вярнуцца: да Галоўнай Літаратурных твораў
Зваротнае дарогі няма
Газета "Беларус" №546, ліпень 2008, ст. 6, Ню Ёрк
Нарэшце гэта адбылося. Урэшце яно здарылася. Падзея, аб неабходнасьці якой ведалі сьвядомыя беларускія вернікі, аб цяжкасьцях асягненьня якой усведамлялі тыя, хто быў да яе прычынены, -- зьдзейсьнілася. Нашая Беларуская Царква чарговы раз аднавілася. У ейную гісторыю ўпісваецца яшчэ адна адметная дата: 11 траўня 2008 году – адраджэньне Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.
Я – чалавек звычайны, шэраговая парафіянка, што моліцца і хоча маліцца і надалей ў сваёй – беларускай – царкве. Я веру ў Бога, але не валодаю дэталёвым веданьнем усіх унутрыцаркоўных правілаў і канонаў. Таму мой расповед і развагі аб гэтае падзеі вяду з гэтага пункту гледжаньня: як чалавек, які проста прысутнічаў побач, бачыў на ўласныя вочы і перажываў падчас.
Пачатак падзеі ды майго аповеду трэба аднесьці на паўтары гады назад, да прыгожых па-паўночна-амерыканску восеньскіх дзён, калі па антарыйскіх ды пэньсільваньскіх дарогах адно шпаркае аўта несла чатырох устурбаваных сябраў-аднадумцаў, парафіянаў Таронтаўскае беларускае царвы сьвятога Кірылы Тураўскага. Мы ляцелі ратаваць Царкву.
Адтуль, зь Ню-Джэрсі, з Рады Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы прыйшла трывожная вестка: ёсьць прапановы й намеры аддаць БАПЦ пад кіраўніцтва Ўкраінскае Праваслаўнае Царквы Канстанцінопальскага Патрыярхата. Таронтаўская парафія зразумела такую прапанову як канец і Беларускае, і Аўтакефальнае, а таму сьпешна выправіла сваіх ганцоў, сярод якіх была і я.
Турбавацца было з чаго: гэта не навіна, што далёка ня ўсім у сьвеце хочацца, каб існавала Беларуская Аўтакефалія.
Зразумець гэта вельмі проста. Не паглыбляючыся ў энцаклапедычныя падрабязнасьці гісторыі, каб ня збочыць ад галоўнае ідэі, для вобразнасьці можна ўзгадаць старую беларускую казку пра зайчыкаву хатку. Хто тая ліска, што запанавала ў чужой хатцы, выставіўшы за дзьверы гаспадара, здагадацца ня цяжка. Больш за 200 год таму, калі Расея зваявала Вялікае Княства Літоўскае ды акупавала ягоныя тэрыторыі, Расейская Праваслаўная Царква палáсавалася сваёй доляй ад пераможнага рабаўніцтва – усе праваслаўныя саборы й цэрквы адышлі да яе. Ад таго часу беларускае праваслаўнае царквы, што вядзе свой пачатак яшчэ ад Бізантыі ды ад сьвятой Еўфрасіньні Полацкай, і ніколі ніякага дачыненьня да Маскоўскае мітраполіі ня мела, на тэрыторыі Беларусі няма. Тое, што Маскоўская мітраполія называе свае філіі “беларускімі” – не адпавядае ні сутнасьці, ні апраўдвае рабаўніцтва. Зьдзейсніўся вядомы наказ Кацярыны ІІ: “Што не зрабіў расейскі штых – даробіць расейская школа і расейская царква”.
Аднак, ня ўсё лісцы і масьленьніца. Вось жа ён, зайка – жывое сьведчаньне беззаконія, зьнішчальнік тэрміну даўнасьці.
Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква існуе па-за тытульнай тэрыторыяй, у дзіўным для рэлігійнай інстытуцыі статусе – “на выгнаньні”. Як, зрэшты, у гэтым жа статусе існуе і беларуская дзяржаўнасьць, і культура. Гэтым самым, нажаль, БАПЦ набыла палітычную значнасьць. Трэба сказаць, Царква палітыкай займацца ня хоча. Яна хоча аднаго: абслугоўваць рэлігійныя патрэбы вернікаў, ды марыць вярнуцца ў краіну беларусаў, каб адно іхным – беларусаў – інтарэсам і служыць. Палітыку Беларускай Аўтакефаліі накідваюць звонку – тыя, хто з радзімы яе выгнаў і назад пушчаць ня хоча.
