top of page
вярнуцца:    да     Галоўнай      Літаратурных твораў

Зь юнацкіх дзёньнікаў і ня толькі

Альманах ''Беларус'', 2017

А ўсё таму...

 

– Іра, што з табой? Чаго ты ўвесь час сонная такая?

А ты – раздражнёная ўвесь час.

Волю, напэўна, зводзіць мая апатыя. Я увесь час маўчу, нічога вакол не заўважаю, кажу адно глупствы і тыя недарэчы. І нашыя размовы вядуцца толькі на падвышаных інтанацыях.

– Сяброўкі, вы чаго сварыцеся? – дзівяцца дзяўчаты.

– Мы ня сварымся. Мы спрачаемся. Выказваем свае думкі. Хіба мы сварымся, Воля?

– Пэўна, што не.

І ўсё ж у нашых стасунках нешта ня так. Воля абурлівая, успыхвае з любое нагоды. Празь пяць хвілін супакойваецца і пачынае падлашчвацца. Я маўчу. Я зусім не злуюся на яе, хачу сказаць ёй гэта, але чамусьці адварочваюся і маўчу. Мне так ня хочацца гаварыць нічога. А яна думае, я крыўдую на яе.

– Ірок, ну, вінаватая я. Ну, даруй.

– Ай, адчапіся, Воля.

– Воль, ты чаго падлабуньваесься да яе?

– А я накрычала на яе бяз дай прычыны...

Чаму я, сапраўды, такая сонная? Чаму мне ўсё так абыякава?

...Мы стаім у кінатэатры, што ля інтэрната, у які нас засялілі, і падпіраем сьцены. Чамусьці не працуе каса, і дзяўчат яшчэ няма, і мы ня ведаем, ці браць ім квіткі. Зноў маўчым. Проста перад намі стаяць, размаўляюць варонежскія хлопцы. Дзіўныя яны, гэтыя варонежцы: і маўленьне ў іх іншае, і твары. Мардатыя нейкія, скуластыя. Я ня ведаю, навошта мы тут стаім, калі адчыніцца каса. Ай, няхай Вольга сама вырашае. Мне асабіста абыякава, што рабіць: ісьці спаць ці ў кіно, стаяць ці сядзець, есьці або чытаць. Адзінае, што я зараз зрабіла б зь цікавасьцю – гэта выйшла б на ваду. Але мы прыехалі ў гэты Варонеж і вось ужо каторы дзень ня ведаем, як адмарнаваць тут час. Гонкі скончыліся, а самалёты, аказваецца, з гэтай дзіры вылятаюць толькі раз у дзень і толькі на Маскву. Усе каманды ў адзін самалёт не ўпіхнуць. Вось мы і заселі тут на тыдзень, чакаем сваёй чаргі.

І чаму ў мяне такая абыякавасьць да ўсяго?

А чаго гэта ўвогуле ўсе так мітусяцца? Што ім трэба ўсім?

Танька, прынамсі, вось кожнага вечару месца сабе не знаходзіць. Але, так, у мяне таксама такое бывала. Толькі мітусьня гэта ўсё. Калі што і наканавана нам у жыцьці, дык яно само прыйдзе. І няма чаго жыцьцё прысьпешваць. Супакойцеся, дзяўчаты! Сядзьце і чакайце свайго шчасьця...

Жыцьцё – гэта барацьба. Шчасьця трэба шукаць і змагацца за яго. Пад ляжачы камень вада не пацячэ. Жадаючага лёс вязе, а нежадаючага – цягне...

Ох ты! Я заблыталася. Я ня маю рацыі. Але я не магу разварушыцца, адмесьці ўсё і засьмяяцца сваім звычайным бестурботным сьмехам. Чаму?

От, аб чым я ўвесь час думаю? Думаю і думаю... Хіба я памятаю, аб чым думаю, калі іду з панурай галавой і нічога перад сабою ня бачу. Аб чым думаю, калі распранаюся і, ня вынуўшы другой рукі з рукава, утароплюся раптам у сьценку? Калі доўга не магу заснуць, аб чым думаю?

За мае няпоўныя дваццаць чаго ўжо толькі не было. Ёсьць што ўзгадаць. Але ж трэба глядзець наперад! А што там, наперадзе?.. Нешта надакучыла мне чакаць і спадзявацца.

Ох, чагосьці ў маім жыцьці не хапае. Ведаю, не хапае... Але што я магу зрабіць? Чакаць? Ды не чакаю я нічога. Проста так жыву.

