top of page
вярнуцца:    да     Галоўнай      Літаратурных твораў

Зь канадыйскіх неданатаванак усякая ўсячына

нататнік 1

Альманах ''Беларус'', 2017

          2002 г.

          Пятніца. П’ю каву, думаю пра выходныя.

          Пляны на выходныя простыя: дачакацца, калі гэтыя жалезныя пачвары зваляць з хаты. Тады можна ўздыхнуць. У суботу – дзень вялікіх пакупак. Як звычайная канадыйская жанчына, пацягнуся з вазком у найбліжэйшы ўнівэрсам па харчы затарыцца на тыдзень ці два. Потым праньне. Нарэшце вялікая прыборка: хата ўжо настойліва вымагае яе... Можна ў нядзелю папалудні схадзіць да сяброўкі на каву...

          Сяджу на кухні – адзінай пляме ў хаце (ну, хіба што яшчэ і мой сьвяты асабісты пакой) у нашай кватэры, што засталася ў якасьці жыцьцёвай прасторы для мяне. Усё астатняе: вітальня, гасьцёўня, якая плаўна пераходзіць у сталовую, лоджыя – усё ператворана ў роварны гараж. Гэта значыць, мой сын Антось зь сябрамі рыхтуюцца да гонак. Ужо з тыдзень я пераступаю праз гэтыя бясформавыя рамы, незьлічоныя колы, сумкі, слухаю перастук малаткоў і нюхаю ядроны пах нейкіх аэразоляў. Дзякаваць Богу, на кухню ні яны, ні жалязякі не трапляюць, і я насалоджваюся водарам сваёй паўдзённай кавы і пляную мой надыходны спакойны, мой цудоўны ўік-энд.

          – Мая мама можа гэта зрабіць! Яна зробіць! – чую я раптам пераканаўчы вокліч Антося з суседняга пакою. Яны са сваім сябрам Кірылам там цяпер бурна абмяркоўваюць сваю паездку.

Антону амаль 17, Кірылу 16. Кірыл жыве ў нас. Ён ня можа жыць са сваёй маці, увесь час жорстка сварыцца зь ёю, таму сышоў на свой хлеб. Дзяржава дае яму дапамогу на аплату жыльля, на жыцьцё ён падзарабляе сам, у той жа краме, дзе працуе і Антось. Ходзіць у школу.

          – Сынок, што-што я зраблю? – крычу я ў гараж-гасьцёўню.

          Спрэчка там раптам абрываецца нязвыклай цішынёй.

          – Ну-ка, ну-ка, хадзі сюды. Раскажы ж урэшце і мне, што я маю зрабіць?

          У дзьвярах зьяўляецца зьбянтэжаны Антось.

          – Мама, ну якая табе розьніца, дзе ты будзеш сядзець і вышываць?

          – ???

          – Тут, у сваім пакоі, ці ў намёце ў лесе?.. Ты ж любіш лес!

          – ???

          – Разумееш, паколькі мы – каманда няпоўнагадовых, то павінен быць хаця б адзін дарослы сябра ў камандзе, хто будзе падпісваць гэтыя іхныя паперы пра гарантыю і бясьпеку, адказнасьць за якія такім чынам арганізатары спаборніцтваў перакладаюць на ўдзельнікаў.

         – А! Цяпер я – горная раварыстка?

         – Мама, не хвалюйся, табе ня трэба езьдзіць на ровары! Твая справа – толькі прысутнічаць. ...Самы звычайны ўік-энд за горадам. Намёт. Лес. Пяльцы зь ніткамі. Мы табе асобны намёт паставім. ...Народу, праўда, будзе трошкі болей, чым табе падабаецца. ...Ну, можа, колькі тысячаў.

 

 

          2003 г.

          Дарога да Бэры нядоўгая, усяго нейкіх сто кілямэтраў. Яшчэ трохі далей на паўночны ўсход, і мы трапляем у маляўнічую рэзэрвацыю, якой зьяўляецца роварны і лыжны клюб “Гардвуд Гілс”.

          Хлопцы на ўезьдзе адзначаюцца, і мы кіруем далей шукаць сабе зручнае месца для прыстанку. Сёлета Антось ставіць свой асобны намёт і сваю “гаспадарку”. На гэты раз ён вырашыў рабіць “сола”.

          Ах, гэтае “сола”!