Гісторыя існаваньня Царквы на выгнаньні – гэта гісторыя ахвярнага служэньня беларускасьці і беларусам, гэта гераічныя і часам трагічныя лёсы сьвятароў і япіскапаў. Гэта і штодзённае вырашэньне сацыяльных, матэрыяльных і эміграцыйных праблемаў. (Беларускія сьвятары працуюць, як і звычайныя эмігранты першага пакаленьня: рабочымі, будаўнікамі, шафёрамі, а па нядзелях служаць у цэрквах). А яшчэ гісторыя БАПЦ на выгнаньні – гэта гісторыя жыцьця пад пільнай увагай дасьледчых ворганаў савецкіх, а пасьля расейскіх камітэтаў. А джэнтэльмэнскі набор іхнае апекі ўсім вядомы й нязьменны. Гэта – паклёпы, хлусьня, правакацыі, стукачы, засланцы, звады, навалокі... і бясконца... Усе сродкі добрыя, абы зьвесьці існаваньне БАПЦ на ніц. Яно й зразумела: самое існаваньне Царквы нагадвае, каму чыя хатка належыць, а самае галоўнае - надта хаткі вяртаць законнаму гаспадару ня хочацца. Таму Царква церпіць удары ад “нябачнага фронту” нават мацнейшыя, чым выпадаюць на грамадзкія суполкі дыяспары.
Да таго часу, як шпаркае аўта паімчэла чатырох устурбаваных таронтаўскіх парафіянаў да паўднёвых суседзяў, перад БАПЦ паўстала сур’ёзная праблема: нястача сьвятароў і япіскапаў. У Царквы застаўся адзіны ярарх – сам Мітрапаліт Ізяслаў, старэнькі, хворы. Настала пагроза новага стану – “сіроцтва” царквы. Пад гэтае становішча ў нечыей хітрай галаве і высьпела зманлівая ідэя пайсьці пад кіраўніцтва іншае царквы. А вынікам была б згуба дзьвюх галоўных атрыбутаў: “беларуская” і “аўтакефальная”.
Можа, гэта й да лепшага: такая прапанова высьветліла праблему ды спанукнула нешта тэрмінова рабіць. І вось нашае аўта на десяць гадзін дарогі ператварылася ў штаб па вызначэньню нашае стратэгіі і тактыкі да маючага адбыцца паседжаньня Рады Царквы.
Галоўным героям гэтага рухомага “камітэту бясьпекі” быў Міхась Тапуноў, Старшыня Таронтаўскае парафіі. Гэта ягонымі былі ўсе асноўныя аргумэнты й тэзы, лягічныя й дакладныя. Гэта ён вызначаў усю тактыку нашых будучых прамоваў і перамоваў. І, урэшце, гэта ягоным быў галоўны довад, што ў Беларускай Аўтакефаліі ёсьць свае рэзэрвы для самастойнага існаваньня. І такім рэзэрвам – паводле Міхася – быў наш сьвятар айцец Вячаслаў (Логін).
Калі я гавару “наш айцец”, то маю на ўвазе дакладна: таронтаўская парафія лічыць а.Вячаслава сваім. Ён некалькі гадоў служыў ў таронтаўскай царкве, тут і быў высьвячаны ў сьвятары Мітрапалітам Мікалаем. Мы добра яго ведаем і любім як нашага блізкага сябра; ведаем ягоныя пераважныя якасьці: шчырая беларускасьць, дбайны клопат аб Царкве, годнасьць, аскетызм, адукаванасьць і эрудыцыя на ўзроўні энцыклапедычнай. Зрэшты, як і недахопы ягоныя нам ня дзіва, прыкладам тое, што зь ім часам бывае цяжка па-жыцьцёваму дамовіцца. На маю думку, праўда, і гэты быццам недахоп ідзе ад сапраўднай годнасьці: ад няздольнасьці ні на калеўцу скрывіць праўду, ці адхіліцца ад царкоўнага статуту і канонаў. Для сябе ж самога ён не патрабуе нічога. Тым не меней, тагачаснае кіраўніцтва нашае парафіі, ня здолеўшы вырашыць эміграцыйныя справы а.Вячаслава, свайго сьвятара была страціла. Айцец перабраўся ў ЗША, ў царкву Жыровіцкае Божае Маці, што ў Гайлянд Парку (куды мы цяпер і накіроўваліся).
