вярнуцца: да Галоўнай Літаратурных твораў
-- Каго любіш?
-- Люблю Беларусь
-- То ўзаемна.
(Пароль паўстанцаў
1863-64 г.г.)
“Шчасьлівы той, хто жыцьцё аддае для друзі своя”.
Ці была яна хрысьціянкай, загнаная на чужыну гвалтам, нашая першая “бабка” Рагнеда? А мо ўзьняла яна там паганскі меч на крыўдзіцеля і разбуральніка радзімы сваёй – Уладзімера? ...Мы гэтага ўжо не даведаемся. Але важным ёсьць тое, што полымя ейнага гордага і непакорнага сэрца так і ня гасьне для нас.
Ці прадчувала ейная праўнучка, юная прыгажуня-князёўна Прадслава, якія пакутныя стагодзьдзі чакаюць яе радзіму, калі ўпершыню ўвайшла яна ў храм і засталася там, каб запаліць сьвечкі і прысьвяціць жыцьцё сьвятлу асьветы і любові да роднай зямлі? Якія прадчуваньні павялі Ігуменьню Эўфрасіньню на схіле жыцьця ў далёкі сьвет, каб там і заступіцца за родную зямлю? Там, ля сьвятой Труны, “яко луча солнечная”, шчыра малілася яна да самай сьмерці і запальвала, запальвала сьвечкі...
Зь мячом Рагнеды, крыжам Прадславы...
Колькім пакаленьням нашчадкаў яны асьвяцілі шлях! Тым, што ўзьнімалі мячы змаганьня і паходні асьветы... Што ведаем мы аб іх?
Літва пала перад нашэсьцямі, калі ў ХVІІІ ст. згубіла палову насельніцтва... Тую лепшую палову -- адукаваную, мужную, змагарную.
Пала, але не здалася! У Беларусі паўстаньні ўспыхвалі кожныя трыццаць год. Як толькі вырастала новае пакаленьне... Зьнішчаны, закатаваны, павешаны. Гасьлі жыцьці іхныя, як сьсечаныя шабляй сьвечкі... Але засталіся – суправядлівасьць мечаў Тадэвуша, прамяні “Мужыцкай праўды” Кастуся!
Не пашанцавала імпэрыі з народам. І што рабіць ёй з гэткім калекам з нягнуткімі каленямі, што ня ўмее згарбаціць сьпіну пад бізун? Выдатнае вынаходства – зьнішчыць памяць, загасіць сьвечы розуму, перарабіць у чужынцаў на сваёй жа зямлі...
Што ведаем мы пра тое “паўстаньне” асьветы і адукацыі, веры і адданасьці? Пра іх – “рыцараў” беларушчыны? Ці так і застануцца яны забытымі, аблаянымі “нацдэмамі”?
Закатаваны, растраляны, выгнаны з радзімы... Але застанецца сьвятло іхнае веры ў аддраджэньне. Яны дойдуць да нас – іхныя мары-надзеі, іхныя малітвы, іхныя запаветы:
“Вашы сьвечкі запалены, і вы становіцеся апосталамі беларускае справы. Цяпер, як ясныя зоркі, разыдзецеся вы па сьвеце, каб панесьці з сабою вялікую радасьць аб уваскрэсеньні Беларусі. Вы скажаце народу беларускаму, што айчына яго ўваскросла, што ўжо разьбіта дамавіна яго і далёка адкінуты камень ад гроба яго. Вы скажаце яму, што Беларусь жыла, жыве і жыць будзе і што недалёка ўжо Абяцаная Зямля яе. А калі знойдзецца Фама няверны, што ўсумніцца ў праўдзе слоў вашых, дык скажыце яму, што вы самі бачылі яе, сваю Маці-Беларусь, і ўкладалі пальцы свае ў раны яе. А калі і гэта не паможа, то адыдзецеся ад яго прэч, а пасьпяшайцеся туды, дзе чакаюць вас, дзе слова ваша ня будзе голасам, гукаючым у пушчы. Але бойцеся, каб не пагасла сьвечка ваша, бо ня раз бура захопіць вас у дарозе, і не адну навальніцу давядзецца перажыць вам у часе свае падарожы. Пільнуйце і бойцеся, каб не пагасла сьвечка замілаваньня вашага да свае многапакутнае Маці-Беларусі. Пільна сачэце за сабою і не забывайце падліваць алею ў сьвяцільні вашы, каб было з чым сустрэць яе, сваю Белую Русь, калі яна прыйдзе судзіць нас ва ўсёй славе сваёй.”*
“Можна любіць без памяці жанчыну, але ж не радзіму”.
...Прачнуцца па другой палове жыцця, калі сэрца ўжо стомлена “радасьцямі” сацыялізму, а галава паўнютка сядых валос, пачаць цярпліва сашкрабаць з памяці павуціньне дурнотных сноў... Зразумець сябе “ашуканым пакаленьнем”, народжаным пад асфальтам бяспамяцтва, у цемры хлусьні. ...Апынуцца на чужыне і ўжо тут пачуць – з вуснаў самага сьветлага, сьвятога і чалавечнага, нашага дарагога “дзядулі” Ўладыкі – Мітрапаліта Мікалая -- апошні ягоны запавет: “Мы молімся за нашую сьвятую Беларусь. Нашую – таму, што мы любім яе, дзе б ні былі. Сьвятую – таму, што яна пакутуе”.
Там, за акіянам, мая расьпятая радзіма. Што магу я пасьпець зрабіць для цябе?..
Царква і вера мая – Беларусь! Я пастрыгаю сябе ў манахіні твае і запальваю сьвечы праўды тваёй...
Але што там побач, чуеце?.. Маленькі, маладзенькі расток-галасок сілай прагі сьвятла прабівае глухату асфальта:
“Дзякуй, што прынялі. Дзякуй, што дазволілі далучыць у вашу гармонію галасоў і свой слабенькі і нявопытны. Запыталіся мяне сёньня – ці баюся я? Казала, што не. Але ня так гэта! Баюся! Яшчэ як! Баюся, што як падарылі, так і адбярэце маё шчасьце!”**
Ці вы ня бачыце, колькі іх – расткоў-галаскоў?.. Хутка тут будзе гай!
Але нічога ня бойцеся, юныя сябры. Шчасьце адабраць немагчыма, бо шчасьце – гэта тое, што аддаеш сам.
Расьціце, мацнейце і сьмела ідзіце... І толькі сьвечкі, толькі сьвечкі запаліце...
__________________________________
* Прамова Язэпа Лёсіка да выпускнікоў курсаў беларусаведы ў 1922 г. у Менску.
З кнігі: Яўхім Кіпель. Эпізоды., Нью Ёрк, Выдавецтва газэты “Беларус”,1998, с.74.
** Зь дзёньніка дзяўчыны Волі, старонкі якога былі апублікаваныя ў газеце “Беларускае слова”, №2.
Таронта,
ліпень, 2002 г.
Ідэя гэтага артыкула ўзьнікла пасьля прачытаньня старонак дзёньніка дзяўчыны Вольгі Яноўскай, што былі апублікаваныя ў газеце “Беларускае слова”, №2. Я паабяцала тады ёй адказаць праз газету. Акрамя таго, мне вельмі хацелася абнародаваць прамову Я.Лёсіка, якую я знайшла ў бібліятэцы ЗБК.
“Беларускае слова”№3
Лістапад, 2002.
.
.