top of page

Не дражніце чарапах, не цягайце рыб за хвост!

          Чыстая празрыстая вада. Хаця і чорная, што ноч. Ня ведаю, чаму. Напэўна, каб на чорным фоне выгадней выглядалі яны. Яны – маленькія, ёмкія. Каляровыя, яркія, як цацачкі. Жывыя. Рухаюцца жвава – напоўненыя нейкай асаблівай таямнічай энэргіяй, вабяць абяцаньнем падзяліцца ёю. Я зачаравана наглядаю за імі... працягваю руку, падхопліваю адну зь іх – і адчуваю ейнае трапяткое цельца і такую невытлумачальную шчасьлівую дзіцячую радасьць!..

          Рыбу голымі рукамі ловяць, як ведама, толькі вялікія рыбакі. Тыя, што па сумяшчальнасьці яшчэ й удалыя расказчыкі дома, на кухні, за добрай чаркай. Брахаць ня стану: так, гэта – сон. Сон, які паўтараецца зноў і зноў, які ходзіць мне усё маё жыцьцё.

          А што вы сабе думаеце? Нешта-такі ў гэтым ёсьць. Рыба ў ва многіх культурах зьяўляецца нейкім сымбалем. Чынгіз Айтматаў у рамане “И дольше века длится день” падае эпізод, дзе герой прывозіць сваю цяжарную жонку да возера, каб выканаць ейнае дзівацкае жаданьне – патрымаць у руках жывую вялікую рыбу. ...Да возера мне ехаць не выпадала, калі была цяжарная сваім сынам, але кожную нядзелю цягалася на Cтаражоўскі рынак да таго кута, дзе гандлявалі менскія акварыюмісты. Там быў свайго роду клюб, і я гадзінамі наглядала за гэтымі каляровымі істотамі – рухавымі падводнымі “кветкамі”.

          Першы свой акварыюм я купіла, калі мне было 11, за грошы, якія мне давалі на школьныя абеды. Маме нічога не заставалася, як тайна пасьпадзявацца, што “гэта хутка пройдзе”. Ані. За рыбкамі ў хату пацягнуліся ракі, трытоны, жабкі. А я занялася штудаваньнем усёй тагачаснай літаратуры па тэме – замест кніжак па школьнай праграме. Акварыюм не надакучваў ніколі. Дзіцячая забава ператварылася ў пажыцьцёвы “бзік” з тымі мілымі “мухамі ў галаве”, без якіх практычна пражыць-такі можна – але ж надта сумна.

          Сын разам са мною стаў цягацца (а куды б ён падзеўся?) на “птушыны” рынак – сёе-тое купіць, паглядзець навінкі, паслухаць баек пра розныя дзівосы з “рыбінага жыцьця”. Напрыканцы 90-х на рынку зьявілася новая “цацка” – маленечкая зялёная, уся ў каляровых вузорах, з чырвонай плямай ля вуха, чарапашка. Айвохці мне! ...І я згубіла сон. Нават той, дзе лаўлю рыбу рукамі. Бо па цане тая чарапашка прыраўноўвалася да ювэлірных вырабаў. Сказалі хлопцы на рынку, што возяць тых чарапашак аж з самой ...Канады!

          Толькі вам па сакрэту на вушка і скажу, за якім ражном, на самой справе, мы пасунуліся сюды, у гэную Канаду. Тсс...

           Першы ў Канадзе акварыюм – маленькі, 15-літровы – набылі здагадайцеся дзе? – правільна: на фры-маркеце. Некаму “ўжо прайшло”: зьнёс у мувінгрум нашага дому. Другі, ужо 120-літровы, сын прыцягнуў у навагодні падарунак. Раней, чым у нашай хаце зьявіліся ложкі.

          Чарапахаў у крамах не было. Ані ў воднай. Нават у місісагаўскім Кітай-горадзе, буйнейшым акварыюм-цэнтры. Я спыталася ў прадаўшчыцы. “Дык а іх у нас ніколі не бывае. Яны наагул не прадаюцца.” Яна перахапіла мой пагляд на паліцу, заваленую жбанікамі з кормам, на якіх красавалася мая прыгажуня з чырвонымі вушамі, ...і паціснула плячыма: “Гандаль чарапахамі ў Канадзе забаронены.”

           Ёсьць у мяне адна прыхамаць: будзе якая-кольвечы экзатычная істота зьявіцца ў маёй хаце для сумеснага пражываньня – а я тыц! у інтэрнэт: паглядзець інфармацыю аб ёй: хто адкуль, і як яе гадаваць і як зь ёю сумяшчацца ў гэтай новай для ўсіх нас краіне. Вось самона – яна прыбыла з Мадагаскару. Хаворція – з поўдня Афрыкі. Норфолкская сасна – з выспаў Акіяніі. ...І вось табе дзіўная завядзёнка – нейкая тайная замова ўпартай невядомасьці ахутвае нашую Беларусь: нават на гэтым узроўні апалітычных аматараў-натуролагаў. Ні на водным сайце я так і не знайшла інфармацыі, што red-eared turtle – чырвонавухая чарапаха – родам з ...здагадайцеся, адкуль? – правільна, ...з палесскіх балотаў....