Час прамінуў, зьмянілася кіраўніцтва ў парафіі. Абавязкі Старшыні ўсклалі на Міхася Тапунова – і гэта быў цалкам рацыянальны выбар, бо пад ягоным кіраўніцтвам справы ў царкве зрушылі зь мёртвай кропкі. Вось і цяпер Міхась ехаў сустрэцца з а.Вячаславам, каб прапанаваць яму вярнуцца ў Таронта і паабяцаць персанальна палагодзіць усе ягоныя эміграцыйныя праблемы.
У наступны дзень назад, на поўнач, у Таронта, стомленае аўта панесла чатырох змарнелых ад сустрэч, размоваў, спрэчак, але радасных ад усьведамленьня добра зробленай справы сябраў-аднадумцаў. У нас усё атрымалася, плян быў зьдзейсьнены. Знайшліся аднадумцы і ў амерыканскіх парафіях, і было прынята рашэньне вылучыць а.Вячаслава ў кандыдаты ў япіскапы і тады высьвяціць яго ў гэты сан.
Як мне, дык цікава было адзначыць для сябе, як сама прапанова высьвяціцца ў япіскапы паўплывала на станоўчыя зьмены ў характары і душэўным стане а.Вячаслава. Ён рабіўся больш рашучым, упэўненым (гэтых якасьцяў яму было бракавала), скажам, больш акрэсьленым у сваіх меркаваньнях. ...Я тады падумала, ці ўсьведамляе ён да канца, на які шлях ён становіцца?
Па дарозе дадому чатыры сябра “камітэту бясьпекі” Царквы пастанавілі трымаць у строгім сакрэце справу высьвячэньня а.Вячаслава ў япіскапы. Прычыны, зразумела, усё тыя ж – ня ўсім гэтая ідэя спадабаецца...
А пасьля гэтага была праца. Шмат працы. Бо адна справа -- вырашыць, а другая – як гэта зрабіць? Як у сваёй Царкве не было япіскапаў, хто б мог правесьці хіратонію, трэба было шукаць іх у іншых Аўтакефаліях: украінскай, грэчаскай, сербскай, македонскай, баўгарскай. І ўсё гэта – лісты, сустрэчы, паездкі, перамовы-перамовы... чыйсьці вольны час, высілкі, траты. У гэтага “чыйсьці” ёсьць канкрэтнае імя – Міхась Тапуноў. І, вядома, сам а.Вячаслаў. Празь некалькі месяцаў айцец вярнуўся ў Таронта, калі ён атрымаў рэзыдэнцкі статус у Канадзе.
Часам апускаліся рукі, здавалася, што нічога не атрымліваеца. Аднойчы адзін грэчаскі япіскап сказаў ім: “Не адчайвайцеся. Бог апякаецца вамі, і Ён дапаможа вам. І ўсё атрымаецца лепей, чым вы нават мяркуеце”.
Мы перажывалі цяжкі час: перспэктыва апынуцца раптам ў “сіроцтве” вісела, як дамоклаў меч. Праз год пасьля таго паседжаньня Рады памёр наш Мітрапаліт Ізяслаў. Паўгады мы пражылі з боязьзю нават вымавіць гэтае слова: “асірацелі”. Але справы па высьвячэньню япіскапа рушыліся, і мы жылі надзеяй. Колькі разоў усё зрывалася, бо да канца справы трымаць сакрэт такі немагчыма. Урэшце, напачатку лютага 2008 г. а.Вячаслаў быў пастрыжаны ў манахі зь імем Сьвятаслаў. Хіратонія ў япіскапскую годнасьць а.Сьвятаслава была прызначана таксама ў лютым, але не пасьпелі аб ёй уголас абвесьціць, як цырымонія раптам была адменена літаральна напярэдадні...