          Што гэта за яно? Увогуле, гэтыя гонкі – знакамітыя антарыйскія “24 Hours of Adrenalin” – “Содні адрэналіну”. Гонка праходзіць па зададзенай дыстанцыі па кругу і доўжыцца роўна 24 гадзіны, стартуе апоўдні і фінішуе апоўдні наступнага дня. Перамагае той, хто зробіць болей кругоў. Можна падчас гонкі, на дыстанцыі, сілкавацца, піць, спыняцца, адпачываць, спаць – што заўгодна: судзьдзі падлічваюць толькі колькасьць тваіх кілямэтраў за суткі.

          Летась, калі Антось зь сябрамі ўпершыню бралі ўдзел у гэтым “Адрэналіне” (і я разам зь імі ў якасьці горнароварнай вышывальніцы... ой... дарослага гаранта іхняй бясьпекі), яны ганяліся камандай: кожны па чарзе праяжджаў свой круг. Бальшыня роварнікаў тут так і ганяецца – камандамі.

          Але сола – гэта асобная каста. Гэта тыя, хто ўсе 24 гадзіны ганяецца ў адзіночку. Кожнага “саліста” тут сустракаюць аплядысмэнтамі на кожным прамежкавым фінішы, а на фінальным – выносяць на руках, бо далёка ня кожны і “дажывае” да яго.

          ...Так, вось і нашае леташняе месьцейка, што было нам тады такім утульным. Не занятае. Спыняемся. Летась тут чатыры хлопчыкі-сябры (дарэчы, два беларусы і два ўкраінцы) спрабавалі на смак свой першы “Адрэналін”. Ня ўсе і вытрымалі выпрабаваньні. І калі каторы зь іх пачынаў хныкаць і адмаўляўся ехаць свой круг, мой Антось хапаў ровар, ускокваў, як на каня, і апантана імчэў у цемрадзь начнога лесу. Я нават не пасьпявала схапіць яго, спыніць... Потым махала рукою, узгадваючы, у каго ж ён у мяне такі няўрымсьлівы...

          Ну вось, паставілі намёты, разладавалі гаспадарку, і Антось з хлопцамі паехаў аглядаць трасу. Я гляджу яму ўсьлед, ягонай высокай, вытарклай з натоўпу, ссутуленай постаці з раскінутымі локцямі, бы кондар над гняздом, і думаю, як жа мне падабаецца ангельскае слова “rider”. Яно сугучнае мне з нашым словам “рыцар”. А ягоная чырвоная, надзьмутая на сьпіне саколка нагадвае мне крылы літоўскай гусарыі...

           Вяртаюся да “гаспадаркі”. У нас побач зьяўляецца сусед. Адразу папрасіў дапамогі паставіць намёт. Гаворыць безупынку. Размаўляем, пакуль уладкоўваемся на гэты ўік-энд.

            – Ты – сола-райдар?

            – Не, ня я. Мой сын, – я сьмяюся.

            – А што? Летась на гэтых гонках тут была жанчына, сола-райдар, ёй 60 гадоў.

            – Памятаю! Я была тут, бачыла. А я, зрэшты, на ровары і езьдзіць ня ўмею. Я ўмею на каяку.

            – О, ты – каякер! І ганяесься?

            – Цяпер – не. Калісьці дома, на радзіме, у юнацтве. Потым працавала трэнерам гадоў пятнаццаць.

            – Ваў! Дык ты – прафесійны каякер!

            Ён усталёўвае пад навесам ліхтары, барбэкюшніцу, нейкія яшчэ прылады, здабыткі цывілізацыі.

            – А вось гэта для спаньня, – ставіць ён аднамясцовы намёт. – Ён настолькі маленькі, што тут могуць зьмясьціцца ня болей за трох, але вельмі блізкіх сяброў. ...Шчыра кажучы, я звычайна так не жартую зь людзьмі, чыя родная мова не ангельская, але бачу, ты мяне зразумела.

            Я ўсьміхаюся і тлумачу, што і мы ўмеем жартаваць і нашыя жарты могуць быць такімі ж.

            – А ты адкуль?

            – Зь Беларусі.

            Паўза.

            Я ўдыхаю паветра для нашай сакральнай фразы...

            – Успомніў! Успомніў! Хакейная каманда на Алімпіядзе! Прызнацца, я да гэтага нават ня чуў пра Беларусь. ...Тоні, – працягвае ён руку. – Карыстайся тут усім, што спатрэбіцца. Тут вада, агонь... А я пайшоў на трасу... А! Прыедзе мой мэханік. Але ён дружалюбны хлопец, так што ты не саромейся і карыстайся ўсім сьмела.