Уяўляю сабе, як я выглядаю збоку. Падпіраю сьценку і абсалютова абыякавым позіркам з-пад ілба гляджу на натоўп, што стаіць па квіткі. Спытае ў мяне зараз што-небудзь Воля – я адкажу “так” ці “не” і адвярнуся. Паспрабуе яна сказаць нешта сьмешнае, разьвесяліць мяне – я крыва ўсьміхнуся і зноў адвяду позірк. Скажа яна “хадзем!” – я не спытаю, куды, і паплятуся за ёю. Фразы мае ўсе такія цынічныя, што слухаць іх спакойна немагчыма.

Ды што ж гэта са мной такое?!

Воля раптам падыходзіць да мяне ўпрытык, упіраецца парасонам у грудзі.

– Я цяпер зразумела, які мне патрэбны муж, – кажа яна мякка, нібы выбачаецца. – Я ўсё думала, што такі, як ты: спакойны, вытрыманы. Мяне, халерыка, такі, як ты, флегматык мусіць стрымліваць. А цяпер бачу, не, я з такім не ўжывуся. Мне патрэбны вясёлы, завадны.

Ну, ты ня маеш рацыі, Воля! Ты ж памятаеш, якой я была! Вясёлай і завадной. Вы ж за гэта мяне любіце!.. Памятаеш, на зборы, у кэмпінгу, два месяцы таму, вы прыйшлі да мяне тады ў намёт, каб “разьвесяліць мяне і зноў убачыць на маім твары шчасьлівую ўсьмешку. Хіба можна, каб прапаў такі вясёлы чалавек”?.. Штосьці вы яшчэ казалі?.. Ага. Хацелі “забіць ува мне надзею, каб зноў пачуць мой сьмех”. Тады я жахнулася і павыганяла вас.

Глядзі, якія справы, Воля. Надзеі і насамрэч ужо няма, але шчасьлівай усьмешкі на маім твары ты ўсё роўна ня бачыш...

Я была вясёлай і завадной. Вы за гэта мяне любілі. Што ж са мною такое здарылася?

 

А ўвечары дзевак як ветрам павыносіла з нашага пакоя. Пайшлі да хлопцаў ды паразыходзіліся хто з кім. А я чытала, лежачы ў ложку. Мне не было куды йсьці, не было каго чакаць. Дый дачытаць трэба. Зрэшты, я чытаю з нудоты і старанна пераконваю сябе, што мне цікава.

Калі заснула, зьявіліся сяброўкі і давай сваю дзявочую траскатню.

– Колькі там часу? Вы спаць ляжаце, злыдні?

– Сьпі. Хто цябе чапае?

Налаялася на іх. Запусьціла нейкай красоўкай. Яны рагочуць. Нешта я там балбатала злым, сонным голасам, высьмеяла іхныя залёты, гнала спаць.

– Ну, няўжо табе так хочацца спаць? – успыхнула эмацыйная наша Танька. – Ты цэлы вечар сьпіш. Іра, ну насамрэч, ну скажы, няўжо табе ў такі вечар – такая цеплыня, такая прыгажосьць! – ня хочацца пагуляць з кім-небудзь? Проста прайсьціся, пагаманіць?

Ты пытаесься, як у душу зазіраеш, разьдзіраеш...

Проста прайсьціся, пагаманіць...

Ці хочацца мне? Зь “кім-небудзь” ня хочацца. З чужым не хачу, зь ім будзеш думаць аб іншым, і будзе балюча. А са сваім?.. Але гэтага быць ня можа і ня будзе ніколі. І лепей ня думаць і не хацець дарма, бо будзе балюча.

– Не-а, Тань. Не хачу.

– Але я ня веру! Як можна так?

– Твая справа. Не, не хачу.

Не хачу. Не хачу ні з кім гуляць. Ні заводзіць знаёмствы. Не хачу.

Не хачу хацець.

 

Яна не сунялася і назаўтра ўсё ж спытала пра яго.

Спытала – а ў мяне раптам навярнуліся сьлёзы... Сыпанулі як адказ на мае пытаньні. Значыць, не загаілася рана.

“А ўсё таму, што Вас няма са мной. А Вы былі калісьці, ці ніколі?..”

1979 г.

 

*   *   *

 

Сьвет раптам робіцца нямілым.

Нудным. Нецікавым.

Як ежа бяз солі.

Хоць і галодны, і есьці трэба – а ў рот ня лезе.

Быццам і ясі – а смаку ня чуеш.

2016 г.

bottom of page