Прайшло амаль тры месяцы няпэўных чаканьняў, як мне патэлефанаваў Міхась: “Зьбірайся, едзем”. – “Куды?” – “У Ню-Ёрк, на хіратонію. ...Толькі, ціха! ...Камеру не забудзь: хачу, каб ты зрабіла фотарэпартаж”.
Добра, Міхасю, што падказаў. А я ўсё думала, што ж падарыць Уладыку на ягонае сьвята. Вось жа ж – фота-альбом зь ягонае хіратоніі. Паехалі!
І ні гэтая архіцяжкая паездка (чатырнаццаць гадзін туды, столькі ж назад, бо мы яшчэ заязжалі ў Атаву за сп. Івонкай Сурвіллай), ні ня самыя добрыя ўражаньні ад “сталіцы сьвету” з ейнымі “джунглямі” ды пробкамі на дарогах не змаглі нават кінуць ценю на захапленьне той грандыёзнай дзеяй, што адбылася ў сьветлым, нова-адрамантаваным саборы сьв. Кірылы Тураўскага, што ў Брукліне.
Я столькі ярархаў у адным месцы ня бачыла ніколі, як, зрэшты, і такой колькасьці сьвятароў. Сьвяточная чысьціня і бляск аддзеньняў, сьвяточная чысьціня залі, дзе ад магутнага хору сьвятаравых басоў зьвінела столя, і душа ўзносілася ўвысь. Больш урачыстай і ўзьнёслай падзеі я ў сваім жыцьці не перажывала.
Абрад хіратоніі быў выкананы Архіяпіскапам Уманскім і Дэтройцкім Аляксандрам, Япіскапам Барыспальскім Пасіям ды Япіскапам Х’юстанскім і Тэксацкім Макарыюсам. Так, зноў украінцы працягнулі нам сяброўскую руку дапамогі. І то праўда – ад каго б яшчэ было яе чакаць, як не ад сябраў-суседзяў?
Уразіла заключная прамова Архіяпіскапа Аляксандра. Ён зазначыў, што беларуская культура, улучна з Аўтакефальнай Царквой, пацярпела значна мацнейшы ціск з боку Імпэрыі, чым украінская, менавіта таму, што супрацівілася актыўней. Думка для мяне ня новая, але ўзрадавала тое, што агучыў яе ўкраінец. Што ж, парадуемся, што наш япіскап высьвячаны чалавекам мудрым і шчырым.
І хаця ня раз мяне зганяла з аўтарных прыступак шаноўнае сьвятарства – мяне і папярэджвалі, што жанчынам далей за другую прыступку падымацца нельга, але ўзьнёслыя ўражаньні перамагалі ўвесь кантроль над сабой – усё ж альбом з фотарэпартажам атрымаўся на славу і, спадзяюся, будзе добрай памяткай для нашага дарагога Уладыкі Сьвятаслава.
Як, вядома, і добрай памяцьцю для мяне. Я доўга яшчэ буду перагортваць бачынкі альбома і раз за разам перажываць шчасьлівыя імгненьні. Як сустракалі ля парога хлебам-сольлю высокіх гасьцей япіскапаў, як узносіліся малітвы, як ускладаліся рукі, як пераапраналі сьвятара ў япіскапа, як перадавалася жазло. Здымак за здымкам не дадуць сьцерці з памяці галоўнае уражаньне: як крок за крокам мяняўся духоўны стан віноўніка ўрачыстасьцяў, як ператвараўся ён з айца ва ўладыку.
Вось ён стаіць перад трыма вялікімі саноўнікамі, трымае клятву – сьціплы сьвятар, упэнены ў тым, што гаворыць, але твар чамусьці бы стомлены. А вось тут пад іконай, чакае рукапалажэньня – ужо з ясным тварам, стрымана-нецярплівы. Вось кульмінацыя: рукі трох ярархаў на ягонай схіленай галаве – і я адчуваю прысутным тут Духа Сьвятога. Вось здымак моманту, які мне найбольш цікавы: сьвятарская рыза ужо зьнятая, твар Уладыкі Аляксандра, зьвернуты да новаасьвечанага бы з запытам: “Ці гатовы ты?” І твар ужо ўладыкі Сьвятаслава – сур’езны, суворы, з поўным усьведамленьнем таго, на які шлях становіцца... І вось надзеты япіскапскія рызы. Усё. Зьдзейсьнілася!