          Летась зайшла ў краму, што ў Кітай-горадзе на Спадайне ...і опа! аж села на задніцу – адзін акварыюм на падлозе кішэў чарапашкамі! (Й да гэтае пары яны там ёсьцейка: відаць нехта налаўчыўся разводзіць іх у няволі.) Малюпанькія, меншыя за даляр, коўзаюцца адна па адной. ...Маладая вясёлая кітаянка зграбла іх рукой у місу і высыпала на падлогу мне пад ногі: “Выбірай! Тая твая, што хутчэй за усіх бегае! Здаровая, мусіць.” Сядзім, глядзім на іх: яны ж падабраліся ў сваіх мяккіх панцырках, ня рухаюцца. Адна высунула галаву, агледзелася ...і раптам са спрытам мышы – далібог! – панеслася ўпрочкі. Астатнія, як па камандзе – уроссып! І мы накарачках – за імі: ловім, што тых прусакоў.

          Было гэта на Каляды, то я так і ўспрыняла яе як калядны падарунак ад свайго анёла. А падарунак назаўтра зьнік. Зусім. Ну, спрытная ж: вылезла па фільтру з акварыюму, звалілася на падлогу і, пакуль нас не было ўдома, некудысь зашылася. ...Праз два дні знайшоў яе мой сабака, як сякеру пад лавай: сядзела скукожыўшыся пасярод калідору. Пакуты без вады і ежы падаліся мацнейшымі за страх. ...У вадзе аджыла хутка. Праз нейкі час, падрослую, прыйшлося яе перасаджваць у асобны акварыюм: надта спрытна палявала на рыбак. І на ўсё, што вакола шаволілася.

 

          Прошлым летам звоніць мая юная сяброўка Наташка:

          -- Зьбірайся. Заязжаем за табой празь дзьве гадзіны.

          -- Куды яшчэ?

          -- У канойны паход. Хлопцы нашыя чарнавіцкія запрашаюць. Я сказала, што безь цябе не паеду.

          ...Хлопцы віталіся зь цёткай ветліва і аглядалі – як на мой “старэчы” пагляд – з добра прыхаванай зьбянтэжанасьцю.

          -- Шо дывытеся? – выпаліла Наташка. – Яна – Майстра спорту па веславаньню! Яшчэ форы вам дась.

          Да ракі мы прыехалі, калі ўжо зьмяркалася. Затока, да якой мы падышлі, дакладна адпавядала мезансцэне казкі “Сястрыца Алёнушка і братка Іванушка”: нешта сярэдняе паміж маляўнічым лясным возерам і балотам. Для большага эфэкту пайшоў дождж. Трэба сказаць, што “канойны паход” – толькі кодавая назва. На самой справе, лодка была толькі адна, трохмесная. Нас усіх было шасьцёх. Трох хлопцаў. Перад якімі палягала задача, як перад тым старым з казой, качаном капусты і ваўком: як перавезьці нас і ўсе вандзэлкі адной лодкай. Заставацца тут было немагчымым: берагу не было наагул, ад вады адразу ўзьнімалася камяністая сьцяна. А недзе там, наперадзе, як абяцалі хлопцы, былі файныя месцы для стаянкі. Дзеўкі мае пад дажджом пачалі ўжо сплываць, і я вымушана была прызнацца: “Хлопцы, такі разьлічвайце на мяне як на веславальніка,” – чым усё ж узьняла сябе ў іх вачах аж да канцу паходу. Адным пераездам не абышлося: наперадзе быў вадаспад, які мусілі абыходзіць пехам, празь лес, па камнях, з поўнай выкладкай, у поўнай цемры.

          Да месца прыбылі змучаныя, мокрыя да майткаў. Толькі паставілі намёты – дождж скончыўся. Паўночы сушылі над вогнішчам вопратку, коўдры... Затое прырода ўзнагародзіла нас рэдкім чароўным відовішчам! Пáра ад прагрэтай гарачым ліпенем зямлі пасьля дажджу паднялася высака і засланіла поўню. Не, поўня была яркая, як заўсёды, але цяпер – у вялізнай, на паўнеба, сьветлавой кароне! Яна ўся адлюстроўвалася ў невялікім заціхлым везеры, схаваным ў цёмным, загадкавым цяпер, ноччу, лесе. Вада сьвяцілася. Стаяла белая антарыйская ноч.