           Ведаць бы яшчэ, як гэтым усім карыстацца...

           Гэх, цудоўныя, чыстыя, не папсаваныя брацкай любоўю канадыйцы. Ніколі яны не нагадаюць табе, што ты эмігрант, у якой-небудзь нетактоўнай форме. Як яны гэта тонка адчуваюць! Не сказаў жа ён: “...для каго ангельская мова ня родная”. Толькі падумала – вось тыповы канадыец, але тут жа ўсплыло яшчэ адно сакральнае – а хто такі “тыповы канадыец”? О’кей, скажам: тыповы эмігрант у другім, трэцім, н-ным пакаленьні.

 

            28.01.2010

            Ужо тыдзень качуем па пустэльнях Нью-Мэксыка і Арызоны. Начуем у рознай якасьці (дзе як выпадае) танных матэлях, штораз у новым горадзе ці проста ў населеным пункце, назваў якіх і запомніць ня можам. Вячэраем у машыне ці на ўзбочыне. А вакол – горы ды жвіры рознага колеру, кактусы, пальмы; гішпанскі варыянт ангельскай, якога мы не разумеем; перац кары нават у цукерках; памежныя паліцэйскія патрулі, што вылоўліваюць мэксыканскіх уцекачоў (наш канадыйскі пашпарт працуе ў якасьці безапэляцыйнага паролю). Антось пры гэтым наважваецца рабіць 5-6-гадзінныя трэніроўкі штодня – ставіць машыну на ўзбочыне ці ў якім парку, калі пашанцуе, і пакідае нас з Вількам “тут пагуляць”.

             А ў гарах ідзе сьнег. Мы трапілі ў выключную кліматычную зьяву (ня ведаю, ці камэнтуюць яе сусьветныя навіны) – надзвычайна моцныя сьнегапады ў гарах, дасталася нават і бліжэйшым раўнінам-пустэльням. Нам пашанцавала на працягу дзьвюх, трох гадзін – пакуль уцякалі з гор, дзе нас заваліла сьнегам, – і сьнежкамі пакідацца ў соснах у гарах, і пакупацца босымі ў Белых пясках, і, галоўнае, пабачыць кактусы пад сьнегам. Прыгажосьць вакол – невымоўная... Я не выпускаю камэру з рук, здымаю ўсё запар на нашым шляху, ледзь пасьпяваю скідваць кадры з флэшкі на лаптоп.

            ...Гэтта ж мы былі кіравалі з Арканзасу (дзе пажылі тыдзень, і тут нам закарцела пабачыць пустэльню) роўненька на захад у Флагстаф. Замовілі там катэджык у гарах на тыдзень. Спыніліся нанач у Амарыла, ажно нам у матэлі кажуць: “А куды гэта вы кіруеце? Там усе дарогі ўжо заваліла!” Антось да паўночы вывучаў гугл-мапу, кудысьці званіў, шукаў новага прытулку, не знайшоў... З раніцы ён узяў рэзка на поўдзень, на Розўэл. Антось звычайна выбірае дарогі прасёлкавыя. Ага... Пустэльня як ёсьць. На працягу пяці гадзін ні машыны, ніводнага чалавека, нават паліцэйскага, ні прыпынку, дзе б узяць кавы ці аправіцца. Ну, Вільку та мы выпускалі па першым патрабаваньні лапу задраць. А самі мелі праблему... ні кусьціка, ні дрэўца... адна пясчаная роўнядзь да небакраю... (“Ну кто так строит!”) ...Нанач уладкаваліся высока ў гарах у Розўэле. Раніцай ліхаманкава адкапалі машыну з-пад сьнегу, Антось ціснуў на пэдаль, як торкнуў шпорамі: “Хутчэй адсюль, пакуль зусім тут не захрасьлі! А то мы сьнегу ў Канадзе ня бачылі! То я па яго сюды ехаў?” ...Праз два дні дабраліся да Тусона. Пашанцавала! Сусьветны фэстываль мінэралаў – відовішча надзвычайнае! Увесь горад у самацьветах! А жыць няма дзе, усё забіта. Ледзь знайшлі прытулак на адну ноч у матэлі.

            Ну вось, за ноч Антось знайшоў такі кватэру на тыдзень у Фэніксе. Кіруем туды. Цыклён ужо суцішыўся, пакуль мы матляліся “па югах” – можна трэніравацца і ў гарах. Дый трэба ўжо і адпачыць... памыцца, урэшце, прыняць ва-а-нну...

bottom of page