Мне ў той момант на памяць прыйшло маё даўняе трохрадкоў’е:
А мы вынішчаемся.
Зноў адраджаемся.
Мы – ачышчаемся.
...Я тады падышла да Міхася Тапунова, які ўвесь час быў нерваваўся, каб раптам не сарвалася ўсё на апошніх кроках; ён тады палымяна выдыхнуў з палёгкай, прашаптаў: “Ну, усё! Зроблена. Зваротнай дрогі няма!”
І апошні здымак – я наўмысна яго лавіла – новы Япіскап Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі Сьвятаслаў з крыжом у руках вітае прыхаджанаў. І твар узьняты, шчасьлівы й прыгожы, прасьветлены нябеснай радасьцю – твар чалавека, што вось толькі прыняў Духа Сьвятога.
Іс пола еты, Дэспота! Дай, Божа, на доўгія гады! Плённага служэньня вам, Уладыка Сьвятаслаў!
Ах, якое яно, новае, ніколі яшчэ не ведамае для мяне пачуцьцьё – такое салодкае, ціхае-радаснае – мець япіскапа свайго. Не прызначанага ды прысланага зьнедкуль некім, а свайго даверанага, каго сам жа прапанаваў і вылучыў на гэты сан. І гэтак лёгка й радасна перайсьці мне на новы зварот: “уладыка”.
Вось такім яно было – сьвята адраджэньня Беларускае Аўтакефальнае Царквы на выг
наньні. Вось такі мой расповед аб ім, асобы прыватнай, якой пашчасьціла быць
прысутнай.
А што ж далей? Далей усё тое ж: цяжкі шлях незалежнага беларускага ярарха.
У сувязі з гэтым не адпускаюць ў думках дзьве размовы. Адна: з дарагім, ужо Ўладыкам Сьвятаславам, удома, у роднай парафіі, пасьля сьвяткаваньняў. “...Уладыка, вы ж разумееце, што кінулі сябе на цьвікі?” – “Што цьвікі, - усьміхнуўся ён. – На цьвіках людзі нават спаць наважваюцца. На вілы ўздымуць!” І я чарговы раз у душы папрасіла ў Бога мужнасьці, цярпеньня, мудрасьці і раўнавагі для нашага новага ярарха. На многія лета!
Другая: першае да мяне пытаньне Зянона Пазьняка, зь якім на той жа хіратоніі я і пазнаёмілася: “Ну, як там у вас, у Тароньце, камсамольцы шчыруюць?” – “То як жа ж!” – “Ну й як: гавораць па-расейску, намаўляюць яднацца з Матушкай?” – “Што вы! Шчырыя беларусы, адданыя патрыёты, кашулю рвуць на сабе.” – “От жа, усюды яны... Здавалася вонкава, хоць у вас іх няма..."
Ёсьць пэўныя падставы меркаваць, што налета на наступным перавыбарчым сходзе парафіі Міхася Тапунова з пасады Старшыні зьнімуць. Прычыны зразумелыя: актыўная дзейнасьць. А зачэпкі, вядома, знойдуцца. Ня знойдуцца, дык надумаюцца. Ужо ёсьць, надуманыя.
Але тыя, хто зьніме Міхася з пасады, ёсьць бясьсільнымі вынайчыць тое, што зроблена ягонымі намаганьнямі. Асьлінымі вушамі сонца не закрыць, як галасаваньнем не адмяніць рукапалажэньня, не пакіраваць Сьвятым Духам. Япіскапа “зьняць” немагчыма. Зваротнае дарогі няма.
А я зрабіла справу сваю: занатавала падзею ды імёны для ўдзячных нашчадкаў, каб помніць тых, хто спрычыніўся да адраджэньня Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў 2008 годзе, хто ахвяраваў сваімі высілкамі і часам, уклаў душу, прысьвяціў частку свайго жыцьця дзеля гэтае падзеі. І гэтага таксама ўжо не высекчы ніякай сякерай.
Таронта,
11-30 траўня 2008 г.
Газета "Беларус" №546, ліпень 2008, ст. 6, Ню Ёрк
Міхась Тапуноў, Уладыка Сьвятаслаў