          Хіба ж можна такое пабачыць у горадзе? Колькі разоў наглядала такія “белыя ночы” за сваё спартовае жыцьцё. Але то было на беларускіх водах. У гэтай, антарыйскай, сваё асаблівае зачараваньне. Неба падаецца вышэйшым. Бо беларускія туманы не ўздымаюцца так высака, сьцелюцца збольшага над вадой. Можа таму, што ночы там халаднейшыя?

          Раніцай я паднялася, ціхенька вылезла з намёта (вядома, моладзі так сьпіцца ўраніцу) – разгледзець урэшце, куды ж мы трапілі. За мной пацягнулася і Наташка. (Ні на крок ад мяне не адступае...) Моўчкі глядзім удвох. Цішыня. Возера. Лес на скалах. Прыгажосьць невымоўная!

          Трэба і ўмыцца. А лепш паплаваць. Пайшлі ўздож берагу. Які там бераг! Як быццам хто валуноў тут сыпануў лянівай рукой, дый так і не ўпарадкаваў. Мы перабіраемся па камянях асьцярожна, каб не пасьлізнуцца. Між камянёў стаіць вада, як бы ў якіх лябірынтах.

          У адной такой як бы пастцы я заўважаю рыбку, памерам менш за маю далонь. Стаіць нерухома. Я павольна прысаджваюся, нахіляюся. Стаіць, не ўцякае. Вада ў цяні камянёў цёмная, амаль чорная. Я доўга разглядаю яе і ў думках размаўляю зь ёй. Чырвоныя вочы. На баку каля зябраў такая ж яркая чорная з чырвоным пляма – несапраўднае вока. Бруха густога жоўтага колеру. І па ўсяму зялёнаму целу рассыпаны маністы бірузовых пярлін.

          Я паціху працягваю руку – яна толькі матнула хвастом. Павольна апускаю руку ў ваду і трымаю нерухома. Рыбка заварушылася, стала разглядаць яе. Патым дзёўбнула. Нічога дзіўнага: акварыюмныя таксама клююцца, яны ўспрымаюць варсінкі скуры за нешта ядкое. Але ж то – дамашнія: яны ведаюць, якая рука іх корміць. ...Дзеўбанула яшчэ раз, яшчэ. Ня сільна: толькі тыкае носам. Я падводжу руку пад бруха – яна дазваляе дакрануцца да яе. Сьціскаю трохі далонь і адчуваю ейнае пругкае цельца. Яна не вырываецца!

          -- Наташка! Нясі які-небудзь слоік! Хутчэй!

          Яна так і не трыпыхалася, спакойна дазволіла пераправіць яе ў слоік. У слоіку, гледзячы мне ў вочы, заматала хвастом і плаўнікамі, замітусілася, поўная нейкай невызначальнай, нястрымнай энэргіяй. Самец.

          -- Як ты яго злавіла?

          -- Вудай, на мармышку. ...Бач во! Рукой голай! Левай...

          -- Да ты што! – яна падазрона азіраецца, як быццам, сапраўды, хоча знайсьці тую вуду ці хоць якія ўлікі.

          -- А што, ня чула баек, як у Манітобе і да гэтае пары гусі прызямляюцца на выцягнутую руку паляўнічым? А бабры дык проста залазяць у іхныя лодкі. Дзікая краіна! Шаманамі тутэйшымі яны заварожаныя? ...Дзівосны сьвет твой, Госпадзе! Ведаеш... а мне ўсё жыцьцё сьнілася, што я лаўлю маленькую прыгожую рыбку... рукой...

          -- Бачыш, дзе твой сон спраўдзіўся! Што б гэта значыла, га?

          Хлопцы майго рыба выпадкова выпусьцілі. Так яны кажуць. Я-та ведаю, што гэта з тайнай зайздрасьці: цэльны дзень закідвалі вуды, так нічога не злавілі. Але я не шкадую: дарослая рыба цяжка мяняе жыхарства. Мне не было за цяжкасьць налавіць ягоных дзяцей, малькоў, проста цалафанавым пакетам. Адну пару пад хлопцавы кпікі завезла дадому.

          У мясцовых кніжках знайшла яго – sun bass, сонечны акунь. Звычайны амерыканскі від.

          Нядаўна аднерасьціліся. Ікры, праўда, ня зладзілі захаваць. Маладыя яшчэ, недасьведчаныя.

          ...Што б гэта ўсё значыла? І якой энэргіяй яны могуць падзяліцца? Хто б яго ведаў.

          Але вось і апавяданьне нарадзілася.

          ..А сон? Зрэдку, бывае, бачу. Значыць, нейкая мая мара яшчэ спраўдзіцца мае? ;)

             

​Ірына Варабей

Таронта, 2003.



 

вярнуцца:    да     Галоўнай      Літаратурных твораў
bottom of page