top of page

        Ніколі ня ведаеш, што з табой здарыцца ў Канадзе яшчэ...

        Часам расказваю сваім канадыйскім сябрам, што ёсьць такое нашыя беларускія сьвяты. Заўсёды гэта спэктакль: падрыхтаваны ці не, з касьцюмамі ці без, але заўжды -- поўная імправізацыя, камэдыя з адвольнымі сюжэтам і вобразамі, што нараджаюцца проста "па ходу п’есы", нечакана й дасьціпна. Ня толькі ў сьвяты -- беларус заўсёды знаходзіць месца жарту ды імправізацыі, вечна іграючы сабе нейкую камэдыйную ролю. Думаю, да знакамітай фразы "беларусы -- нацыя паэтаў" можна сьмела дадаць яшчэ і "нацыя камэдыянтаў".

        Вось і Каляды -- добрая нагода павесяліцца, "падурэць", адвесьці душу. І няважна, што мы так далёка ад месца нараджэньня Каляды -- яна нашага дому ды не мінае.
                                Ці вяліш, гаспадару, Каляду засьпяваці?
                                Ці так Калядзе даці?

        Паколькі ў ніводную ноту зь "Яваровымі людзьмі" я не патрапляю, пэцкаць "зьвязду ясну", што "ўзыходзіла над Батлеем", ня меруся. А калядаваць хочацца... "Казьліную" прапанову адхіляю адразу: уражаная карцінным грымценьнем аб падлогу леташняй "казы" (Росьціка Бушкевіча), вырашыла, што майго таленту для гэтага традыцыйнага вобразу ня хопіць. Нешта не карціць мне ляскаць галавой аб падлогу. І таму мой удзел у калядных гастролях пад пагрозай...
                                Мы -- хлопцы ўсе здатныя, з далёкага краю...
        -- Можна, я вам "зорку" буду трымаць? Ці ноты перакладаць?
        А душа просіць нечага ўзьнёслага...
        "Ірка, заўтра на "Ялінцы" будзеш цыганкай!" -- гучала ў слухаўцы наўмысна строга і безапэляцыйна. Адмаўляць на просьбу кіраўніцтва -- ня ў нашай завядзёнцы.
                                Ой-й, я -- цыганка маладая,
                                А цыганка не прастая...

        А што! Цыганка -- якая прастора для фантазіі! Такога ў маім жыцьці яшчэ ня было! Пабольш каляровых хустак на ўсе выпуклыя мясьціны, незьлічоная колькасьць пацерак, завушніц, бранзалетаў, такая ж колькасьць мурзатых дзяцей -- чым я не цыганка! ...От, яшчэ б сьмеласьці і нахабства такую ж меру.
                                Ваша хата з гліны, з саломы падваліны. Як гэту развалім, дык нову паставім!
        Першы выхад на вялікую сцэну -- я не патрапляю ня толькі ў ноты, але і ні ў адну фразу адрэпэтаванае дзеі. Не пасьпеўшы параапрануцца пасьля папярэдняй ролі "бабы Евы", забываюся "за кулісамі" то на пацеркі, то на сваё "немаўля", таму бегаю туды-сюды пад выглядам "жывога дзеяньня".
                                Мы ня толькі самі ідзем --
                                Мы казу за сабою вядзем!

        І тут у "казы" адвальваюцца рогі. (Вялікая творчасьць -- яна не бяз ляпсусаў, прабачце...) І толькі цудоўны "анёл-ахоўнік" усёй падзеі ў вобразе адзінай цьвяроза-думаючай кіраўнічкі гурта ратуе становішча, затыкаючы ўсе нечаканыя паўзы патрэбнымі фразамі і прыдумкамі.
                                А ну, козанька, пакруціся, павярціся,
                                Па ўсяму гаспадароваму дому расхадзіся.
                                Дзе каза рогам -- там жыта стогам!

