Беларускае грамады Таронта цырымонна i цёпла падзякаваў гаспадароў-атаўцаў за арганізацыю сёньняшніх мерапрыемстваў, за цёплую атмасфэру, дзякуючы якой госьці ў Атаве пачуваліся ўтульна й камфортна.
Потым ён прадэманстраваў прысутным у залі рэстарацыі шэраг кнігаў і брашураў выдавецтва ''Беларускія Ведамасьці'' Варшава, Польшча, спыніўшыся на характарысцыцы адной зь іх - ''Сэсіі Незалежнасьці'' Зянона Пазьняка, і дадаў, што ён прэзентуе ўсе гэтыя выданьні Атаўскаму аддзелу ЗБК, атаўскім беларусам, выказаўшы пры гэтым спадзяваньне, што тыя кніжкі стануцца карыснымі пры падрыхтоўцы да сьвяткаваньня другога найвялікшага сьвята Беларускага народу - 25 Жніўня - Дня Незалежнасьці Беларусі, што станецца у гэтым годзе юбілейным, 25-м па ліку.
Пасьля выказанае падзякі выданьні, сярод якіх акрамя вышэйзгаданае ''Сэсіі Незалежнасьці'' сталіся кнігі ''Дэпутаты Незалежнасьці'' Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка, ''Абарона Курапатаў. Народны Мемарыял'' Зянона Пазьняка і Валеры Буйвала, брашуры Зянона Пазьняка ''Дэклярацыя - першы крок да незалежнасьці'', ''Незалежнасьць Беларусі. 20 гадоў'', бюлетэня ''Беларускія Ведамасьці'', Сп. А. Кот ўручыў Старшыні Галоўнае Ўправы Атаўскага аддзелу ЗБК доктару П. Мурзёнку.
Урачыстая вячэра завершылася традыцыйнаю дзеяю, калі кожная асоба, што мела гонар прысутнічаць на сьвяце Спадарыні І. Сурвілла, атрымала непасрэдна з рук Старшыні Рады БНР талерачку з кавалкам смачнага торту. Такое выпадае ў жыцьці далёка ня кожнаму...
Пад захад сонца ўсё скончылася. Засталіся прыемныя ўспаміны пра прыемныя гадзіны ў гасьцёх у прыемнага чалавека, які перагарнуў знакавую бачынку ў сваім жыцьці. Сто Лят, Шаноўная Спадарыня Івонка Сурвілла!
Алесь Кот,
травень, 2016 г.
*Прамову І.Варабей і значэньні сымбаляў, ушытых у Абярэг, можна паглядзець па спасылцы