        "Каза" ў выкананьні Надзі Дробінай -- нешта адметнае ў сцэнічным мастацтве! Гарэзьлівае дзяўчо, плястычная танцорка, што прымусіць кожнага пусьціца ў скокі, і раптам такое грацыёзнае падзеньне -- рыхтык натхнёна паміраючая змагарка за народнае шчасьце з колішняга савецкага кіно.
                                Во-о-ой! Каза ўпала!
                                Здохла, прапала!
                                А што ж казе даці,
                                Каб каза ўстала?

        Галосяць голасна каляднікі... І над неабсяжным канадыйскім харчовым раем грыміць запаветнае і амаль сакральна-недасяжнае: "Казе трэба даць САЛА!"
                                ...А во цыганка яшчэ да нас завітала!
        Я яшчэ вітаю ў аблоках, уражаная Надзіным талентам, і толькі адчувальны кухталь у сьпіну ад Віялеты выпіхвае мяне на авансцэну і вяртае на зямлю: "А пазалаці ручку, мой сярэбраны. А я ўсю праўду табе скажу..." Калі зараз не набрашу цэлыя кішэні шчасьця -- з наступнага рэпэртуару выкрасьляць як ні на што ня здатную. (Страх -- ветразь натхненьня!)
        ...Гэта ўжо потым, у хаце спадароў Ціханоўскіх, удзячныя паклоньнікі будуць валяцца ў нагах у Каляды побач з "казой" і шалёна выграбаць свае кашалькі, і грошы пасыплюцца ў бязьмерныя цыганскія кішэні (нехта суне мне крэдытовую картку, а нехта -- 10-цэнтавы купон з "Canadian Tire").
        А ўдома ў спадароў Эльляшэвічаў нашая суполка зробіць яшчэ адно "адкрыцьцё" -- акторскі талент самай малодшай удзельніцы імпрэзы 6-гадовай Дамінічкі, што выконвала ролю майго мурзатага цыганскага дзіцяці, здзіраючы зь мяне ўсе спадніцы й хусткі ў законным патрабаваньні "Мамка, дай есьці!" І, як кожны год, будзе чакаць нас у хаце Эльляшэвічаў такая жаданая і такая смачная, ужо традыцыйная беларуская "бабка".
        Дарэчы, у кожным доме нас чакалі гасьціннасьць і шчырасьць. І Каляда ўдзячная ўсім "гаспадарам" і ўсім удзельнікам сьвята!

        Але ніколі ня ведаеш, куды цябе занясе наступны раз...



                                Каляда сто дарог прайшла,
                                Пакуль да Ніягары дайшла.


        Пражыўшы тры гады ў Канадзе, я так і не наважылася пабываць на Ніягарскіх вадаспадах. І вось мы едзем калядаваць у тыя мясьціны. Але наведваньне вадаспадаў не ўваходзіла ў пляны Каляды: замала часу.
        У горадзе Ніягара наш кіроўца Ігар Цітавец зблудзіў-такі -- згубіў дарогу. Не ўпусьцілі мы магчымасьці пакпіць зь яго -- маўляў, ледзь у Штатах не апынуліся.
        ...Зьбіраючыся дамоў, Надзя стала выпытваць дарогу ў гаспадара -- Барыса Кіркі. Ігар ляпае мяне па плячы, кажа: "Ну, пабачыш ты сёньня Ніягару!" Успрымаю, як жарт.
        Але... -- як я вам удзячная, сябры, за гэты падарунак! -- мяне сапраўды прывезьлі да вадаспадаў, каб хоць кінуць на іх вокам. Дый самі не ўтрымаліся -- павыскоквалі з аўта рабіць здымкі.
        Ішоў сьнег, мяла завіруха, было -17. А мы жартавалі, сьмяяліся, іграючы нейкія свае вясёлыя ролі...

        І яшчэ невядома, каму пашанцавала больш: мне -- убачыць яе вялікасьць Ніягару ў грандыёзнай лядовай мантыі. Ці Ніягары -- прыняць у сябе ў гасьцях сапраўдную гарачую беларускую Каляду!

                                 На нова лета радзі, Божа, жыта...


Цыганка Рына з далёкага краю


 

Таронта.
люты, 2003
"Беларускае слова" №4

Дзе знайсьці сала для каляднае "казы"?

вярнуцца:    да     Галоўнай      Літаратурных твораў
bottom of page